Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 ЛІСТАПАДА ГАЗПРАМ СПЫНЯЕ ПАСТАЎКІ ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ


Юры Дракахруст, Прага

Заявы кіраўнікоў беларускага і расейскага ўрадаў па выніках перамоваў гучалі досыць супярэчліва. Абодва яны сьцьвявярджалі, што газывы крызыс у двухбаковых адносінах вырашаны. Але як?

Міхаіл Касьянаў заявіў, што беларускі ўрад падпіша пагадненьні аб пастаўках расейскага газу да канца году з кампаніяй "Ітэра" і шэрагам іншых незалежных пастаўшчыкоў газу. Расейскі прэм’ер дадаў, што "Газпрам" свой аб'ём паставак газу ў Беларусь на гэты год вычарпаў.

Нагадаем, што пастаўкі па льготных цэнах у Беларусь быў абавязаны рабіць і рабіў толькі “Газпрам”. Тое, што кантракты на дадатковыя пастаўкі газу будуць заключацца зь незалежнымі пастаўшчыкамі, азначае, што таннага газу прынамсі да канца году ня будзе.

Кіраўнік “Ітэры” Ігар Макараў заявіў, што патрэбныя Беларусі паўтара мільярда кубамэтраў газа ў “Ітэры” ёсьць, і яна іх з задавальненьнем прадасьць Беларусі. Але цана – гэта пытаньне перамоваў.

Паводле расейскага выданьня “Время новостей”, размова ідзе пра цану 40 даляраў за тысячу кубамэтраў. “Газпрам” прадаваў па 24 даляры за тысячу кубоў.

Камэнтары прэм’ер-міністра Беларусі Навіцкага адрозьніваліся ад тлумачэньняў ягонага расейскага калегі. Генадзь Навіцкі пасьля перамоваў з Міхаілам Касьянавым заявіў, што ў найбліжэйшыя дзень-два кантракты на пастаўкі газу ў Беларусь будуць падпісаныя менавіта з “Газпрамам”, тым самым “Газпрамам”, які, паводле Касьянава, сёлета прадаваць газ Беларусі не зьбіраецца.

Сёньня ж кіраўнік прэсавай службы “Газпраму” Ігар Плотнікаў заявіў, што 12 лістапада ў 10 гадзінаў раніцы “Газпрам” спыніць пастаўкі газу ў Беларусь. Паводле Плотнікава, да гэтага часу Беларусь мусіць дасягнуць дамоўленасьці зь незалежнымі пастаўшчыкамі, інакш пастаўкі прыроднага газу ў краіну спыняцца ўвогуле.

6 лістапада Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што “Газпрам” спыніў пастаўкі, дамагаючася акцыянаваньня “Белтрансгазу”. Аднак падчас сёньняшніх перамоваў беларускі бок пагадзіўся зьняць абмежаваньні на акцыянаваньне “Белтрансгазу”. Прэм’ер-міністар Беларусі Навіцкі падкрэсьліў, што гэта было зроблена па асабістым указаньні Аляксандра Лукашэнкі. Больш за тое, як паведаміў агенцыі ІТАР-ТАСС ананімны расейскі чыноўнік, удзельнік сёньняшніх перамоваў Генадзь Навіцкі папрасіў прабачэньня ў расейцаў за эмацыйныя заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт прычынаў газавага канфлікту.

Аднак, як бачым, ані саступкі, ані прабачэньні, калі яны нават прагучалі, не зрабілі расейскую пазыцыю больш гнуткаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG