Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭРНСТ САБІЛА: “КАЛІ НАВАТ НІКОГА НЯ БУДЗЕ, Я БУДУ МАЛІЦЦА ПА-БЕЛАРУСКУ”


Севярын Квяткоўскі, Менск–Асіповічы

Чалавек веры: веры ў Бога і веры ў Беларушчыну — Эрнст Сабіла. Ён паверыў у Бога маленькім хлопчыкам, калі з партызанскага атраду бегаў у адчыненую пры акупацыі адзіную ў ваколіцы царкву — пратэстанцкую. Усьвядомленая вера зьявілася ў 1950-х, калі “палітзэк” Сабіла ўцякаў праз паркан сталінскага канцлягеру, а зусім побач ад скроняў вішчэлі кулі з вышкі аховы: ніводная куля не кранула вязьня. Яшчэ адзін цуд здарыўся на пачатку 1990-х, калі прасьвітар Беларускай Эвангельскай Царквы пастар Эрнст Сабіла пачаў будаўніцтва храму ў Асіповічах — вада адышла з балота, на якім сёньня ўзвышаюцца сьцены будынку.

(Навіцкая: ) “Што я магу сказаць па Сабілу, гэта дзеяньні без рэгістрацыі. І распаўсюд літаратуры, і друкаваньне ў газэце: на багаслужэбныя зборы ён склікаў. Тым больш у цэнтральных рэспубліканскіх газэтах. Гэта прапаганда, уласна кажучы, гвалту над чалавекам — у нас свабода веравызнаньняў”, — перакананая супрацоўніца аддзелу, што займаецца рэлігійнымі справамі, Асіповіцкага райвыканкаму Лідзія Навіцкая.

Ці не зь дзяцінства Эрнст Сабіла дзейнічае без рэгістрацыі й выклікае абурэньне ўладаў.

(Навіцкая: ) “Ён гэтым займаўся на працягу многіх гадоў. Зусім непавага да ўлады”.

Яшчэ дзесяцігадовым хлопчыкам Сабіла дзейнічае зь непавагай да існай на той час улады — крадзе ў паліцыянтаў наган, каб узброеным пайсьці ў партызаны. А ў 1949 годзе школьнік Сабіла патрапляе на кручок да НКВД: за верш пра паўстаньне Каліноўскага:

Тады на Бацькаўшчыне вольныя палі
Былі заліты чорнай рускай кроўю,
І ўцякалі зь Беларусі маскалі
Туды, адкуль прыйшлі — пад брудную Маскоўю.

У 1951 годзе Эрнсту далі паступіць у мэдычны інстытут, і адразу забралі ў менскую “амэрыканку”: артыкул 72-б “антысавецкая агітацыя на падставе рэлігійных і нацыянальных забабонаў”.

Праз трынаццаць гадоў Эрнст Сабіла выйшаў з ГУЛАГу шчырым вернікам-эвангелістам. Ён кажа, што адно памяняў рэжымы зонаў.

(Сабіла: ) “Чаму сягоньня аж стогнуць: “Нам было пры камуністах добра жыць!” Чаму? Таму што тут былі суцэльныя сэксоты. І цяпер людзям страшна, каб наступіла сапраўдная дэмакратыя, і каб увесь матэрыял пайшоў вонкі”.

Па вызваленьні з ГУЛАГу ад 1970-х Эрнст Сабіла актыўна ўдзельнічаў ў беларускім эвангельскім жыцьці, абцяжараным пільнаваньнем КГБ, які пэрыядычна ладзіў аблавы на баптыстаў. Нягледзячы на перашкоды спэцслужбаў, Эрнст здолеў скончыць вечаровае аддзяленьне Менскага інстытуту замежных моваў. У канцы 1980-х Сабіла быў рукапакладзены на пастара ў Асіповічах.

Цяпер асіповіцкія ўлады вінавацяць пастара за гвалт над асобай, маўляў навязвае людзям свае погляды. За такую дзейнасьць сёньня ў турму не саджаюць. Але Эрнст Сабіла ня можа казаць пра ўсе акалічнасьці мінулага й сучаснасьці праз мэдыі, бо сьцеражэцца, каб не прыйшлі бульдозэры ды не зруйнавалі плён доўгай карпатлівай працы — малельны дом.

Пастара Эрнста Сабілу я засьпеў на месцы будоўлі. Яму дапамагалі два чалавекі: яго духоўны сын Аляксей і галоўны рэдактар газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч. Нашае першае пытаньне да спадара Сабілы:

(Карэспандэнт: ) “Што вы зараз робіце?”

(Сабіла: ) “Вось бэтонам займаемся. Мяшаем бэтон, падымаем на сьцены. Звычайная будаўнічая бэтонная работа”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Маркевіч нармальны падсобнік?”

(Сабіла: ) “Ён ня тое што нармальны, а вельмі добра працуе. Каб Лукашэнка асудзіў яго раней трошкі, то можа дах быў бы тут у нас (сьмяюцца)”.

Увесну пастару Сабілу споўнілася 70 гадоў. Апошніх дзесяць гадоў гэты чалавек амаль кожны дзень ад ранку да вечара робіць мноства фізычнае працы на будоўлі. Часу не хапае нават на гарод, хіба толькі газэты прагледзець. Пра Эрнста Сабілу кажа Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Вы, відаць, зьвярнулі ўвагу, які ў яго магутны размах плячэй. Якія ў яго маладыя, моцныя, вялікія рукі. Вы, відаць, пабачылі з-пад гэтых броваў, нечакана для ягонага ўзросту гэтыя маладыя дапытлівыя вочы”.

Проста, нават сьціпла апрануты, гэты чалавек вылучаецца з натоўпу, які рушыць у электрычцы Менск–Асіповічы і назад. Вылучаецца годнай паставай і мэтанакіраваным паглядам. Маючы жытло й сям’ю ў Менску, Эрнст Сабіла большасьць часу праводзіць у Асіповічах па адрасе вуліца Ленінская, 40, дзе ўжо відаць сьцены двухпавярховага будынку бяз даху, але з абсталяваным першым паверхам, дзе ладзяцца маленьні.

(Сабіла: ) “Даецца цяжка. Практычна, я пагрузіўся ў гэтую фізычную цяжкую працу. Спонсараў няма, сродкаў няма, дык даводзіцца кожную капейчыну эканоміць. Сам бяру лапату, дый мяшаю, дый кідаю, дый цягаю. Закапаўся ў гэтым катлаване, у гэтай будоўлі, дык ніяк не магу разагнуцца”.

У сучасным грамадзтве нэапратэстанты ўяўляюцца заможнымі людзьмі. Эрнст Сабіла жыве зь невялікай пэнсіі і сьціплай дапамогі людзей — звычайна не грашыма, а будматэрыяламі й працай. Пастар Сабіла кажа, што ня мае ніякае падтрымкі ад заможных эвангельскіх цэркваў замежжа. Тлумачыць гэта тым, што на Захадзе няма ўласна беларускіх пратэстанцкіх цэркваў. Дый займацца пошукам спонсараў Сабілу няёмка: маўляў, усё ад Бога, ад малітвы падтрымка прыходзіць.

Сталы памочнік толькі адзін — 26-гадовы выпускнік факультэту прыкладное матэматыкі БДУ Аляксей. Вось словы Аляксея пра свайго духоўнага бацьку:

(Аляксей: ) “Гэта вельмі стары дуб, які моцна ўросься ў Беларусь. Для мяне гэта вельмі непарушнае такое. Канеxне, ён ужо немалады, але досыць крэпкі. Гэтаму чалавеку ёсьць што сказаць, ёсьць што перадаць камусьці. Толькі, на жаль, я гляджу, гэта нікому не патрэбна. А гэта вельмі трэба! Добры прыклад чалавеку ў жыцьці часам бывае больш патрэбны, чым ежа. Для нашай Беларусі патрэбныя правільныя арыенціры, выхавацелі, маякі. Адзін зь іх — Сабіла”.

Асіповіцкая грамада Беларускае Эвангельскае Царквы не вялікая. Дык навошта столькі высілкаў аддаваць на пабудову вялікага будынку?

(Сабіла: ) “Мая мара такая, каб усё ж тут неяк аб’яднаць дэмакратычны рух і даць прытулак. Палову гэтага дома можна было б ахвяраваць для беларускіх культурніцкіх грамадзкіх мэтаў. Каб тут можна было зьбірацца. Напрыклад, тут можна было б зрабіць нацыянальную бібліятэку, чытальную залю… Трэба неяк сябраваць, а то як тыя пацукі паразьбіваліся па кутках. Пакуль хтосьці вяроўкай не зьвядзе, дык мы й ня сыдземся разам”.

Штодня Эрнст Сабіла моліцца за беларусаў: і за ворагаў беларушчыны, і за людзей, якія імкнуцца зрабіць краіну беларускай і дэмакратычнай.

(Сабіла: ) “Гэта мой рух, сэрцам я там, гэта мае дзеці”.

На пачатку 1990-х Эрнст Сабіла ачольваў Хрысьціянска-дэмакратычны Саюз Беларусі, асьвячаў Першы і Другі зьезды БНФ, браў актыўны удзел у дэмакратычным руху. Чаму цяпер пастар амаль ня ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці? Вось жа, я пазнаёміўся з актывістам дэмакратычнага руху Асіповіччыны Альбэртам Яўменавым, які дапамагаў Эрнсту Сабілу:

(Яўменаў: ) “Працую сёньня першы раз. Даведаўся, што такі цудоўны чалавек ёсьць і ўжо амаль дзесяць гадоў працуе тут у Асіповічах, а мы й ня ведалі, што ён такі ёсьць”.

Найперш малітва, па-другое ўласны чын, а ўжо па-трэцяе тое, што завецца publicity, перакананы Эрнст Сабіла. Зрэшты, пастар прызнаецца, што спадзяваўся, што ягоная ініцыятыва знойдзе водгук, і пабудова Дому завершыцца досыць хутка. І тады грамадзкае жыцьцё арганічна спалучыцца з духоўным. Але толькі зусім нядаўна Бог пачуў малітвы сівога пастара.

(Сабіла: ) “Быў тут шэраг дырэктараў, якія дапамагалі. Я абыходжу іхныя імёны, абыходжу назвы: сёньня яшчэ гэта не патрэбна. Бо я заўважыў, што тыя дырэктары, якія мне дапамагалі, яны ўжо не дырэктары”.

Але цяпер зьявіліся працоўныя рукі Яўменава і Маркевіча. Мікола Маркевіч паабяцаў дапамагчы замовіць праект пабудовы Дома, які цяпер робіцца бяз пляну, на вока — прыдаўся лягерны досьвед, калі ў мардоўскіх лясах Сабіла быў вымушаны займець шматлікія будаўнічыя спэцыяльнасьці.

Расповед пра будоўлю Эрнст Сабіла заўжды пачнае з гісторыі пра цуд:

(Сабіла: ) “Кругом будоўлі — вада. А тут мы выкапалі пасьля сьлёзнай малітвы, па сёньняшні дзень вы глядзіце ўніз: пяць мэтраў глыбіня — няма вады. Гэта ня тое што нейкая фантазія, гэта тое, што можна пабачыць сваімі вачыма”.

Засмучэньне пастара выклікае кан’юнктурнасьць некаторых ягоных нешматлікіх адзінаверцаў-беларусаў, якія гатовыя паступіцца беларускай мовай дзеля павелічэньня колькасьці прыхаджанаў:

(Сабіла: ) “Калі нават нікога ня будзе, я буду маліцца па-беларуску. Беларушчына для мяне — гэта жыцьцё. Гэта не прафэсія, не гульня, гэта маё жыцьцё! Я памру гэткім”.

У Менску Сабілы маюць добрую сучасную кватэру. Але ўмовы існаваньня ў Асіповічах нагадваюць ГУЛАГаўскія: маленькая цесная хібарка ды печка-буржуйка. Гаспадар патлумачыў, што папярэдняе прыстойнае жытло спалілі колькі гадоў таму. Эрнст Сабіла не марнуе сілы на аднаўленьне драўлянае хаты. Ён перакананы ў вялікай верагоднасьці паўторнага падпалу. Пастар ведае, хто з суседзяў да яго кепска ставіцца. Ён гэта адчувае. Але адкрыта варожасьці ніхто не выяўляе. Зрэшты, большасьць жыхароў ваколіцаў глядзіць на дзіўнага суседа-верніка абыякава:

(Сусед: ) “Проста па суседзтве жывем і не перашкаджаем ні па плоце, ні па агародзе. Сяброўства якое, проста павіталіся зранку “добры дзень”, “да пабачэньня”, і ўсё”.

Едучы ў Менск, Эрнст Сабіла пакідае асіповіцкія турботы. Ён думае пра сям’ю: жонку Ганну і дачку Галінку. Эрнст позна завёў сям’ю: спачатку перашкодзілі сталінскія канцлягеры, а пасьля цкаваньне спэцслужбаў. Як нараджаць дзяцей, калі ў кожнае імгненьне можаш апынуцца за кратамі?! Ужо ў часе перабудовы ва ўзросьце 56 гадоў пастар вырашыў стварыць сям’ю. Побач з 13-гадовай дачкой яго часьцяком называюць дзядулем. Ці не выклікае сытуацыя псыхалягічны дыскамфорт у дзяўчынкі? Размаўляем у электрычцы Асіповічы–Менск:

(Сабіла: ) “На дзіва, у яе праблемы няма. Яна ведае біблейскія прыклады. Ну вось, Абрагам — у сто гадоў Ісака нарадзіў. Яна ў нас веруючае дзіцё, яна не саромеецца ніколькі, што ў яе бацька-дзед: “Не дзядуля, а тата”. Я так люблю сваё дзіцё! Цяпер я еду, я думаю пра дзіцё”.

Галінка ходзіць у беларускамоўную клясу. Калі ў клясе ладзілі міні-рэфэрэндум за перавод навучаньня на расейскую мову, голас Галінкі стаўся вырашальным за беларушчыну.
XS
SM
MD
LG