Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗМРОЧНЫ ЛЕДНІКОВЫ ПЭРЫЯД У БЕЛАРУСІ”


Ул. інф.

"Не зважаючы на крытыку з боку міжнароднай супольнасьці, беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка надалей кіруе сваёй краінай у жорстка аўтарытарным стылі. Зьнясіленая працяглымі рэпрэсіямі апазыцыя вымушаная пераймацца яшчэ і ўнутранымі спрэчкамі ды ўсё меншым зацікаўленьнем Захаду ў Беларусі”, – гэтак пэсымістычна пачынае агляд беларускай сытуацыі нямецкі журналіст Томас Розэр.

“У Алеся Бяляцкага, кіраўніка праваабарончай арганізацыі “Вясна-96”, загараюцца вочы, калі ён распавядае пра колішнія дэманстрацыі пратэсту ў Менску, – працягвае аўтар арыткула. “У 1996 на дэманстрацыю супраць падпісанага Лукашэнкам ды Ельцыным пагадненьня пра саюз Беларусі і Расеі яшчэ маглі выйсьці 50 000 чалавек. Але пасьля 8 гадоў бязьлітасных рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі апазыцыя можа мабілізаваць хіба некалькі соцень, а почасту – толькі пару дзясяткаў сваіх прыхільнікаў”.

Пасьля перамогі на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах “аўтарытарны кіраўнік Лукашэнка яшчэ мацней нацягвае цуглі ўнутры краіны”: “кароткая адліга” перад выбарамі, паводле сакратаркі апазыцыйнай камуністычнай партыі Алены Скрыган, даўно саступіла месца змрочнаму ледніковаму пэрыяду”. Апазыцыйныя партыі зазнаюць бесьперапынны перасьлед: іхныя офісы закрываюцца, палітыкаў арыштоўваюць альбо прысуджаюць ім вялізныя грашовыя штрафы, дэманстрацыі дазваляюцца хіба што на бязьлюдных ускрайках гарадоў. Неэфэктыўнасьць дзеяньняў апазыцыі аўтар артыкулу ілюструе словамі 22-гадовай беларускай студэнткі: “Апазыцыя рассвараная і ледзь заўважная. Ніхто ня ведае, што яны, уласна кажучы, робяць”.

Але апатыя, уласьцівая зараз многім беларусам, ня ёсьць абсалютнаю. Нямецкі журналіст цытуе адну з кіраўніц апазыцыйных камуністаў Алену Скрыган: “Апазыцыя ні ў якім разе не дэмаралізаваная”. “Становішча ні ў якім разе не безнадзейнае”, – кажа аўтару артыкула кіраўнік БСДП Мікола Статкевіч. Паводле гэтых палітыкаў, апазыцыя мае някепскія шанцы на выбарах у мясцовыя саветы, якія адбудуцца ў сакавіку. Рост цэнаў, інфляцыі і беспрацоўя стварае для праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі спрыяльную глебу. “Эканамічныя і палітычныя рэсурсы Лукашэнкавай адміністрацыі таюць на вачах”, – адзначае нямецкі журналіст пры канцы артыкула.
XS
SM
MD
LG