Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ НАЗІРАЛЬНІКІ НА МУНІЦЫПАЛЬНЫХ ВЫБАРАХ У ПОЛЬШЧЫ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

(Карэспандэнт: ) “Спадар Малашка, як замежны назіральнік, што вы скажаце пра ўзровень дэмакратычнасьці польскіх муніцыпальных выбараў?”

(Малашка: ) “Я адзначу, што кампанія была даволі эўрапейская, цывілізаваная, карэктная. Наколькі я ведаю, брудныя мэтады не выкарыстоўваліся. Можа калі праціўнікі і спрабавалі ўжываць “чорны піар”, але у большасьці выбары былі карэктныя”.

(Карэспандэнт: ) “У Беларусі вынікі выбараў нярэдка залежаць ад выбарчай камісіі. Як фармуюцца камісіі ў Польшчы і ці магчымыя пры гэтым фальсыфікацыі?”

(Малашка: ) “У іх камісіі фармуюцца цікава – праз лятэрэю. Калі, напрыклад, ёсьць 11 месцаў у камісіі, а падалі заяўкі 18 арганізацыяў, дык робіцца лятэрэя. Больш таго, тыя, хтоня трапілі ў камісію, маюць пэўны мандат назіральніка. Так што працэнт магчымасьці фальсыфікацыі зьніжаецца значна”.

(Карэспандэнт: ) “А што Вас найбольш уразіла ў польскіх выбарах?”

(Малашка: ) “Мяне ўразіла карэктнасьць у дачыненьні да апанэнтаў. У нас у часе выбараў могуць казаць, што гэты – злодзей, паліцай, а гэты – агент НКВД, што калісьці мардаваў у турмах людзей. У іх гэтага няма. Ёсьць спрэчкі, вострыя моманты, але ж ёсьць узаемная павага. Думаю, гэта тое, чаго не хапае на выбарах у Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Малашка, вы напэўна распавядалі сваім польскім калегам пра беларускія выбары. Што іх зацікавіла?”

(Малашка: ) “Калі я сказаў, што ў нас ёсьць папярэдняе галасаваньне, яны кажуць – гэта добра. Але калі я сказаў, што ў нас могуць спыніць завод і павезьці ўсіх на галасаваньне, каб зрабіць пэўны вынік... Дык яны кажуць, што ва ўмовах жорсткага рэжыму гэта дрэнна, а там, дзе дэмакратычная сістэма – гэта добрая практыка”.

(Карэспандэнт: ) “Ці плянуеце вы выкарыстоўваць напрацоўкі вашых польскіх калегаў у часе выбараў у мясцовыя саветы ў Беларусі?”

(Малашка: ) “Я думаю, будзем выкарыстоўваць. Іншая справа, што ў нас бюджэт будзе значна меншы. У іх фонды выбарчыя дазваляюць рабіць вялізныя плякаты на вуліцах, добрую паліграфію. У нас гэтага ня будзе, хіба што кандыдаты ад улады будуць мець магчымасьць выкарыстоўваць сучасныя мэтады”.

(Карэспандэнт: ) “У часе будучых выбараў ці разьлічваеце Вы на маральную падтрымку Саюзу левых дэмакртатаў Польшчы?”

(Малашка: ) “Так, ня толькі на маральную. Думаю, што будзе вельмі карысна, калі польскія левыя накіруюць на выбары некалькі сотняў назіральнікаў на нашыя ўчасткі. Усё ж такі камісіі ня так актыўна фальсыфікуюць вынікі, калі ёсьць назіральнікі, а тым больш з-за мяжы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG