Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ПАГРАЖАЕ “СУР’ЁЗНЫМІ НАСТУПСТВАМІ” NATO І ЧЭХІІ, КАЛІ А.ЛУКАШЭНКА НЕ АТРЫМАЕ ВІЗЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле кіраўніка чэскага МЗС Цырыла Свобады, канчаткова пытаньне пра выдачу А.Лукашэнку візы мусіць быць вырашанае заўтра. На мінулым тыдні яго разглядаў чэскі ўрад. Афіцыйны Менск адрэагаваў на прамаруджваньне з выдачай візаў з раздражненьнем. Прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч выступіла па БТ з адмысловай заявай:

(Пяткевіч: ) “Ужо сама пастаноўка пытаньня пра выдачу ці нявыдачу візаў беларускай дэлегацыі ёсьць зьневажальнай для беларускай дзяржавы, гэта прыніжае беларускі народ. Такая пастаноўка пытаньня парушае ўсе магчымыя міжнародныя нормы і правілы, паколькі адмысловага запрашэньня на гэты саміт не патрэбна”.

Натальля Пяткевіч перавяла пытаньне пра візу для А.Лукашэнкі ў праблему візаў для ўсёй беларускай дэлегацыі і стаўленьня Захаду да беларускай дзяржавы і народу.

Разам з гэтым прадстаўнік беларускага МЗС Аляксандар Байчораў выступіў з пагрозай пра магчымы дэмарш:

(Байчораў: ) “Калі ў парушэньне нормаў міжнароднага права чэскі бок гэтых візаў ня выдасьць, то, безумоўна, будзе самая жортская рэакцыя, і думаю, што наступствы будуць самыя сур’ёзныя”.

Як паведамілі ў прэсавай службе беларускага зьнешнепалітычнага ведамства, сёньня ў МЗС Беларусі быў запрошаны часовы павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі Алеш Фойцік, якому міністар М.Хвастоў уручыў памятную запіску пра тое, што Беларусь будзе разглядаць адмову выдаць візы беларускай дэлегацыі як крок, скіраваны на падрыў двухбаковых адносінаў. Гаворыць Алеш Фойцік:

(Фойцік: ) “Тут трэба яшчэ разумець, што віза яшчэ не азначае, што ўсё вырашана з абодвух бакоў, віза — гэта толькі адна неабходная умова, каб візыт адбыўся. Ужо былі выпадкі, калі віза была — і чалавек альбо не паехаў, альбо ня змог патрапіць куды хацеў. Тут усё па-рознаму трэба разглядаць, а ўльтыматум гэта ці не — пытаньне ў тым, як беларускі бок гэта разумее”.

Спадар Фойцік упэўнены, што гэта пытаньне не амбасады, а МЗС Чэхіі, ураду, штаб-кватэры NATO, якія разам павінныя гэта вырашаць, гэта нельга разглядаць як пытаньне двухбаковых адносінаў.

Тым часам ня толькі ў А.Лукашэнкі і яго атачэньня ўзьніклі праблемы з чэскімі візамі. Справа ў тым, што ў амбасадзе Чэхіі ў Менску сапсаваліся кампутары. Як падкрэсьліў Алеш Фойцік, усё будзе адрамантавана на гэтым ці наступным тыдні. Але ні ў якім выпадку ня будзе парушаны законны тэрмін разгляду заявак на атрыманьне візы — адзін месяц.

Вядомы беларускі дыплямат і апазыцыйны дзеяч Андрэй Саньнікаў назваў нэрвовую рэакцыю Менску неадэкватнай:

(Саньнікаў: ) “Беларускі бок адрозьніваецца ад іншых краінаў хамскімі паводзінамі, у дачыненьні да Захаду, да АБСЭ”.

На думку А.Саньнікава, магчымы ня толькі пратэст на адрас чэскай амбасады, але і забарона беларускай дэлегацыі ў цэлым ехаць на саміт у Прагу, аднак любыя дзеяньні ў адказ ня могуць быць эфэктыўнымі.

Андрэй Саньнікаў лічыць, што жаданьне А.Лукашэнкі патрапіць на саміт у Прагу абумоўленае найперш жаданьнем давесьці свайму электарату, што ён прызнаны ў Эўропе лідэр:

(Саньнікаў: ) “Ён спадзяецца, што будзе мець магчымасьць сустрэцца з кіраўнікамі краінаў Захаду, але разьлічвае на свой электарат. Прыгадаем, што калі ён быў, напрыклад, на саміце ў Стамбуле, там ніхто зь ім не размаўляў, але ж усё роўна былі здымкі па БТ, і ён сам казаў, што ён сустракаўся і размаўляў з Клінтанам. Калі ёсьць такі відэафакт, то электарат можа і паверыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG