Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ – АДНА З ТРОХ НЕБЯСЬПЕЧНЫХ ДЛЯ ЗАХАДУ КРАІНАЎ


Віталь Тарас, Прага

Сем краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў найбліжэйшым часе далучацца да блёку NATO. Дзесяць краінаў гэтага рэгіёну хутка стануць сябрамі Эўрапейскага Зьвязу. Усё гэта, паводле “Washington Post”, працягвае пазытыўныя зьмены ў пляне бясьпекі на кантынэнце. Аднак тры эўрапейcкія краіны выклікаюць заклапочанасьць Захаду. Гэта Беларусь, Украіна і Югаславія, якія дапамагалі Іраку ў парушэньне эмбарга ААН.

Беларусь была абвінавачаная ў навучаньні іракцаў у кіраваньні антыракетнымі ўстаноўкамі (зэнітна-ракетным комплексам С-300). Адна зь югаслаўскіх гандлёвых кампаніяў займалася наладкай рухавікоў для ракетаў на ірацкіх зьнішчальніках, што магло паспрыяць разьвіцьцю ірацкай праграмы балістычных ракетаў.

Найбольшую заклапочанасьць выклікаюць дзеяньні Ўкраіны, якая абвесьціла пра сваё жаданьне далучыцца да NATO і чатыры гады атрымлівала гуманітарную дапамогу ад ЗША, але пры гэтым, магчыма, атрымала 100 мільёнаў даляраў наяўнымі ад Садама Гусэйна за ўдасканаленую радарную сыстэму. Гэтая сыстэма пад назвай “Кальчуга” можа дапамагчы Іраку зьбіваць амэрыканскія самалёты. Адміністрацыя Буша ўжо асудзіла ды ізалявала беларускага дыктатара Лукашэнку – падкрэсьлівае “Washington Post”.

Амэрыканская адміністрацыя прыпыніла прадастаўленьне Ўкраіне дапамогі ў 54 мільёны даляраў, а таксама адмяніла сустрэчу на найвышэйшым узроўні з прэзыдэнтам Кучмам падчас саміту лідэраў NATO ў Празе. Замест яго на саміт быў запрошаны міністар замежных справаў Украіны. Пад ціскам Вашынгтону прэзыдэнт Югаславіі Каштуніца быў змушаны звольніць чатырох высокапастаўленых чыноўнікаў, датычных да зьдзелкі зь Іракам. Аднак газэта лічыць гэта касмэтычнымі захадамі. Пытаньне ў тым, як павядуць сябе далей Леанід Кучма і Ваіслаў Каштуніца? Абодва яны цьвердзяць, што жадаюць весьці свае краіны на Захад, але абодва адмаўляюцца паважаць асноўныя заходнія прынцыпы.

Няма доказаў таго, што Каштуніца меў дачыненьне да зьдзелкі зь Іракам. За часам кіраўваньня Слабадана Мілошавіча ён дыстанцыяваўся ад найбольш скрайніх нацыяналістаў і ваенных злачынцаў. Аднак падчас выбараў ён абапіраўся і на дапамогу нацыяналістаў у атачэньні Мілошавіча. Зараз, на думку газэты, для Каштуніцы прыйшоў час рашуча парваць зь мінулым і пайсьці насустрач умовам Эўрапейскаму Зьвязу, інакш далучэньне Югаславіі да праграмы NATO “Партнэрства дзеля міру” апынецца пад пытаньнем.

У выпадку з Украінай праблема палягае ў асобе Леаніда Кучмы. Калі амэрыкана-брытанская камісія накіравалася ва Ўкраіну расьследаваць абставіны продажу радарнай сыстэмы Іраку, кіарўнік украінскай агенцыі экспарту зброі загінуў у аўтакатастрофе, якая выклікае падазрэньні. Кучма таксама падазраецца ў датычнасьці да сьмерці ўкраінскага апазыцыйнага журналіста Дзьмітрыя Гангадзэ. Для адміністрацыі Буша і кіраўнікоў краінаў NATO Кучма стаў ізгоем. Аднак Захад ня страціў цікавасьці да незалежнай Ўкраіны зь яе пяцідзесяцьцю мільёнамі жыхароў. Таму дапамога Ўкраіне не павінна спыняцца. На думку газэты “Washington Post”, дапамога павінна быць скіраваная на стварэньне палітычнага руху, які ставіць сваёй мэтай мірнае адхіленьне Кучмы і ягоных паплечнікаў ад улады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG