Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПАТРАБУЕ ЧЭСКАЙ ВІЗЫ І ПАГРАЖАЕ ЧЭХІІ


Валер Каліноўскі, Менск

Упершыню за паўмесяца канфліктнай сытуацыі вакол чэскай візы Аляксандар Лукашэнка выказаўся на гэтую тэму самастойна, прычым вельмі эмацыйна. Зрабіў ён гэта ў Лунінцы падчас адкрыцьця газаправоду.

Калі беларуская дэлегацыя не атрымае чэскае візы, заявіў Аляксандар Лукашэнка — гэта будзе “абсурд і нонсэнс”. Пры гэтым ён паабяцаў, што “беларускі бок на гэта адрэагуе неадкладна і адэкватна, прычым самым жорсткім чынам, і ўсе пазыцыі чэхаў у Беларусі будуць страчаныя назаўсёды, ці прынамсі на доўгі час, калі Чэхія так зробіць пад ціскам амэрыканцаў”.

Аляксандар Лукашэнка выказаўся, што эўрапейцы “самі прыйдуць, ня проста прыйдуць, а прыпаўзуць і будуць прасіць у Беларусі дапамогі і супрацоўніцтва ў барацьбе з абаротам наркотыкаў і нелегальнай міграцыяй”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для таго, каб паехаць на саміт NATO ў Прагу, ніякага запрашэньня ці дазволу з боку ЗША яму ня трэба. Апошнюю заяву прадстаўнікоў амэрыканскай адміністрацыі аб тым, што ён на саміце непажаданы, на ягоную думку, інсьпіравала беларуская апазыцыя.

Пры гэтым Лукашэнка так і не пацьвердзіў сваіх намераў асабіста ўзначаліць беларускую дэлегацыю на праскім саміце, але нагадаў, што ён па-ранейшаму “катэгарычна супраць пашырэньня NATO на Ўсход.” Зусім нечакана пры гэтым А.Лукашэнка заклікаў да падтрымкі Расею, паведаміўшы, што раней ён зь Ельцыным і Пуціным узгоднена выступалі адносна праблемы пашырэньня NATO на Ўсход, а цяпер яго кінулі сам-насам з гэтай праблемай.

А.Лукашэнка заклікаў Расею заняць “жорсткую прынцыповую пазыцыю” ў справе падтрымкі саюзнай ёй дзяржавы і яе лідэра. Пры гэтым ён жорстка крытыкаваў і саму Расею за тое, што яна прайграла перамовы з Эўразьвязам наконт Калініградзкага анкляву і ня хоча клапаціцца пра чачэнцаў, якіх не прапускаюць у Эўропу польскія памежнікі.

Якія магчымыя санкцыі супраць Чэхіі і NATO ў цэлым, калі А.Лукашэнка не атрымае візы на саміт, магчыма, мы даведаемся ўжо заўтра, падчас прэсавай канфэрэнцыі міністра замежных справаў Беларусі Міхаіла Хвастова.

Апазыцыйныя палітыкі лічаць падобныя пагрозы зь беларускага боку неадэкватнымі яе цяперашняму стану і міжнароднаму аўтарытэту. Гаворыць намесьнік кіраўніка АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Заходнія краіны ня могуць спалохацца Беларусі, таму што, на жаль, нашая краіна ня толькі цяпер неўплывовая ў сьвеце, але дзякуючы неабдуманным і часта правакацыйным дзеяньням цяперашняга кіраўніцтва проста сябе скампрамэтавала. І не карыстаецца ні павагай, ні падтрымкай у сьвеце.

Фактычна можна канстатаваць, што Беларусь заведзеная ў тупік у міжнародных адносінах, і нават у адносінах з Расеяй, таму зараз нечага патрабаваць ад Расеі вельмі сьмешна. Лукашэнка ня можа палепшыць адносіны з Расеяй зараз па вельмі простых пытаньнях. Ня кажучы ўжо пра тое, што можа быць падтрымка Расеі на міжнароднай арэне”.

Аляксандар Дабравольскі лічыць, што ўсе гэтыя пагрозы спадара Лукашэнкі несур’ёзныя. На ягоную думку, заходнія краіны занялі прынцыповую пазыцыю. Адзіная складанасьць сытуацыі для Чэхіі, што ёй неахвота псаваць адносіны зь Беларусьсю як краінай і яе народам. Аднак у прыніжальнае становішча Беларусь паставіў перш за ўсё яе кіраўнік, — упэўнены А.Дабравольскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG