Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗЬЕЗД КАМПАРТЫІ КІТАЮ: РАДЫКАЛЬНЫХ ЗЬМЕНАЎ НЯ БУДЗЕ


Кастусь Бандарук, Прага

У зьезьдзе, які працягнецца да 14 лістапада, удзельнічаюць больш як 2100 дэлегатаў з усёй краіны. Яны прадстаўляюць 66 мільёнаў чальцоў кітайскай кампартыі. Зьезд адкрыў паўтарагадзіннай прамовай лідэр партыі і кіраўнік дзяржавы 76-гадовы Цьзян Цзэмінь. “Нашая партыя павінна аб’яднацца з народам і ўзначаліць кітайскі народ ды ўсе этнічныя групы”, – сказаў ён. Цьзян Цзэмінь заклікаў ўмацаваць вяршэнства закону, узмацніць барацьбу з карупцыяй у партыйных шэрагах. Паводле яго, палітычная рэструктурызацыя павінна прывесьці да ўмацаваньня партыі і дзяржавы. Асноўным прыярытэтам на найбліжэйшую будучыню мае быць эканоміка. Цьзян Цзэмінь абяцаў, што валавы нацыянальны прадукт да 2020 году павінен павялічыцца ў чатыры разы. Ён выказаўся за рэформы ў сельскай гаспадарцы, а таксама за тое, каб дазволіць беспрацоўнаму вясковаму насельніцтву свабодна сяліцца ў гарадох. Цьзян Цзэмінь абвясьціў пра намер мадэрнізаваць армію, зьменшыць яе і абсталяваць найноўшай тэхнікай. У пытаньні Тайваню Цьзян Цзэмінь ня выключыў ўжыцьця сілы супраць выспы, якую Пэкін лічыць збунтаванай кітайскай правінцыяй.

Удзельнікі зьезду абяруць Цэнтральны Камітэт у складзе 200 сябраў, Палітбюро з 22 чалавек, а таксама ўхваляць зьмену статуту партыі. Аглядальнікі мяркуюць, што ўсё гэта будзе чыстай фармальнасьцю, паколькі асноўныя рашэньні былі прынятыя ў часе ранейшых, закулісных перамоваў. Зь іх прычыны зьезд адбываецца зь месячным спазьненьнем.

Цьзян Цзэмінь хацеў захаваць паўнату ўлады, але ягоныя палітычныя праціўнікі нагадалі яму, што ў часе мінулага зьезду ён сам прапанаваў, каб пасьля 70-ці гадоў партыйныя лідэры сыходзілі на пэнсію. Такім чынам, Цьзян Цзэмінь адмовіцца ад пасады генэральнага сакратара партыі, але захавае ўплыў. Гэта значыць, што ён нібыта сыходзіць на другі плян, але насамрэч будзе кіраваць з-за кулісаў, паколькі яму ўдалося дасягнуць прызначэньня на высокія пасады сваіх людзей.

На думку кітайскага палітоляга Шу Шыен Гсу, Цьзян Цзэмінь дасягнуў трох мэтаў, якія дазволяць яму “сысьці, але застацца”. Ён гарантаваў сабе большасьць ў сталым камітэце Палітбюро, дзе палова складу – ягоныя прыхільнікі. Яму ўдалося выключыць са складу Палітбюро такіх уплывовых і аўтарытэтных людзей, як Лі Руі Хуан, прыхільнік палітычных рэформаў у партыі і краіне. Ён таксама дасягнуў таго, што гэтак званая дактрына “трох прадстаўніцтваў” будзе ўнесеная ў статут партыі. Будзе нават запіс аб тым, што да партыі могуць належаць капіталісты. Цьзян Цзэмінь таксама цягам найбліжэйшых гадоў застанецца старшынём Цэнтральнай вайсковай камісіі, гэта значыць, галоўнакамандуючым узброенымі сіламі.

Вядома, што пераемнікам Цьзян Цзэміня на пасадзе генэральнага сакратара кампартыі будзе адносна малады 59-гадовы Гу Джынтао. Ужо з пачатку верасьня быў дасягнуты кампраміс, які абапіраецца на трох “не”. Гэта значыць, што ня будзе карэннай зьмены ў кіраўніцтве арміі, не наступіць зьмена пакаленьняў на кіруючых пасадах, а таксама ня будзе зьмены лідэра. Праўда, гэтак званае “чацьвертае пакаленьне” партыйных лідэраў, людзі паміж 50 і 60 годам жыцьця, зоймуць абяцаныя ім высокія пасады, але на паўнату ўлады ім яшчэ прыйдзецца пачакаць.

Такім чынам выглядае, што эра Цьзян Цзэміня яшчэ працягнецца. Для заходніх аглядальнікаў і для кітайскіх партыйных рэфарматараў гэта дрэнная навіна, бо палітычныя рэформы ў краіне адтэрміноўваюцца на як мінімум на некалькі гадоў.
XS
SM
MD
LG