Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕРАСЬЦІ ЗАТРЫМАЛІ НАЧАЛЬНIКА МIЖРАЁННАГА АБЭЗ


Алег Супрунюк, Берасьце

Факт затрыманьня Аляксандра Канцэвiча сёньня падцьвердзiлi ў прэсавай службе ўпраўленьня КГБ па Берасьцейскай вобласьцi. Але гэта бадай што адзiная iнфармацыя, якую тут пагадзiлiся паведамiць журналiстам. Гаворыць прэсавы сакратар берасьцейскага КГБ Васiль Шэпяцюк:

(Шэпяцюк: ) “Сутнасьць у тым, што затрыманьне праводзiў цэнтральны апарат камiтэту. Прыяжджалi менчукi ў Берасьце i правялi гэтае затрыманьне. Нашае ўпраўленьне не вяло нiякiх распрацовак i ня брала непасрэднага ўдзелу. Таму камэнтаваць я, на жаль, не магу нiчога. Але тое, што ён быў затрыманы, я пацьвердзiць магу. Чаму не?”

Усе астатнiя пытаньнi, якi тычацца затрыманьня Аляксандра Канцэвiча берасьцейскi супрацоўнiк КГБ параiў задаваць тым, хто працуе ў Цэнтры iнфармацыi i грамадзкiх сувязяў Камiтэту дзяржаўнай бясьпекi. Але паводле словаў кiраўнiка гэтага цэнтру Фёдара Котава, ён пакуль не валодае зьвесткамi пра гiсторыю з затрыманьнем аднаго з кiраўнiкоў берасьцейскай мiлiцыi.

Нiчога канкрэтнага не гавораць на гэты конт i ва ўпраўленьнi ўнутраных справаў Берасьцейскага аблвыканкаму. Адтуль паведамiлi толькi, што мiжраённы аддзел барацьбы з эканамiчнай злачыннасьцю створаны нядаўна i Аляксандар Канцэвiч працаваў на пасадзе кiраўнiка гэтага аддзелу няшмат.

Зь iншых крынiцаў вядома, што названы аддзел адсочваў сытуацыю на мяжы, у прыватнасьцi, працу берасьцейскiх мытнiкаў. Ня выключана, што затрыманьне Канцэвiча нейкiм чынам зьвязанае зь нядаўняй гiсторыяй вакол цягнiка “Варшава–Масква”. Тады ў вагонах быў знойдзены тавар на сотнi тысяч даляраў, за якi ня былi сплачаныя мытныя пошлiны. Паколькi такi выпадак выявiлi кантралёры зь Менску, а не мясцовыя праваахоўчыя структуры, узьнiклi пытаньнi адносна эфэктыўнасьцi працы адмысловага аддзелу берасьцейскай мiлiцыi.

Паводле неафiцыйнай iнфармацыi, Аляксандра Канцэвiча затрымалi адразу пасьля ператрусу на ягоным рабочым месцы. Акрамя таго, былi затрыманыя яшчэ два супрацоўнiкі аддзелу. Але гэтыя зьвесткi ў КГБ таксама не камэнтуюць.
XS
SM
MD
LG