Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБМЕЖАВАНЬНЕ СВАБОДЫ ПРЭСЫ Ў БЕЛАРУСІ ДЫ РАСЕІ ВЫКЛІКАЕ ЗАНЕПАКОЕНАСЬЦЬ НЯМЕЦКІХ ПАЛІТЫКАЎ


Алена Панкратава, Менск

Габрыэла Кётшаў — даволі частая госьця ў Беларусі. Усяго некалькі тыдняў таму яна наведвала Менск на чале дэлегацыі сябраў Нямецкага камітэту салідарнасьці зь Беларусьсю. Дарэчы, гэта вельмі прадстаўнічая арганізацыя, у якую ўваходзяць шэраг эўрапарлямэнтароў на чале з камісарам Эўразьвязву Гюнтэрам Фэрхоэнам.

Сёньня Габрыэла Кётшаў прадстаўляе дэлегацыю палітыкаў фэдэральнай зямлі Шлезьвіг-Гольштайн, якая адказвае ў Нямеччыне за сувязі з тымі краінамі, якія пасьля 2004 году будуць непасрэдна межаваць з ЭЗ. Сёньня, як і на працягу апошніх дзён, дэлегацыя праводзіла перамовы зь беларускім і расейскім кіраўніцтвам адносна пэрспэктываў дачыненьняў гэтых краінаў з аб’яднанай Эўропай.

(Карэспандэнтка: ) “Вынікі якіх сустрэчаў вы лічыце больш канструктыўнымі — маскоўскіх ці менскіх?”

(Кётшаў: ) “Цяжка сказаць, бо ня ўсе сустрэчы ў Менску завершаныя. Наперадзе перамовы з прамысловымі коламі. У Расеі нас зьнешне ўразіла Масква, размах ейнага будаўніцтва. Як нэгатыў мы ўспрымаем апошні тэрарыстычны акт і тое, што здарылася з закладнікамі. Дзяржаўная інфармацыйная палітыка ў гэтым выпадку выклікае толькі абурэньне.

Дарэчы, абмежаваньне свабоды прэсы ў Расеі, якое мы бачым апошнім часам, выклікае ў нас ня меншы клопат, чым адпаведная сытуацыя ў Беларусі. Дадам, што менавіта свабода прэсы, і гэта артыкулявалася ў часе адказных сустрэчаў як у Менску, так і Маскве, разглядаецца намі як галоўны фактар разьвіцьця двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці маглі б больш падрабязна спыніцца на вашых сёньняшніх сустрэчах са спадарамі Кабяковым і Хвастовым?”

(Кётшаў: ) “У часе сёньняшніх сустрэчаў у Менску мы абмяркоўвалі пэрспэктывы супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і зямлёй Шлезьвіг-Гольштайн. У асноўным размова ішла пра каапэрацыю ў галіне мэдычнай і энэргетычнай палітыкі. З гэтай нагоды мы сустракаліся зь віцэ-прэм’ерам, міністрам эканомікі Андрэем Кабяковым і высьветлілі, што мы маем дастаткова пэрспэктываў для супрацоўніцтва ў іншых галінах.

Далей у нашай дэлегацыі была сустрэча з кіраўніком зьнешнепалітычнага беларускага ведамства Міхаілам Хвастовым, які прасіў разглядаць Беларусь як маладую краіну, бо 10 гадоў незалежнасьці — вельмі кароткі час для таго, каб рабіць высновы адносна посьпеху дэмакратычнага разьвіцьця.

Як лічыць спадар міністар, пазытыўныя зьмены ў краіне могуць настаць дзякуючы ўзмацненьню эканамічнага супрацоўніцтва. У гэтым зьвязку мы зьвярнулі ягоную ўвагу на сытуацыю зь місіяй АБСЭ, а таксама на сытуацыю са свабодай прэсы, іншымі правамі і свабодамі ў Беларусі. Бо, паўтаруся, менавіта наяўнасьць гэтых дэмакратычных свабодаў ёсьць галоўным фактарам для эканамічнага разьвіцьця краіны”.

(Карэспандэнтка: ) “Цяпер некаторыя нямецкія палітыкі ў зьвязку з апошнімі падзеямі ў Беларусі ставяць пад сумнеў гэтак званы новы пачатак у дачыненьнях Эўропы з афіцыйным Менскам”.

(Кётшаў: ) “Ці магчымы гэты новы пачатак пасьля апошніх падзеяў, зьвязаных зь Нямцовым, Лябедзькам, місіяй АБСЭ... Падобныя пытаньні, якія ў тым ліку ўздымаюцца і нашымі палітыкамі й назіральнікамі — гэта ўсяго толькі пытаньні, меркаваньні... Дэ-факта мы маем тое, што перамовы паміж эўрапейскімі арганізацыямі і Менскам ідуць. Што тычыцца сытуацыі зь Нямцовым і Лябедзькам, то мы хочам атрымаць як мага болей інфармацыі на гэты конт, каб зрабіць сапраўдную выснову. Пакуль жа ў нас больш чутак, чым канкрэтнай інфармацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG