Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ТАКОЕ “РЭЖЫМ ЖОРСТКАЙ ЭКАНОМІІ” ЭЛЕКТРАЭНЭРГІІ?


Аляксей Знаткевіч, Менск

Кіраўнік упраўленьня Міністэрства прамысловасьці Васіль Васілевіч, які займаецца пытаньнямі энэргазахаваньня, кажа, што ніякіх прынцыпова новых крокаў на прадпрыемствах у гэтай сфэры ня робіцца. Ён тлумачыць, што рэжым эканоміі існаваў і раней, і ўсе прадпрыемствы даўно маюць адмысловыя праграмы энэргазахаваньня. Цяпер ім проста давядзецца рабіць заплянаваныя захады хутчэй.

А вось жыльлёва-камунальныя службы ўжо атрымалі новую інструкцыю зьменшыць спажываньне энэргіі на 20% у параўнаньні зь мінулым годам, кажа прадстаўнік Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімер Зелянкоў.

(Зелянкоў: ) “Зараз уводзяцца абмежаваньні па тэмпэратуры сецевай вады. Вы самі ў сваёй рэдакцыі маглі адчуць, што крыху халадней стала. Міністар сёньня на плянэрцы паўтарыў гэта кіраўнікам менскіх арганізацыяў, якім мы гэта накіравалі яшчэ 6 лістапада. Гэта ўсё кантралюецца дзяржаўнымі органамі энэргаэфэктыўнасьці”.

Аднак намесьнік кіраўніка Дзяржкамітэту ў справе энэргазахаваньня Аляксандар Сазановіч лічыць заплянаванае скарачэньне невыканальным.

(Сазановіч: ) “Я думаю, што 20% немагчыма зрабіць. Дай Бог, каб было 10–15 хаця б. Ёсьць такія прапановы, шмат чаго можна прапанаваць. Але ж трэба быць рэалістамі, як гэта рэалізаваць...”

Спадар Сазановіч кажа, што прадстаўнікі Дзяржкамітэту ў справе энэргазахаваньня ўжо чатыры дні правяраюць установы, прадпрыемствы і жылыя дамы.

(Сазановіч: ) “Мы цяпер глядзім, якая тэмпэратура ў пакоях, у памяшканьнях, што на калектары з ТЭЦ, з кацельных, ці выключаецца сьвятло, ці шчыльна зробленыя пад’езды, каб дзьверы не былі адчыненыя, шыбы не пабітыя. Правяраем прадпрыемствы — ці зьнізілі яны спажываньне, у такім вось кірунку працуем”.

Спадар Сазановіч таксама заклікаў грамадзянаў самім уцяпляць свае кватэры, зачыняць у пад’ездах дзьверы і эканоміць электрычнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG