Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Тры пятыя”. 9 лістапада

Тры з кожных пяці беларусаў жывуць па-за межамі вялікіх гарадоў. Яны будуюць храмы і аўтазапраўкі, пішуць кнігі, баяцца начальства і змагаюцца за свабоду, выбіраюць, якімі будуць яны і краіна заўтра. Але пра іх мала ведаюць.

Пра жыцьцё гэтых 3/5 насельніцтва Беларусі – у новай перадачы Радыё Свабода “Тры пятыя”. Прэм’ера – 9 лістапада.


“Суботні дыялёг”. 9 лістапада

7 лістапада беларускія камуністы адзначалі 85-ю гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі. Але, адрозна ад савецкага часу, калі здавалася, што па вуліцы ідуць калёны аднадумцаў, цяпер камуністы падзяліліся на некалькі партыяў і ніяк ня могуць дамовіцца паміж сабой. Ёсьць нават камуністы афіцыйныя і камуністы апазыцыйныя. Слухайце заўтра “Суботні дыялёг” Ірыны Халіп з сакратаром ЦК “апазыцыйнай” кампартыі Аленай Скрыган.


“Сымбаль веры”. 9 лістапада

У хрысьціянскім сьвеце раз-пораз узьнікаюць рознагалосьсі ў справе кананізацыі сьвятых. Гэтак было, у прыватнасьці, з царом Мікалаям ІІ, або заснавальнікам арганізацыі Opus Dei – Хасэ-Марыяй Эскрыва дэ Балягўэр. У чарговай перадачы сэрыі “Сымбаль веры” размова пойдзе пра супярэчнасьці кананізацыі сьвятых. Чаму ўплыў на далучэньне да ліку сьвятых маюць пазарэлігійныя – патрыятычныя або палітычныя – чыньнікі?

У перадачы ўдзельнічаюць: праваслаўная верніца Галіна Каржанеўская і беларускі грэка-каталік Ігар Бараноўскі.


“Здароўе”. 9 лістапада

Хадзьба – гэта проста і танна. Найноўшыя дасьледаваньні паказваюць, што хадзьба можа быць найлепшай з магчымых формаў фізычнай нагрузкі для прадухіленьня рызыкі сардэчных хваробаў, інфарктаў і інсультаў, а таксама дыябэту. Артыкул пра новыя падыходы да лячэбных эфэктаў хадзьбы і бегу надрукаваў у адным з апошніх нумароў сусьветна вядомы часопіс “Time”. Што лепш для здароўя – хадзіць ці бегаць? Гэтаму пытаньню прысьвечаная чарговая перадача сэрыі “Здароўе”.


“Беларускі Інтэрнэт”. 10 лістапада

Міліцыя ў Горадні высьвятляе, чым ёсьць Інтэрнэт і чаму ў сеціве існуе газэта “Пагоня”. Пракуратура, якая дала санкцыю на расьследаваньне, парушыла дзейны Закон аб друку. Аб гэтым – у чарговым выпуску перадачы “Беларускі Інтэрнэт”.

Сярод іншых тэмаў: наведнікі Інтэрнэту вызначаюць лепшую беларускую кнігу году. У перадачы бярэ ўдзел заснавальнік Таварыства вольных літаратараў Алесь Аркуш. Падрыхтаваў і вядзе выпуск Віталь Тарас.


“Вострая брама”. 10 лістапада

Самі таго ня ведаючы, мы часьцяком згадваем радок ці страфу зь вершаў Багушэвіча, Купалы, Цёткі ды іншых паэтаў беларускага адраджэньня. Аднак нешта перашкаджае нам перачытваць тыя іхныя творы проста так, як кажуць, для сябе. Пад тоўшчай стэрэатыпаў савецкага часу гэтая літаратурная спадчына падаецца нежывой і нецікавай для чытаньня. Аднак, прычына гэтага – ня ў спадчыне, а ў стэрэатыпах. У новай перадачы "Вострая Брама" на прыкладзе паэзіі Цёткі робіцца спроба расчысьціць вершы і вобраз паэткі ад ярлыкоў і дакапацца да сутнасьці – да асноўнага матыву яе жыцьця і творчасьці. У перадачы ўдзельнічаюць віленскія дасьледнікі беларускай літаратуры.


“Вольная студыя”. 10 лістапада

Што азначае статус “нацыянальны” для тэатру? Толькі надбаўку да заробку актораў ці нешта большае, што мусіць выяўляцца на сцэне? Актор віцебскага Нацыянальнага Акадэмічнага тэатру імя Якуба Коласа Пятро Ламан лічыць, што актор нацыянальнай сцэны шмат страчвае як прафэсіянал, калі думае падчас спэктаклю па-расейску. Посьпех літоўскага тэатру, на думку актора, палягае менавіта ў нацыянальным падыходзе да сусьветнай клясыкі, калі нават у п’есах Шэксьпіра бачыцца Літва. Актор зь Віцебску нядаўна зьвярнуўся да беларускіх актораў з адкрытым лістом, а ў нядзельнай перадачы “Вольная студыя” будзе госьцем Міхася Скоблы.
XS
SM
MD
LG