Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РАСЕЙСКАЙ ДЗЯРЖДУМЕ АДБЫЛІСЯ СЛУХАНЬНІ Ў СПРАВЕ РАСЕЙСКА-БЕЛАРУСКІХ ДАЧЫНЕНЬНЯЎ


Валер Карбалевіч, Масква

Агульнай для расейскіх удзельнікаў слуханьняў была думка аб тым, што сёньняшнія інтэграцыйныя працэсы не задавальняюць нікога ў Расеі – ні правых, ні левых. Большасьць выступоўцаў гаварыла пра Лукашэнку як пра адну з галоўных праблемаў беларуска-расейскай інтэграцыі. Толькі камуністы спрабавалі абараняць Лукашэнку, кажучы, што нельга звадзіць усе праблемы інтэграцыі да асобы беларускага кіраўніка.

Многа ўвагі надавалася апошняму скандалу, зьвязанаму з пастаўкамі газу Беларусі. Намесьнік старшыні праўленьня “Газпраму” Аляксандар Разанаў у сваім выступе адзначыў, што за апошнія 4 гады за кошт нізкіх цэнаў на газ Беларусь атрымала ад “Газпраму” 2 мільярды даляраў субсыдыяў. Адзначалася, што Беларусь перабірае газ, інакш кажучы, крадзе, што ў выніку прыводзіць да пэўнага недахопу газу, які атрымлівае ад Расеі Літва і Калінінградзкая вобласьць.

Барыс Нямцоў адзначыў, што негледзячы на тое, што Лукашэнка забараніў сваім міністрам прасіць пазыкі ў Расеі, учора міністар фінансаў Беларусі прасіў пазычыць у расейскага кіраўніцтва 40 мільёнаў даляраў, каб расплаціцца за газ.

Вельмі рэзкім быў выступ былога кіраўніка мытнага камітэту Расеі, а зараз дэпутата Дзярждумы ад фракцыі “Отечество” Валерыя Драганава. Свой выступ ён назваў так: “Лукашенко бесчинствует на постсоветском пространстве”. Спасылаючыся на ўласны досьвед працы на чале Мытнага камітэту, ён гаварыў аб тым, што Лукашэнка выкарыстоўвае інтэграцыю для перакачкі грошай з расейскага бюджэту ў свой прэзыдэнкі бюджэт.

Расейскі палітоляг Сяргей Маркаў у сваім выступе казаў, што трэба зрабіць незваротныя крокі да аб’яднаньня, пасьля якіх ні Лукашэнка, ні хто іншы ня зможа павернуць назад. Такімі незваротнымі крокамі, на ягоную думку, могуць быць увядзеньне адзінай валюты і выбары адзінага парлямэнту.

Беларускія ўдзельнікі слуханьняў у сваіх выступах распавядалі, што яны ня супраць інтэграцыйных працэсаў, што беларуская эканоміка перажывае зараз моцны крызыс, што дэмакратызацыя Беларусі – гэта неабходная ўмова інтэграцыі, таму што зараз Расея інтэгруецца не зь Беларусьсю, а з Лукашэнкам.

Ад імя Саюзу правых сілаў была падрыхтаваная рэзалюцыя, аднак яна не прымалася.

Агульная выснова, якая была зробленая: патрэбная больш інтэнсіўная камунікацыя паміж рознымі палітычнымі і грамадзкімі сіламі Расеі і Беларусі, каб адносіны паміж краінамі ня мог манапалізаваць адзін Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG