Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗЬ СІЛАВЫМІ СТРУКТУРАМІ, ЯК З МАНЬЯКАМІ — НІКОЛІ НЕЛЬГА ПАКАЗВАЦЬ, ШТО ТЫ ІХ БАІШСЯ”


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька і намесьніца галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты” Ірына Халіп

(Віталь Цыганкоў: ) “Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі вынес афіцыйнае папярэджаньне лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку ў сувязі з тым, што ягоныя дзеяньні, на думку КГБ, могуць прывесьці да злачынства па артыкуле “здрада дзяржаве”.

Безумоўна, хапаць Лябедзьку на вуліцы людзьмі ў чорным камуфляжы трэба было найперш для аказаньня псыхалягічнага ўціску на палітыка. Сам Лябедзька прызнаўся, што нейкі час ня ведаў, куды яго вязуць, і адчуваў тое, што, напэўна, адчувалі Ганчар і Захаранка. Як такі захоп суадносіцца зь беларускім заканаўствам? Вядома, што ў Беларусі спэцслужбам дадзеныя даволі шырокія паўнамоцтвы, але наколькі такія дзеяньні адпавядаюць законам?”

(Тацяна Процька: ) “Сапраўды, схапіць чалавека на вуліцы і везьці яго невядома куды — нават у нашай дзяржаве незаконна. Калі чалавек з тых ці іншых прычынаў затрымліваецца праваахоўчымі органамі, яны павінныя прадставіцца — ці гэта будзе нумар, прозьвішча, званьне. Потым яны павінныя сказаць, якія дзеяньні будуць адносна яго прымененыя, і на якіх падставах.

Аднак ёсьць у нашым заканадаўстве такая мера, якая называецца “прэвэнтыўным прадухіленьнем злачынства”. Калі ёсьць пэўныя доказы ў праваахоўчых органаў, і яны лічаць, што трэба прадухіліць злачынства, парушэньне, яны могуць правесьці пэўную працу з патэнцыйным злачынцам”.

(Цыганкоў: ) “Калі б Лябедзька захацеў аспрэчыць юрыдычныя дзеяньні спэцслужбаў, ці меў бы ён нейкія шанцы выйграць судовы працэс?”

(Процька: ) “Паспрабаваць можна. Ён быў вельмі застрашаны — гэта магло прынесьці шкоду ягонаму здароўю. Тое, як яго хапалі, бачылі шмат людзей, і гэта магло пашкодзіць ягонаму аўтарытэту як грамадзкага і палітычнага дзеяча. Між іншым, ёсьць пэўны парадак, у якім робіцца гэта прэвэнтыўная мера. Мусілі былі даслаць позву ці нейкім іншым чынам ветліва запрасіць у КГБ чалавека, якога падазраюць у злачынстве”.

(Цыганкоў: ) “Тацяна Процька дала першасны юрыдычны камэнтар гэтаму здарэньню, цяпер зьвернемся да палітычных аспэктаў. Ірына, ці бачыце вы нейкі палітычна-прапагандысцкі сэнс у такой акцыі запалохваньня? Варта, дарэчы, адзначыць, што Беларускае телебачаньне вельмі сьціпла асьвятліла гэтае здарэньне, не пасьпеўшы альбо ня здолеўшы яго раскруціць. Можа, ня варта шукаць нейкіх глыбокіх палітычных прычынаў, а такія скандалы, як дэпартацыя Нямцова альбо захоп Лябедзькі тлумачацца проста пэрсанальным стаўленьнем да гэтых палітыкаў Аляксандра Лукашэнкі?”

(Ірына Халіп: ) “Гэта розныя рэчы. Калі дэпартацыя Нямцова пэўна зьвязаная з асабістым стаўленьнем да гэтага палітыка Лукашэнкі, то захоп Лябедзькі, як мне здаецца, можа і ня быў санкцыянаваны асабіста спадаром Лукашэнкам. Пра гэта сьведчыць, як вы і адзначылі, вельмі сьціплае асьвятленьне Беларускім тэлебачаньнем гэтай падзеі. Напэўна, БТ не пасьпела атрымаць аніякай дырэктывы — як асьвятляць гэтую падзею.

Я думаю, у сытуацыі зь Лябедзькам тут нешта іншае. Мы ўжо прызвычаіліся нікога не баяцца. Бо мы ўсе маем справу з трыма інстанцыямі — міліцыя, пракуратура і суды. Мы ведаем, чаго ад іх чакаць. Паспрабуйце ўзгадаць, калі і каго апошні раз хапалі на вуліцы, каб прывезьці ў КГБ. Апошнія гадоў 7–8 такога і не было. Значыць, хутчэй за ўсё КГБ вырашыў нагадаць усім, што ён існуе, ня сьпіць, ведае пра нас усё, у тым ліку і колькасьць візытаў Лябедзькі ў амэрыканскую амбасаду.

І па-другое, гэта новая хваля запалохваньняў. Ніхто з нас ня зьдзівіцца, калі будзе выкліканы ў пракуратуру, міліцыю ці атрымае позву ў суд. А ў выпадку з КГБ — гэта нешта новенькае”.

(Цыганкоў: ) “Тут дарэчы будзе згадаць і вэрсію, што зараз у нетрах беларускіх спэцслужбаў нібыта рыхтуецца пэўная перабудова, аддзяленьне асобных структураў і гэтак далей. Магчыма, менавіта таму КГБ зараз хоча паказаць, што ён яшчэ чагосьці варты, і такім чынам праявіць сябе ў тым ліку і перад Аляксандрам Лукашэнкам”.

(Халіп: ) “Калі працягваць гэтую думку, то можна згадаць, што зараз распрацоўваецца яшчэ і такі варыянт перабудовы дзяржаўных структураў як аб’яднаньне КГБ і Савету бясьпекі. І тады хто ў нас будзе галоўным? Вядома ж, КГБ. Але пакуль КГБ ня мае тых паўнамоцтваў, якія меў раней. Зараз усё цягне на сабе Савет бясьпекі”.

(Цыганкоў: ) “У сярэдзіне 1990-х КГБ абвінавачваў беларускага журналіста Аляксандра Люшкевіча ў супрацоўніцтве з турэцкімі спэцслужбамі. Дарэчы, гэты журналіст, не хаваючы, рыхтаваў для турэцкай амбасады інфармацыйныя бюлетэні. Калі чытаеш пратакол афіцыйнага папярэджаньня КГБ Анатолю Лябедзьку, то ствараецца ўражаньне, што гэта можна прымяніць да любога прыкметнага палітыка і журналіста — кантакты з замежнікамі, паездкі на сэмінары.

Ірына, вы як сьведка праходзілі па дзьвюх крымінальных справах, якія завялі пасьля публікацыі вашых артыкулаў. Да чаго павінныя быць гатовыя беларускія журналісты і палітыкі?”

(Халіп: ) “У справе Лябедзькі гаворка ідзе пра здраду дзяржаве. Дык калі атаясамліваць дзяржаву і цяперашнюю ўладу, дык я “здраджваю” гэтай дзяржаве кожны дзень і гэтым ганаруся. І думаю, што кожны журналіст і апазыцыйны палітык думае гэтак сама.

А да чаго трэба быць гатовымі? Да ўсяго. Ці проста мяняць кардынальна свае погляды і мяняць прафэсію альбо ўвогуле зьяжджаць. А так — быць гатовымі да ўсяго і быць пільнымі. Праўда, пільнасьць мае і адвароты бок — яна можа пераўтварыцца ў параною. На жаль, ніхто яшчэ не адмяніў ні інфарктаў, ні інсультаў, ні аўтамабільных аварыяў. І калі, барані Божа, што-небудзь такое можа здарыцца з апазыцыйным палітыкам альбо журналістам, вельмі цяжка будзе знайсьці ісьціну. Бо кожны з нас будзе думаць, што ўсё гэта ня проста так”.

(Цыганкоў: ) “Досьвед стасункаў з КГБ меў наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч. Калі яго на выхадзе з кватэры пасадзілі ў машыну і прывезьлі ў КГБ, ён проста адмовіўся гаварыць зь імі і нешта падпісваць без свайго адваката. Тацяна, што б вы параілі, як трэба сабе паводзіць, калі на вас вядуць наступ сілавыя структуры?”

(Процька: ) “Па-першае, старацца не хвалявацца. Спадар Грузьдзіловіч тады зьвярнуўся да Беларускага Гельсынскага камітэту, і мы выдзялілі яму юрыста, грамадзкага прадстаўніка, і ўсё абышлося вельмі далікатна — і з боку КГБ, і з боку Грузьдзіловіча.

Усё ж у нас краіна, якая мае пэўныя законы, і ня так лёгка іх парушаць, як гэта здаецца. Калі мы будзем прынцыпова падыходзіць да ўсіх пытаньняў і абараняць адзін аднаго, то ня так будзе гэта і страшна. Напрыклад, абвінавачаньне ў здрадзе дзяржавы вельмі такое расплывістае, і даказаць яго ў судзе зусім ня так лёгка, як напалохаць чалавека”.

(Цыганкоў: ) “Чыста псыхалягічна як павінен сабе паводзіць чалавек, якога кудысьці цягнуць, і ён пакуль ня ведае, што зь ім можа здарыцца? Ці трэба спрабаваць вырывацца, крычаць, прыцягваць увагу, ці варта заставацца спакойным і годным?”

(Процька: ) “Па-першае, прыцягнуць увагу трэба, каб былі сьведкі гэтай зьявы. Бо калі чалавек саромецца пракрычаць, потым цяжка знайсьці сьведкаў, і як гэта было са справай зьніклых палітыкаў, гэта потым замінае весьці расьсьледаваньне. Тут саромецца крычаць ня трэба.

Але адначасова ня варта даваць ім магчымасьць потым казаць, што чалавек перашкаджаў законным патрабаваньням праваахоўчых органаў. Трэба сказаць, што вы ведаеце свае правы, папрасіць прадставіцца і сказаць, што ўсе іншыя дзеяньні вы просіце рабіць у прысутнасьці свайго адваката. І папрасіць паклікаць свайго юрыста, адваката альбо нават свайго роднага, які таксама паводле існага заканадаўства мае права прысутнічаць пры розных дзеяньнях”.

(Цыганкоў: ) “Ірына, як вы сябе паводзілі ў пракурорскіх кабінэтах?”

(Халіп: ) “Я ведаю, што сілавыя структуры з савецкага часу прывыклі, што кожны чалавек абавязкова баіцца таго, хто носіць форму. Прытым неістотна — гэта міліцыянт альбо швайцар у рэстаране. Дык вось, яны вельмі ня любяць (і гэта бачна), калі чалавек іх не баіцца. Гэта выклікае ў іх разгубленасьць.

Таму нават калі табе страшна і хочацца схавацца пад стол і падпісаць усе паперкі, толькі б хутчэй выйсьці з гэтага кабінэту, пакою альбо камэры, нельга паказваць ім, што ты баісься. Трэба рабіць выгляд, што ты ўпэўнены, што табе нястрашна. Тут дарэчы, можна прымяняць інструкцыі па сустрэчах з маньякамі. Ніколі нельга паказваць маньяку, што ты баісься яго. Так і зь сілавымі структурамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG