Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРГАНІЗАТАРЫ АКЦЫІ 17 ЛІСТАПАДА НЯ МАЮЦЬ ЗГОДЫ НАКОНТ ФОРМЫ ЯЕ ПРАВЯДЗЕНЬНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Аргкамітэт акцыі “За незалежнасьць” з розных прычынаў пакінулі АГП, ПКБ, ЛДПБ ды іншыя партыі. Цяпер у ім фактычна засталіся толькі Малады Фронт, Партыя свабоды і БНФ. Актывісты гэтых арганізацыяў прызнаюць, што падрыхтоўка да акцыі вядзецца надзвычай дрэнна.

Галоўнай прычынай яны называюць недастатковасьць матэрыяльных і людзкіх рэсурсаў. Некаторыя арганізатары не выключаюць, што прыйдзецца памяняць фармат акцыі й адмовіцца ад шэсьця з плошчы Якуба Коласа да Опэрнага тэатру. Гаворыць намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Значная частка лічыць, што перад выбарчай кампаніяй ісьці на жорсткія сутыкненьні зь міліцыяй, якія могуць выклікаць масавыя арышты, ня варта. У якой форме і як удасца правесьці мірную ацыю, будзе залежаць ад адказу ўладаў на нашую заяўку й ад паводзінаў міліцыі”.

Канчатковы фармат акцыі 17 лістапада кіраўніцтва БНФ вызначыць у наступныя дні. Са сваімі старэйшымі парнэрамі ня згодныя моладзевыя арганізацыі. Гаворыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) “У мяне выклікае зьдзіўленьне пазыцыя Партыі БНФ, якая ня хоча праводзіць актыўную акцыю 17 лістапада, і якая ня хоча актыўна да яе рыхтавацца. Тым ня менш, акцыя будзе. Яна пачнецца 17-га, а 12-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа. І ніхто: ні рэжым, ні неахвота старэйшага пакаленьня абараняць незалежнасьць не перашкодзіць моладзі, людзям любога ўзросту выйсьці ў гэты дзень і ўзяць удзел у акцыі ў абарону незалежнасьці нашай краіны”.

Гэтую думку падзяляе й лідэр Партыі свабоды Сяргей Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Я ведаю, што ў беларускім грамадзтве ёсьць цьвёрдае жаданьне выявіць сваю волю. Ёсьць гэтае жаданьне ў рэгіёнах. Я ведаю, што ідзе падрыхтоўка да гэтай акцыі ў Горадні й Магілёве, дзе нашыя прыхільнікі будуць удзельнічаць. Бываюць выпадкі, калі важна каб прыйшло некалькі тысяч чалавек. Некалькі тысяч прыйдзе. Мы там будзем”.

Кіраўнікі Маладога Фронту й Партыі свабоды гавораць, што незалежна ад таго, якое рашэньне ў справе правядзеньня акцыі прымуць менскія ўлады, яны правядуць шэсьце менавіта ў цэнтры гораду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG