Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ АДНАВІЛА ПРАВЕРКУ ІНТЭРНЭТ-ГАЗЭТЫ “ПАГОНЯ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Чацьвёра журналістаў давалі паказаньні ў якасьці сьведак. 6 лістапада праверка закончылася, але пракуратура вярнула матэрыялы назад у Ленінскі райаддзел міліцыі Горадні.

Год таму 12 лістапада Вышэйшы гаспадарчы суд спыніў існаваньне газэты “Пагоня”. Сёньня з гэтай нагоды гарадзенскія журналісты вырашылі сабрацца ў памяшканьні рэдакцыі. Прыехаў і сам галоўны рэдактар “Пагоні” Мікола Маркевіч з Асіповічаў, дзе адбывае пакараньне на гэтак званай “хіміі”.

(Маркевіч: ) “З вышыні гэтых 12 месяцаў бачыцца, што закрыцьцё “Пагоні” было спускавым кручком для рэпрэсіяў, якія неўзабаве абрынуліся на ўвесь непадкантрольны Лукашэнку друк”.

Першымі пацярпелі самі журналісты “Пагоні”. Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку пакаралі абмежаваньнем свабоды. Нібыта за паклёп на прэзыдэнта. Сёньня ім дапамагае падтрымка прыхільнікаў.

(Маркевіч: ) “Я сёньня магу сьцьвердзіць, што чалавечая салідарнасьць, журналісцкая салідарнасьць — гэта не пусты гук. Дзякуючы калегам, сябрам-журналістам, мы ня толькі з гонарам і годнасьцю нясем сваё імя праз гэтыя цяжкія выпрабаваньні, аднак мы маем магчымасьць займацца журналістыкай, мы маем магчымасьць данесьці свой пункт гледжаньня да людзей”.

Маркевіч гаворыць, што яму дапамагае трываць штотыднёвая магчымасьць расказаць у эфіры Радыё Свабода пра сваё цяперашняе жыцьцё. І тое, што яго слухае мноства неабыякавых людзей.
XS
SM
MD
LG