Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАЕДЗЕ ЛУКАШЭНКА НА САМІТ NATO Ў ПРАГУ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётар Садоўскі і экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў

(Валер Карбалевіч: ) “Лукашэнка афіцыйна выказаў жаданьне паехаць на саміт NATO ў Прагу, зьвярнуўшыся да чэскіх уладаў з просьбай даць яму візу. Крок даволі нечаканы. Таму што дачыненьні паміж афіцыйным Менскам і Захадам наогул, і NATO, у прыватнасьці, зараз даволі складаныя.

Беларускія афіцыйныя асобы не хаваюць, што лічаць краіны Захаду палітычным і нават ваенным праціўнікам. Напрыклад, падчас стварэньня дамовы аб калектыўнай бясьпецы краінаў СНД Лукашэнка заявіў, што бачыць новую арганізацыю як супрацьвагу NATO. Беларусь пасьлядоўна выступае супраць пашырэньня Паўночна-Атлянтычнага альянсу на ўсход. Лукашэнка выказваў вялікае незадавальненьне зьяўленьнем амэрыканскіх вайсковых аб’ектаў у краінах СНД.

Хоць Беларусь зьяўляецца ўдзельнікам Рады Эўра-Атлянтычнага партнэрства, праграмы NATO “Партнэрства дзеля міру”, але супрацоўніцтва даволі абмежаванае.

Тым больш дзіўна выглядае жаданьне Лукашэнкі паехаць на саміт NATO ў Прагу ў сувязі з тым, што менавіта на гэтым саміце будзе абмяркоўвацца пытаньне аб уступленьні ў NATO суседзяў Беларусі — краінаў Балтыі. Таму маё першае пытаньне: навошта Лукашэнка хоча ехаць у Прагу? Якія мэты гэтага візыту?”

(Пётар Садоўскі: ) “Натуральна, я ня ведаю, навошта ён едзе. Гэта ведае толькі ён сам. Лукашэнка палітык эмацыйны, а з пункту гледжаньня незалежных назіральнікаў, нават ірацыянальны. Таму тут толькі можна здагадвацца.

Але калі паспрабаваць глядзець на сытуацыю аб’ектыўна, то ў дадзеным выпадку гэты крок абсалютна разумны і рацыянальны. Ёсьць вялікія дзяржавы, ёсьць нейкія зьмены цяпер у адносінах паміж імі. І сярэдняя альбо малая дзяржава заўсёды павінная глядзець, дзе ёй можна, так бы мовіць, “ўшчаміцца”, да каго ёй можна прымкнуць.

І калі паглядзець на сытуацыю з гэтай вялікай схемы, то апошні час зьявіліся новыя моманты, якія трэба Беларусі ўлічваць. Расея нібыта, ня ведаю часова ці не, зблізілася з ЗША. Расея становіцца нейкім умоўным альбо асацыяваным сябром NATO. І ў сувязі з гэтым Беларусь мусіць цяпер неяк абазначыць сваю пазыцыю.

Адзін з клопатаў Лукашэнкі цяпер — дзе ўзяць грошай дзеля інвэстыцыяў. Зьявілася праблема з пастаўкамі расейскага газу ў Беларусь. Таму трэба і Расеі прадэманстраваць, што ў Беларусі ёсьць і іншыя альтэрнатывы ў замежнай палітыцы. Калі вось сумясьціць усе гэтыя чыньнікі, высокія і малыя ўзроўні міжнароднай палітыкі, то Лукашэнку трэба ехаць у Прагу — і толькі ехаць”.

(Андрэй Фёдараў: ) “На падставе таго факту, што жаданьне Лукашэнкі ехаць у Прагу, ва ўсякім разе, як нам стала вядома, зьявілася зусім нядаўна, можна быць упэўненым, што яно зьвязанае з апошнімі падзеямі ў адносінах з Расеяй. А менавіта, са скарачэньнем паставак расейскага газу — і ўсё, што з гэтага вынікае.

Таму, здаецца, візыт мае некалькі мэтаў. Па-першае, напалохаць Расею сваім намерам зблізіцца зь Захадам, з NATO. Нешта падобнае адбывалася ў 1999 годзе, калі Лукашэнка даў даручэньне тагачаснаму міністру замежных справаў Латыпаву рабіць крокі ў напрамку Захаду.

Але здаецца, што зараз сытуацыя іншая. Пуцін — гэта ня Ельцын. Да таго ж адносіны Расеі з Захадам і з NATO зусім іншыя, чым былі ў той час. Таму напалохаць Расею пагрозай збліжэньня з Захадам наўрад ці ўдасца. Тым ня менш, такі намер можа існаваць у кіраўніцтва Беларусі.

Па-другое, можа гэта ня толькі дэманстрацыя, а ў Лукашэнкі зьявілася сапраўднае жаданьне палепшыць стасункі з Захадам. Падчас апошняга паседжаньня ўраду Лукашэнка сказаў, што трэба шукаць кантактаў з Захадам, там нам дапамогуць.

Па-трэцяе, магчыма існуе і зусім вузка прагматычная задача — спроба сустрэцца ў Празе сам-насам з Пуціным. Таму што зараз, напэўна, гэта зрабіць зусім нялёгка”.

(Карбалевіч: ) “Абодва мае суразмоўцы выказалі думку, што адной з галоўных парычынаў магчымай паездкі Лукашэнкі на саміт NATO зьяўляецца новы этап крызысу ў беларуска-расейскіх стасунках. Але справа ў тым, што канфлікт з Расеяй працягваецца ўжо некалькі месяцаў. І тым ня менш, на працягу ўсяго гэтага часу Беларусь не спрабавала рабіць нейкія крокі насустрач Захаду, нават дзеля таго, каб напужаць, пашантажаваць Расею.

Хутчэй наадварот, апошнія месяцы афіцыйны Менск пайшоў на штучнае абвастрэньне адносінаў з заходнімі краінамі. Гэта і канфлікт вакол КНГ АБСЭ, і інтэнсыфікацыя стасункаў з Іракам ва ўмовах рэальнай пагрозы канфлікту гэтай краіны з ЗША. Складваецца ўражаньне, што беларускі рэжым штучна стварае міжнародную ізаляцыю.

І цяперашняе жаданьне Лукашэнкі ехаць у Прагу трохі не стыкуецца з агульным кірункам зьнешняй палітыкі Беларусі, які існаваў да гэтага часу. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую сытуацыю?”

(Садоўскі: ) “Тое, што вы, спадар Карбалевіч, зараз сказалі, сапраўды мае месца. Але, магчыма, гэта ўжо і састарэла. Апошні час зьявіліся новыя зьнешнепалітычныя нюансы. Узмацніліся разнагалосьсі паміж саюзнікамі па NATO, паміж Эўропай і ЗША, асабліва ў адносінах да Іраку.

Заўважце такую дэталь — яна, магчыма, здаецца дробнаю, але, на мой погляд, яна не выпадковая. Лідэра адной зь вядучых апазыцыйных партыяў Лябедзьку КГБ затрымлівае (відавочна незаконна) каля амэрыканскай амбасады, а, напрыклад, нея каля францускай.

Зразумела, існуе тут і чыньнік дэманстрацыі перад Расеяй. Што ж застаецца рабіць, калі клюе падсмажаны певень. Таму я лічу, што ён робіць правільна, калі зьбіраецца ехаць у Прагу. Трэба ж выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб умацаваць зьнешнепалітычныя пазыцыі Беларусі.

Я думаю, калі ў Прагу яго па нейкіх прычынах ня пусьцяць, то гэта будзе неразумна з боку Захаду. Таму што гэта дасьць Лукашэнку новыя козыры дзеля самаізаляцыі, дзеля нейкіх ірацыянальных дзеяньняў”.

(Фёдараў: ) “Я паўтараю, мне здаецца, што менавіта апошнія падзеі, а дакладней, скарачэньне паставак расейскага газу і прывялі Лукашэнку да такога рашэньня. Тое, што сказаў спадар Садоўскі, натуральна, мае месца. Але гэтыя чыньнікі таксама ня новыя. Супярэчнасьці паміж Эўропай і ЗША па праблеме Іраку цягнуцца некалькі месяцаў.

Зьвярніце ўвагу, на нядаўняй знакамітай прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка, адказваючы на пытаньне літоўскага журналіста, вельмі рэзка характарызаваў палітыку NATO. На мой погляд, нешта важнае адбылося зусім самы апошні час. А апошні час адбылося скарачэньне паставак расейскага газу, і вельмі рэзкая рэакцыя на гэтую падзею Лукашэнкі. Менавіта гэта і паслужыла прычынай намеру ехаць у Прагу”.

(Карбалевіч: ) “Якіх палітычных вынікаў можна чакаць ад паездкі Лукашэнкі на саміт NATO? Якія наступствы для Беларусі і самога беларускага кіраўніка можа мець гэты візыт (зразумела, калі ён адбудзецца)? Наколькі верагоднае паляпшэньне стасункаў паміж Беларусьсю і Захадам?”

(Садоўскі: ) “Калі Лукашэнку дадуць выступіць на паседжаньні Рады Эўра-Атлянтычнага партнэрства, то ён можа набыць палітычныя пункты. Нармалізаваўшы дачыненьні з Захадам, Лукашэнку можна думаць і аб працягу свайго прэзыдэнцкага мандату.

Але будзе нейкая карысьць і дзеля Беларусі. Пакрокавая стратэгія наладжваньня стасункаў з Захадам, NATO, адмова ад міжнароднай ізаляцыі ў інтарэсах Беларусі. Мне здаецца, зараз якраз такі час, калі Лукашэнка зразумеў, што ён страціў свой уплыў на Расею”.

(Карбалевіч: ) “Хачу нагадаць, што на апошнім паседжаньні ўраду, прысьвечанаму скарачэньню паставак расейскага газу, Лукашэнка заявіў, што забараняе ўраду абмяркоўваць з кіраўніцтвам Расеі пытаньне аб новых расейскіх крэдытах. Ён сказаў, што мы возьмем крэдыты ў арабскіх і заходніх краінаў, яны нам дадуць”.

(Фёдараў: ) “На мой погляд, вынікі візыту будуць залежаць ад таго, на якія зьмены ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы будзе здольны беларускі бок, якія крокі насустрач Захаду ён зможа зрабіць. У мяне няма сумненьняў, што ў сучасных умовах, на фоне сёньняшніх стасункаў з Расеяй Захад ня пойдзе на саступкі ў патрабаваньні дэмакратызацыі Беларусі, правоў чалавека, канфлікту вакол КНГ АБСЭ і г.д.

А з другога боку, вылучаць больш жорсткія патрабаваньні да кіраўніцтва Беларусі Захад таксама ня будзе. Таму ўсё будзе залежаць ад палітыкі Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Фёдараў закрануў важную праблему. Магчыма, і сапраўды афіцыйны Менск у сувязі з новым канфліктам з Расеяй гатовы пайсьці на нейкую частковую нармалізацыю дачыненьняў з Захадам. Але ці гатовы да гэтага Захад?

Калі б гэта было гадоў пяць таму, то магчыма, Захад з задавальненьнем прыняў бы Лукашэнку, нягледзячы на яго дрэнную рэпутацыю, толькі б адцягнуць Беларусь ад Расеі. Але сёньня стасункі Захаду і Расеі зусім іншыя”.

(Садоўскі: ) “Захад ня пойдзе цяпер на паляпшэньне стасункаў зь Беларусьсю ў піку Маскве. Таму што Захад і Расея ёсьць, у адрозьненьне ад Беларусі, гульцамі цяжкай вагі. Рабіць нешта на шкоду Расеі, напрыклад, тая ж Нямеччына, ці ЗША ня будуць”.

(Карбалевіч: ) “То бок, з-за Беларусі Захад зараз сварыцца з Расеяй ня зьбіраецца”.

(Садоўскі: ) “Можна так сказаць”.

(Фёдараў: ) “Я думаю, нават пытаньне зараз так не стаіць, каб рабіць нешта ў піку Маскве. Гаворка можа ісьці толькі пра тое, каб дапамагчы Беларусі выйсьці з таго становішча, у якім яна зараз апынулася, але без усялякай шкоды для інтарэсаў Расеі. Захад ужо многа гадоў спрабуе неяк уплываць на сытуацыю ў Беларусі, але беспасьпяхова. Таму зараз Захад будзе патрабаваць саступак з боку Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, малаверагодна, што магчымая паездка Лукашэнкі на саміт NATO ў Прагу прывядзе да размарожваньня адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам. Дзеля сапраўднага размарожваньня патрэбныя значныя зьмены як ва ўнутранай, так і ў зьнешняй палітыцы Беларусі. А Лукашэнка на гэта ня здольны.

Таксама малаверагодна, што Захад, у піку Маскве, пойдзе на паляпшэньне адносінаў зь Менскам безь пераменаў у беларускай палітыцы.

Здаецца, галоўная мэта гэтага візыту — прапагандысцкая, PRаўская. Сам факт зьяўленьня Лукашэнкі сярод кіраўнікоў вядучых дзяржаваў павінен па задумцы палепшыць яго імідж, павысіць рэйтынг, стварыць у вачах беларускага электарату ўражаньне міжнароднай значнасьці Беларусі і яе лідэра. А калі яму ўдасца недзе ў кулюарах паздароўкацца за руку з кімсьці з прэзыдэнтаў альбо прэм’ераў уплывовых дзяржаваў, то гэта будзе аб’яўлена дзяржаўнымі СМІ вялікім дыпляматычным прарывам. Такое ўжо было раней”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG