Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭГРАЦЫЯ РАСЕІ Ў МІЖНАРОДНУЮ ЭКАНОМІКУ: ТАННАГА ГАЗУ НЯ БУДЗЕ НЯ ТОЛЬКІ ДЛЯ БЕЛАРУСІ


Юры Дракахруст, Прага

Учора Эўразьвяз прызнаў Расею краінаю з рынкавай эканомікаю. Гэтае рашэньне адчыняе перад расейскімі кампаніямі рынкі краінаў Зьвязу. Пастанова Эўразьвязу мае заўважны палітычны складнік: яна ёсьць ня толькі прызнаньнем плёну расейскіх рэформаў, але і ў пэўнай ступені платай за палітыку Ўладзімера Пуціна на збліжэньне Расеі з Захадам, гэта крыху прызнаньне ў крэдыт.

За дзень да таго, як Зьвяз прызнаў Расею краінаю з рынкавай эканомікай, высокі чыноўнік Зьвязу Фрыц Гаральд Вэніг заявіў, што велізарная розьніца паміж унутранымі і зьнешнімі цэнамі на газ у Расеі зьяўляецца формаю субсыдаваньня расейскай прамысловасьці, што робіць расейскую канкурэнцыю на замежных рынках несправядліваю. Несправядліваю таму, што ў цане прадукцыі расейскіх кампаніяў “сядзіць” нізкая цана газу. А таму нават зараз, калі Расея атрымала ад Эўразьвязу жаданы статус, яе экспартэры могуць стаць ахвярамі антыдэмпінгавых захадаў Эўропы.

Акрамя таго, нізкія ўнутраныя цэны на газ перашкаджаюць уступленьню Расеі ва Ўсясьветную Гандлёвую Арганізацыю. Такім чынам, каб патрапіць у гэтую арганізацыю, каб гандляваць з Эўропаю, Расея мусіць як мінімум скарачаць разрыў паміж унутранымі і зьнешнімі цэнамі на газ. Зараз яны адрозьніваюцца амаль у 4 разы.

Зьмяньшеньня гэтага разрыву ўпарта дамагаецца і “Газпрам”: танны газ для расейскіх спажыўцоў – наўпроставыя страты “Газпраму”, якія ацэньваюцца прыблізна ў тры з паловаю мільярды даляраў. Газавы канцэрн дамагаецца таго, каб у наступным годзе разрыў паміж зьнешнімі і ўнутранымі цэнамі скараціўся ўдвая.

Усе гэтыя чыньнікі маюць калі не наўпроставае, то прынамсі ўскоснае дачыненьне да цяперашняга беларуска-расейскага газавага канфлікту. Яны ёсьць ягоным тлом. Беларускі бок патрабуе працягваць пастаўкі таннага газу. Аднак газу па 24 даляры за тысячу кубамэтраў ня будзе ці ў хуткім часе ня будзе ня толькі для Беларусі, але і для самой Расеі, для той самай Смаленшчыны, да якой ў газавых пастаўках была прыроўненая Беларусь. Калі Расея хоча гандляваць з Эўропаю ня толькі газам і нафтаю, калі хоча ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (а яна гэтага хоча), яна вымушаныя будзе ўзьнімаць газавыя тарыфы для ўнутраных спажыўцоў, у далёкай пэрспэктыве выводзячы іх на ўзровень усясьветных цэнаў. Для Смаленску гэтыя падвышэньні, магчыма, стануць рэчаіснасьцю ня заўтра, а, так бы мовіць, пасьлязаўтра, аднак для Беларусі гэта стала рэчаіснасьцю ўжо сёньня. Бо ў рэшце рэшт, холад у кватэрах беларусаў – галаўны боль ня Пуціна, а кіраўніка сувэрэннай Беларусі Лукашэнкі.

7 гадоў ён спрабаваў схвацца за сьпіной Расеі ад жорсткіх патрабаваньняў рынкавай усясьветнай эканомікі. Але высьветлілася, што і Расея мусіць падпарадкоўвацца ім. Усё ж не Савецкі Саюз. Ды і СССР, дарэчы, разваліўся, апроч іншага, яшчэ і таму, што ўпарта ігнараваў гэтыя патрабаваньні.
XS
SM
MD
LG