Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД ПАГАДЗІЎСЯ АПЛАЦІЦЬ РАСЕІ ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦІ ЗА ПАСТАЎКІ ГАЗУ ТОЛЬКІ ЗА ГЭТЫ ГОД


Ігар Карней, Менск

Кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі па-ранейшаму настойвае, што газавы канфлікт паміж дзьвюма краінамі — эканамічны, а не палітычны. Пасьля перамоваў са сваім беларускім калегам расейскі прэм’ер-міністар Міхаіл Касьянаў заявіў, што ніводнае расейскае прадпрыемства, якое пастаўляла газ у Беларусь, не парушыла ўмовы кантрактаў. Іншая справа, што неплатаздольнасьць беларускага боку вымушала іх спыняць пастаўкі ці карэктаваць умовы, як у выпадку з “Газпрамам”.

Бягучую запазычанасьць сёньня кіраўнікі ўрадаў акрэсьлілі крыху больш за 80 мільёнаў даляраў. Беларускі прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі запэўніў, што гэтая сума будзе неадкладна выплачаная.

Адрозна ад кіраўнікоў урадаў, незалежныя аналітыкі ня лічаць, што перамовы нешта кардынальным чынам вырашылі. Эканаміст Васіль Шлындзікаў кажа, што газавыя канфлікты будуць узьнікаць і надалей.

(Шлындзікаў: ) “Калі зараз і кажуць пра нейкія рашэньні, то гэтыя рашэньні супярэчаць законам эканомікі. А таму рана ці позна гэта выкліча новыя канфлікты. Да таго ж, Расея імкнецца ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Адно з патрабаваньняў пры гэтым — роўныя умовы гаспадараньня і аднолькавыя правілы для краінаў-сяброў арганізацыі.

Гаворка ў тым ліку пра кошты, а таксама тарыфныя і нетарыфныя абмежаваньні. Кошты на газ будуць падвышацца найперш для ўнутраных спажыўцоў у межах Расеі. І ўжо зусім дзіка будзе выглядаць, калі ў Расеі будуць кошты ўсясьветныя, а Беларусь па-ранейшаму будзе патрабаваць для сябе нейкія незразумелыя цэны”.

Прадстаўнікі “Газпраму” ад сваіх ранейшых прэтэнзіяў да беларускага боку не адмаўляюцца. Гаворыць супрацоўнік адміністрацыі “Газпраму” Аляксей Росін:

(Росін: ) “Прадстаўнікі “Газпраму” бяруць удзел у перамовах з вашым прэм’ер-міністрам, але рэальныя вынікі камэнтаваць яшчэ рана. Што тычыцца падачы газу, то ад ранейшых 50% аб’ёмы павялічаныя на 15% толькі на час перамоваў. Калі ніякіх рашэньняў адносна аплаты “Газпраму” прынята ня будзе, то зноў аб’ёмы будуць вернутыя да 50%, гэта значыць, да ранейшай нормы”.

Цікава, што палову ад запазычанасьці беларускі ўрад плянуе кампэнсаваць коштам расейскага крэдыту, атрыманага на стабілізацыю беларускага рубля.

Пакуль што рэальнай альтэрнатывай у справе набыцьця газу застаецца сталы камэрцыйны партнэр Беларусі — кампанія “Ітэра”. Кіраўніка “Ітэры” Ігара Макарава і шэраг ягоных дарадцаў Лукашэнка днямі ўзнагародзіў ордэнамі. У офісе “Ітэры” мне распавялі, што днямі ніякіх сустрэчаў зь беларускімі эмісарамі не плянуецца. Вяртаньне ж беларускай урадавай дэлегацыі ў Менск заплянаванае на заўтра, 12 лістапада.

Плянуецца, што на пачатку сьнежня расейскія прадпрыемствы падпішуць новыя кантракты газавых паставак у Беларусь на 2003 год. У зьвязку з апошнімі непаразуменьнямі расейскі прэм’ер Касьянаў выказаўся, што энэргетычны балянс павінен быць вызначаны на ўзроўні ўрадаў. Гэтак сама і адносна разьлікаў: павінен існаваць дакладны мэханізм аплаты. Пра кошты і аб’ёмы паставак на наступны год сёньня ня ўзгадвалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG