Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАТЭСТЫ ПРАСТЫТУТАК У ФРАНЦЫІ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Прастытуткі пратэставалі супраць новага законапраекту, які чакае сваёй ухвалы ў Сэнаце, і які, на думку “жрыцаў каханьня”, нясе страты іхным заробкам і пагражае іхнай бясьпецы.

Удзельнікі акцыі прыехалі зь Ліёну, Марсэлю, Лілю і іншых францускіх местаў, дзе прастытуцыя зьяўляецца нормай будзённасьці.

У дэманстрацыі ўзялі ўдзел жанчыны з раёну Афрыканскай Сахары, якія разам з прастытуткамі з былых краінаў сацыялістычнага блёку літаральна запаланілі рынак прастытуцыі ў Францыі і іншых краінах Эўропы. У адрозьненьні ад сваіх афрыканскіх калегаў, экс-сацыялістычныя прастытуткі ўдзелу у гэтай акцыі ня бралі.

У Францыі сэкс за грошы не зьяўляецца злачынствам, хаця дзейнае заканадаўства дае дзяржаве шырокія паўнамоцтвы змагацца супраць прастытуцыі, калі яна пагражае спакою, грамадзкаму парадку альбо бясьпецы грамадзянаў.

Новы закон таксама тычыцца цыганоў, бамжоў і жабракоў. Паводле яго, пасіўныя заляцаньні жанчыны могуць разглядацца як злачынства. Гэта значыць, што жанчына, чыя сукенка альбо рухі ствараюць уражаньне, што яна зацікаўленая ў сэксе за грошы, можа быць аштрафаваная на 3.800 даляраў альбо асуджаная на шэсьць месяцаў турмы.

Францускія прастытуткі аб’яднаныя ў новую Арганізацыю прастытутак Францыі, якая мае свае мясцовыя асацыяцыі па ўсёй краіне. Іхная асноўная скарга зводзіцца да таго, што цяпер яны будуць прыраўнаныя да злачынцаў.

Паводле ацэнак францускага Сэнату, Эўраполу і францускіх навукова-дасьледчых інстытутаў, у Францыі працуюць ад 15 да 18 тысячаў прастытутак. Палова зь іх – у Парыжы. Прыблізна 8-9 тысячаў прастытутак – замежныя. У сталіцы Францыі іх каля 75%. Развал Савецкага Саюзу паспрыяў наплыву прастытутак з усходу, асабліва з Расеі, Украіны і Альбаніі. Афрыка прадстаўленая пераважна прастытуткамі зь Нігерыі, Ганы, Сьера-Леоне і іншых франкамоўных краінаў кантынэнту.

Прыблізна 80 адсоткаў прастытуцыі – вулічная. Мужчынская прастытуцыя, якая стала заўважнай у 1970-х, апошнім часам значна ўзрасла і цяпер складае каля 15 адсоткаў ад усёй прастытуцыі ў краіне. Дыяпазон цэнаў вагаецца ад 30-50 даляраў у раёне Сэнт-Дэні, дзе прастытуцыя існуе дзесяцігодзьдзі, да 20-30 даляраў у раёне Булонскага лесу, дзе незаконныя прастытуткі почасту ня маюць нават прыстойнай вопраткі.

Ці новы закон можа зацугляць прастытуцыю? На гэтае пытаньне гісторык і аўтар кнігі пра прастытуцыю ў Францыі Ален Корбін адказаў: “О, не, я так ня думаю. У Францыі вельмі шмат законаў, якія слаба ўжываюцца. Ёсьць цудоўныя законы супраць сутэнёрства, але яны не спынілі дзейнасьці сутэнёраў”.
XS
SM
MD
LG