Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШЭРАГ КРАІНАЎ СЬВЕТУ АДЗНАЧАЕ ДЗЕНЬ ЗАВЯРШЭНЬНЯ ПЕРШАЙ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ВАЙНЫ


Юры Дракахруст, Прага

Шмат падзеяў 20-га стагодьдзя, у тым ліку і другая ўсясьветная вайна, здаецца, засланілі сабою першую вялікую вайну, зь якой, як гаворыцца, і пачалося сапраўднае 20-е стагодзьдзе. Упершыню ў гісторыі чалавецтва вайна стала справаю ня толькі ўладароў і войскаў, а стала татальнаю вайною нацыяў, масаў. Упершыню ў гісторыі ў вайну была ўцягнутая такая колькасьць краінаў. Упершыню ў гісторыі Эўропы далёкі кантынэнт – Амэрыка – стаў вырашальнай сілаю ў яе лёсе, пасьля выхаду з вайны Расеі менавіта ўступленьне ў яе ЗША вызначыла вынік змаганьня. Татальны характар вайны спарадзіў выбух нацыянальных пачуцьцяў, выбух нацыяналізмаў: яна прывяла да распаду дзьвюх вялікіх імпэрыяў – Аўстра-Вугорскай і Расейскай – і да стварэньня новых незалежных дзяржаваў.

Дарэчы, менавіта сёньня свой дзень незалежнасьці адзначае Польшча. 15 кастрычніка 1918 года польскія дэпутаты ў Венскім парлямэнце заявілі, што лічаць сябе за грамадзянаў польскай дзяржавы, а ў Любліне быў створаны ўрад Польскай Рэспублікі на чале з Ігнацыем Дашыньскім. Пасля таго, як 9 лістапада 1918 года ў Нямеччыне пачалася рэвалюцыя, лідэр Польскай сацыялістычнай партыі Юзэф Пілсудскі быў вызвалены з Магдэбургскай крэпасьці і ўжо 10 лістапада прыехаў у Варшаву. 11 лістапада адбылася капітуляцыя Нямеччыны, і Пілсудскі ўзяў уладу ў краіне, якая стала называцца Другою Рэччу Паспалітаю.

Новым у першай усясьветнай вайне былі і мэты, якія адстойвалі ў ёй ЗША. Амэрыка паслала сваіх салдатаў на стары кантынэнт ня дзеля тэрытарыяльных захопаў, а дзеля абароны прынцыпаў, сфармуляваных у знакамітых 14 пунктах прэзыдэнта Вудра Вільсана, у тым ліку і права нацыяў на самавызначэньне.

Іншыя падзеі 20-га стагодзьдзя засланілі першую ўсясьветную вайну, магчыма, яшчэ і таму, што адказы на выклікі часу, знойдзеныя тагачаснымі лідэрамі, аказаліся недасканалымі. Вайна, якая паклала канец усім войнам – так называлі першую ўсясьветную пасьля яе завяршэньня. Аднак не прайшло і 20 гадоў, як вэрсальскі пасьляваенны парадак абрынуўся і сьвет быў уцягнуты ў вайну яшчэ больш жахлівую і яшчэ больш татальную.

Досьвед першай усясьветнай вайны сьведчыць пра тое, што гісторыя заўсёды ставіць людзей перад выпрабаваньнем, калі яны мяркуюць, што яна ўжо скончылася. Сьведчыць ён і пра тое, што ў рэшце рэшт неверагоднымі высілкамі чалавецтва знаходзіць адказ на выклік, ім самім і спароджаны. Але цана адказу – тысячы, мільёны жыцьцяў, памяць якіх ўшаноўваюць сёньня хвілінаю маўчаньня на дзьвюх кантынэнтах.
XS
SM
MD
LG