Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЙЛЕПШЫМ ВЫЙСЬЦЕМ ДЛЯ ПРАГІ БЫЛО Б, КАЛІ Б ЛУКАШЭНКА САМ АДМОВІЎСЯ АД ПАЕЗДКІ НА САМІТ NATO


Юры Дракахруст, Прага

Міністар замежных справаў Чэхіі Цырыл Свабода паведаміў у інтэрвію расейскай агэнцыі РИА Новости, што пэўнае меркаваньне наконт візы для Лукашэнкі ўжо ёсьць, але афіцыйна рашэньне будзе абвешчанае 12 лістападу. “Не хацелася б, каб сьвет успрымаў Лукашэнку як прызнанага дэмакратычна абранага прэзыдэнта”, – заявіў міністар замежных справаў Чэхіі.

Агенцыя адзначае, што Прага патрапіла ў няпростае становішча. З аднаго боку, Беларусь зьяўляецца сябрам праграмы NATO “Партнэрства дзеля міру” і яе кіраўнік мае права ўдзельнічаць у мерапрыемствах альянсу. З другога боку, чэскія ўлады хочуць паказаць, што яны падтрымліваюць барацьбітоў за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі.

Найлепшым выйсьцем для Прагі было б, калі б Лукашэнка сам адмовіўся ад паездкі на саміт NATO. І пэўныя крокі ў гэтым накірунку могуць быць зробленыя.

“Чэскі ўрад, хутчэй за ўсё, паведаміць кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, што ня зможа гарантаваць яму бясьпечны транспарт і разьмяшчэньне, калі ён вырашыць наведаць Прагу ў сувязі з самітам NATO”. Пра гэта паведаміла сёньня чэская газэта “Гаспадарчыя навіны”. Паводле газэты, такая формула адказу Лукашэнку на просьбу даць візу была прапанаваная абмасадарам Чэхіі ў NATO Карэлам Кавандам.

Ускосна інфармацыю газэты пацьвердзіў міністар юстыцыі Чэхіі Павал Рыхецкі. Ён паведаміў, што па дыпляматычных каналах са штаб-кватэры NATO ў Брусэлі была атрыманая парада вырашыць пытаньне з прыездам Лукашэнкі на саміт NATO іншым шляхам, а не нявыдачай яму ўязной візы ў Чэхію. У прыватнасці, зазначыў Рыхецкі, у Менск павінен быць накіраваны ліст, дзе прэзыдэнту Беларусі будзе рэкамэндавана ўстрымацца ад паездкі ў Чэхію.
XS
SM
MD
LG