Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА 100 ЧАЧЭНЦАЎ, ЯКІХ НЕ ПУСЬЦІЛІ Ў ПОЛЬШЧУ ПОЛЬСКІЯ ПАМЕЖНІКІ, ЗЬЕХАЛІ ЗЬ БЕРАСЬЦЯ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У невядомым кірунку зьніклі зь берасьцейскага чыгуначнага вакзалу больш за сто чачэнцаў, у асноўным жанчын і дзяцей, якія спрабавалі па расейскіх пашпартах зьехаць у Польшчу, але былі зьнятыя польскімі памежнікамі зь цягніка. Начальнік вакзалу Аляксей Кокатаў распавёў Радыё Свабода ўсё, што ведаў пра чачэнцаў, пра якіх учора ён даведаўся з рэпартажу беларускага тэлебачаньня.

(Кокатаў: ) “Я прыйшоў сёньня на працу і адмыслова прайшоўся па вакзале — нідзе ніякіх чачэнцаў няма. На лаўках ці дзе яшчэ — няма. І дзе яны зараз, ня ведаю. Магчыма, у гатэлі, ці па дамах дзе жывуць, мне невядома. А ўвогуле мы квіткі прадамо каму заўгодна і асабіста да чачэнцаў, якія праз нас едуць у Польшчу, у чыгункі ніякіх прэтэнзіяў няма”.

Генэральны консул Польшчы ў Берасьці Рамуальд Кунат таксама пра праблему з чачэнцамі даведаўся выключна зь Беларускага тэлебачаньня. Ён сьцьвярджае, што ў кансуляце няма зьвестак пра тое, што чачэнцам забаранілі ўезд у Польшчу.

(Кунат: ) “Да гэтага часу мы ні зь якімі просьбамі пра візы, ні зь якімі скаргамі не сутыкаліся, да нас ніхто не зьвяртаўся. Нам дзіўна, чаму журналісты пра гэта кажуць, а да нас ніхто з пакрыўджаных чачэнцаў не прыйшоў. Магу запэўніць, што закон у Польшчы не зьмяніўся, і той, хто меў права ехаць у Польшчу паводле адпаведных дакумэнтаў, той і едзе. Нічога не зьмянілася”.

Між тым, паводле дасьведчаных крыніцаў, чачэнцы хоць і зьехалі зь берасьцейскага вакзалу, але не пакінулі межаў Беларусі і не адмовіліся ад сваіх намераў адносна Польшчы. Чачэнец Ахмет, бацька шасьці дзяцей, які таксама прыехаў у Беларусь з мэтай паспрабаваць прабрацца на Захад, кажа, што галоўнае ў гэтым пытаньні — грошы.

(Ахмет: ) “Некаторыя пэўны час хаваюцца недзе побач з мяжой і зьяжджаюць дадому толькі ў скрайнім выпадку, калі ўжо няма грошай на праезд у Эўропу. А астатнія хутчэй за ўсё будуць жыць тут і чакаць, калі сыдзе гэтая антычачэнская хваля, каб паўтарыць спробу зьехаць за мяжу”, — лічыць Ахмет.

Паводле яго, чачэнцы апасаюцца зачыстак і ня вераць, што беларускія міліцыянты абыдуцца зь імі паводле закону — дадуць магчымасьць тры дні прабыць на вакзале без адзнакі ў пашпарце. Ахмет перакананы, што яны баяцца прымусовай дэпартацыі і таму хутчэй за ўсё разьедуцца па хатах знаёмых. Ахмет ведае, што ва ўсіх буйных беларускіх гарадах чачэнцу ёсьць дзе прытуліцца, бо ў іх дапамога супляменьнікам — сьвятая рэч. Што да вяртаньня чачэнцаў дадому, то, паводле Ахмета, гэта выключана, пакуль у Чачэніі ідзе вайна.

(Ахмет: ) “Кожны дзень бачыць параненых, забітых, бачыць кроў — з гэтай прычыны яны бягуць, а не таму, што недзе жыцьцё багацейшае. Але ў Расеі нам таксама месца няма, нас паўсюль перасьледуюць, і таму нашыя людзі імкнуцца ў Эўропу праз Польшчу”.
XS
SM
MD
LG