Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОД ТАМУ МІЛІЦЫЯ НАПАЛА НА КУРАПАЦКІ ЛЯГЕР


Ганна Соўсь, Менск

Год таму 8 лістапада ў Курапатах улады сіламі АМОНу спрабавалі разагнаць лягер абаронцаў Курапатаў, якія не дазвалялі будаваць Менскую кальцавую дарогу праз урочышча. Тады бульдозэры зруйнавалі дзясяткі асьвечаных крыжоў, якія стаялі ўздоўж дарогі. Амонаўцы жорстка зьбівалі й затрымлівалі людзей, якія супрацьстаялі будаўніцтву дарогі, ужывалі сьлезацечны газ.

Згадвае намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) “Гэта былі проста страшныя хвіліны, страшныя гадзіны. На жаль, не было ніводнай тэлекамэры, калі бульдозэры бурылі крыжы. Гэта быў для мяне самы ўражвальны момант, калі пад пражэктарамі бульдозэраў мянты выцягвалі крыжы, калі людзі абаранялі, проста крычалі, плакалі. Тое, што адбылося потым уначы, гэта быў чын беларускага духу, калі людзі вырашылі не здавацца. І за ноч было зьвязана, выраблена 20 новых крыжоў”.

Год таму людзі неаднаразова выходзілі на дарогу, станавіліся ў ланцуг і, трымаючы ў руках крыжы, перакрывалі дарогу будаўнічай тэхніцы. Амонаўцы жорстка разганялі людзей, было шмат зьбітых і затрыманых. Адзін з актыўных удзельнікаў тых падзеяў, актывіст партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык наступным чынам цяпер ацэньвае той час:

(Сіўчык: ) “Год быў вельмі цяжкі, і мне здаецца, што толькі ў Курапатах беларуская грамадзкасьць здолела наладзіць нармальны супраціў лукашэнкаўскаму рэжыму. Тыя пратэсты былі абсалютна недарэмныя. Усё ж удалося дамагчыся таго, што Курапаты не былі зьнішчаныя. Тыя падзеі паказалі, што ў беларускім грамадзтве ёсьць сілы, якія змагаюцца за Беларусь”.

Сярод затрыманых 8 і 9 лістапада было шмат сябраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ — Уладзімер Юхо, Рыгор Кійко, Уладзімер Плотнікаў, Сяргей Папкоў ды іншыя. Гаворыць сакратар управы партыі Валер Буйвал:

(Буйвал: ) “Спраўджваецца старая беларуская мудрасьць пра тое, што й адзін беларус можа супрацьстаяць злу. Але менавіта дзясяткі людзей здолелі тады ўратаваць Курапаты. І вось мінуў год з тых падзеяў. Мы сапраўды здолелі агульнымі намаганьнямі адстаяць Курапаты і працягваем рэалізоўваць ідэю народнага мэмарыялу — лесу крыжоў у Курапатах”.

Як паведаміў сёньня Радыё Свабода лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі, у ноч з 6 на 7 лістапада, напярэдадні адкрыцьця кальцавой дарогі, міліцыянты затрымалі актывістаў партыі Зьмітра Каўко і Васіля Парфянкова, якія спрабавалі зрабіць на агароджы ля ўрочышча некалькі надпісаў, сярод якіх быў і такі: “Лука, ушануй Курапаты”. Зьмітра Каўко накіравалі ў прыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна. Дзе знаходзіцца Васіль Парфянкоў, пакуль невядома.
XS
SM
MD
LG