Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗАТРЫМАЛІ СЯБРОЎ “ЗУБРУ” З БАРЫСАВА


Любоў Лунёва, Менск

Сяргей Пезкін і Ігар Закрэўскі прыехалі з Барысава, каб правесьці акцыю пратэсту ў цэнтры сталіцы. На плошчы Якуба Коласа яны апранулі камізэлькі з лёзунгамі “Новы закон аб рэлігіі — гэта вяртаньне да цемрашальства. Што далей? ГУЛАГ?”, “Наша ўлада захацела Бога прыватызаваць, каб ня толькі нашым целам, але й духам кіраваць” ды іншыя.

Што ёсьць мэтай гэтай акцыі? Гаворыць Сяргей Пезкін:

(Пезкін: ) “Мэта гэтай акцыі — выказаць сваю нязгоду з законам аб рэлігіі. Чаму ў гэтыя дні? У нашай краіне ўсе ведаюць, што калі да ўлады прыйшлі камуністы на чале зь Леніным, то той выказаўся, што рэлігія ёсьць опіюм для народу. Зь яго лёгкай рукі зьнішчылі больш за чатырыста тысяч вернікаў. Потым ягоную справу працягнуў Сталін. Ды ўсе партыйныя кіраўнікі нядобра ставіліся да рэлігіі. Цяпер іх нашчадак Лукашэнка працягвае гэтую працу. Мы супраць гэтага й не жадаем, каб вярнуліся часы Леніна, Сталіна”.

Ігар Закрэўскі дадаў:

(Закрэўскі: ) “Раней у нас была КПСС, а цяпер праваслаўная царква робіцца кіроўнай ідэалягічнай сілай. Беларусь заўсёды была талерантнай краінай. Сюды беглі ад перасьледу вернікі ня толькі з Расеі, але нават з Шатляндыі. А цяпер у нашай краіне можна чакаць рэлігійных спрэчак. Праваслаўная царква падтрымлівае Лукашэнку. Я часта наведваю праваслаўныя храмы. Там я бачу, што праваслаўныя сьвятары праводзяць палітыку Масквы ў Беларусі. Таму ж і беларуская аўтакефальная царква перасьледуецца ў Беларусі”.

Сяргей і Ігар прайшлі па праспэкце Скарыны да плошчы Незалежнасьці. Толькі адзін раз да іх падышлі міліцыянты Цэнтральнага раёну. Гэта адбылося каля ГУМу. Было відаць, што супрацоўнікі міліцыі не чакалі ўбачыць на сваёй тэрыторыі апазыцыянэраў у камізэльках з антыўрадавымі надпісамі. Калі міліцыянты высьветлілі, што тыя крочаць на плошчу Незалежнасьці, з палёгкай уздыхнулі, бо праз два будынкі пачыналася тэрыторыя Маскоўскага раёну.

На плошчы Незалежнасьці ля помніка Леніну Ігар Закрэўскі і Сяргей Пезкін разгарнулі плякат: “Вернікаў цкавалі Ленін, Сталін, Лукашэнка”. Так яны прастаялі даволі доўгі час. Ахоўнікі будынка некалькі разоў выклікалі міліцыянтаў з Маскоўскага райаддзелу, але тыя не сьпяшаліся рэагаваць на выклік.

Амаль праз паўгадзіны да помніка падышлі два міліцыянты. Яны неахвотна спыталі, ці ёсьць у пікетоўцаў дазвол на правядзеньне акцыі, і пачалі высьвятляць ня іх прозьвішчы, а прозьвішчы журналістаў, якія стаялі наводдаль. Ігар і Сяргей мелі магчымасьць сысьці, але не зрабілі гэтага.

Толькі тады прыехала патрульная машына, і міліцыянты пачалі раіцца з кіраўніцтвам па рацыі, што рабіць. Барысаўскіх пікетоўцаў затрымалі і адвезьлі ў пастарунак. Там на іх склалі пратаколы паводле 167 артыкулу (парушэньне грамадзкага парадку падчас правядзеньня вулічных масавых мерапрыемстваў) і адпусьцілі дамоў.

Паколькі раней Сяргей Пезкін і Ігар Закрэўскі адседзелі 10 сутак за пікет ля расейскай амбасады супраць інкарпарыцыі Беларусі ў склад Расеі, ім пагражае жорсткае пакараньне — альбо вялікі штраф, альбо арышт да 15 сутак.
XS
SM
MD
LG