Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗЯНЕ БЕЛАРУСІ КАЖУЦЬ, ШТО НА САМІЦЕ NATO ЛУКАШЭНКУ НЯМА ЧАГО РАБІЦЬ


Галіна Абакунчык, Менск

Толькі адзінкі з апытаных сёньня мінакоў нічога ня ведалі пра саміт NATO і магчымы ўдзел у ім дэлегацыі Беларусі. І значная частка сярод іх мяркуе, што чэскі ўрад мусіць даць Лукашэнку такую магчымасьць.

(Спадар: ) “Гэта будзе вельмі добра, калі выдадуць візу, бо мы павінныя браць удзел у міжнародных справах такога ўзроўню”.

(Спадар: ) “Беларусі трэба прарывацца ў Эўропу, і бяз гэтага мы ніяк ня зможам. Таму кіраўніку нашай дзяржавы трэба, каб ён там быў”.

(Спадарыня: ) “На гэты момант ён рэпрэзэнтуе нашую краіну, і таму ён павінны там быць. Там будуць вырашацца важныя пытаньні й бяз нашага ўдзелу нельга вырашаць іх”.

(Спадар: ) “Гэта ўвогуле парушэньне правоў, калі любому грамадзяніну нашай краіны ня будуць выдаваць візы куды патрэбна”.

(Спадар: ) “Я ня думаю, што ён зрабіў нешта дрэннае для Чэхіі, каб яго туды не пускаць”.

(Спадарыня: ) “Ці трэба яму туды ехаць і ці выдаваць візу? Напэўна трэба выдаць візу. Няхай на яго яшчэ паглядзяць людзі. Ня толькі мы”.

Многія мінакі сваё стаўленьне да кіраўніка краіны й ягонага палітычнага іміджу перад уключаным мікрафонам выказваць адмаўляліся. А некаторыя пра магчымую паездку Лукашэнкі ў Прагу не маглі сказаць нічога пэўнага.

(Спадар: ) “Не гляджу тэлевізію й навіны нашыя беларускія, таму й ня ведаю, як адказаць”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, але кожная краіна й кожны народ маюць права выбіраць, каго яму бачыць на сваёй тэрыторыі”.

(Спадар: ) “Ня ведаю, гэта праблема толькі Лукашэнкі. Мяне гэта не датычыць”.

(Спадарыня: ) “Я не магу сказаць. Павінныя выдаць, калі яго бязь візы не пускаюць”.

(Спадар: ) “Яны павінныя самі вырашаць. Як вырашаць, так і вырашаць, а я ня ведаю”.

(Спадар: ) “Гэта справа чэскіх уладаў — выдаць візу альбо не. Але прымаць нашага прэзыдэнта — гэта значыць паказаць, што яны падтрымліваюць ягоны рэжым. А які рэжым — самі ведаеце”.

Таксама значная частка маіх сёньняшніх суразмоўцаў застаюцца перакананымі, што ўрад Чэхіі ня мусіць выдаваць Лукашэнку візу, й што на праскім саміце NATO кіраўніку Беларусі няма чаго рабіць.

(Спадар: ) “Я лічу, што не павінныя выдаваць, бо Лукашэнка не працягвае візу для дэлегацыі АБСЭ ў Беларусі. Ён сам настроіў сьвет супраць Беларусі. Таму я лічу, што яму там няма чаго рабіць”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што Беларусі там месца няма. Нам з газам трэба разьбірацца”.

(Спадар: ) “Не. Я лічу, што сваёй палітыкай да заходніх краінаў Лукашэнка не дае падставаў, каб там прысутнічаць”.

(Спадарыня: ) “Для нашай краіны было б вельмі прэстыжна, каб ён атрымаў гэтую візу. Але праблема ў тым, што асоба Лукашэнкі, відаць, не адпавядае таму іміджу, які прадстаўнікі замежных дзяржаваў хацелі б бачыць у нашым кіраўніку. Шкада, што гэта так. Таму, што было б вельмі дарэчы, каб Беларусь была рэпрэзэнтаваная ў гэтых прадстаўнічых арганізацыях. І каб з намі лічыліся”.
XS
SM
MD
LG