Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ ПРЭЗЫДЭНТ ЧАЧЭНІІ З. ЯНДАРБІЕЎ: “ГАЛОЎНАЯ БАРАЦЬБА БЕЛАРУСІ ЗА ГРАМАДЗЯНСКІЯ КАШТОЎНАСЬЦІ – НАПЕРАДЗЕ. АЛЕ ВАШ ПЛЯЦДАРМ –НЕПАХІСНЫ”


Вольга Караткевіч, Прага

Днямі на расейскіх тэлеканалах была пракручаная відэастужка, якая паказвала былога кіраўніка Чачні Зелімхана Яндарбіева. Голасам дыктара гаварылася, што ў часе, калі адныя гінуць – маюцца на ўвазе чачэнцы – іх лідэры жывуць за мяжой, у добрых умовах і адтуль кіруюць паўстанцамі.

Мы дазваніліся ў Катар – Зелімхан Яндарбіеў, які зьяўляецца прадстаўніком Аслана Масхадава ў краінах Блізкага Ўсходу, зараз жыве там – і пацікавіліся ацэнкамі кіраўнікоў чачэнскіх паўстанцаў адносна таго, што адбылося ў Маскве, і пэрспэктываў...

Пачатак гутаркі быў нечаканым. Зелімхан Яндарбіеў, уведаўшы, што я зь Беларусі, адразу перадаў прывітаньне беларускаму пісьменьніку Леаніду Галубовічу, зь якім яны разам вучыліся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. Яндарбіеў запытаўся, ці ўсё ў Леаніда Галубовіча ў парадку, бо ў Беларусі складаная сытуацыя, і коратка пракамэнтаваў рашэньне ўладаў аб рэарганізацыі беларускіх часопісаў, сказаўшы, што цяпер пісьменьнікі будуць разьлічваць выключна на творчасьць і на сябе.

Зелімхан Яндарбіеў быў вядомы ў Чачэніі перадусім як паэт, перакладчык з розных моваў народаў былога СССР, публіцыст. Актыўнай палітыкай ён пачаў займацца, калі стаў намесьнікам Джахара Дудаева. Пасьля гібелі Дудаева ў 1996 Зелімхан Яндарбіеў ачоліў Чачэнскую рэспубліку да выбараў, на якіх перамог Аслан Масхадаў.

Пасьля таго, як у 1999 годзе пачалася так званая другая чачэнская вайна, Зелімхан Яндарбіеў зьехаў з тэрыторыі Расеі, і праз пэўны час Масхадаў вярнуў яго ў палітыку ў якасьці свайго прадстаўніка ў краінах Блізкага Ўсходу. Найперш я запыталася, чым, на яго думку, кіруюцца чачэнскія байцы і самазабойцы, калі захопліваюць людзей:

(Яндарбіеў: ) “Тыя, хто ў 1995 годзе змушаныя былі даць бой у Будзёнаўску, таксама ехалі ў Маскву. Гэта група Шаміля Басаева. Яны таксама ставілі мэтай спыніць тады вайну. І група Бараева таксама разьлічвала прадэманстраваўшы пагрозу ў Маскве прымусіць Пуціна неяк па-іншаму паглядзець на тое, што яны вырабляюць у Чачні. Гэта, разумееце, маральныя парывы. Гэта людзі, якія ў імя шляху Алаха і свабоды чачэнскага народу, незалежнасьці Чачэніі гатовыя былі аддаць жыцьцё. Яны так заяўлялі, яны так і зрабілі”.

Я папрасіла спадара Яндарбіева патлумачыць: што магла зрабіць і не зрабіла Чачэнія для таго, каб не пачалася ў 1999 годзе “другая чачэнская вайна”. Мой суразмоўца лічыць, што мірныя ініцыятывы чачэнцаў не былі ўлічаныя. Пад кіраўніцтвам Яндарбіева ў 1996 былі падпісаныя Хасаўюртаўскія пагадненьні пра вывад расейскіх войскаў. Зеліхман Яндарбіеў прыгадаў тыя перамовы.

(Яндарбіеў: ) “Гэта заплянава было яшчэ тады, калі спынялі вайну. Яшчэ ў Хасаўюрце у складзе дэлегацыі Лебедзя быў і Лукін. Ён уваходзіў у “Яблоко”, лічыцца вялікім дэмакратам. І вось гэты Лукін у запале дыскусіі проста сказаў: сёньня Расея слабая, таму вы скарысталі гэта. Вось гадоў праз 5 мы вам пакажам. Вось яно й атрымалася праз пяць гадоў амаль...”

(Карэспандэнтка: ) “Ці магчыма змяніць стаўленьне расейцаў да чачэнцаў, калі зьменіцца дзяржаўная расейская палітыка ў дачыненьні да Чачні?”

(Яндарбіеў: ) “За кароткі пэрыяд, вы і самі, беларусы, гэта добра адчуваеце на сваёй скуры, балтыйскія народы, азэрбайджанцы, грузіны – зараз быў дакладны прыклад – гэта доўгі і цяжкі шлях. Уся былая прастора СССР адчувае, што гэтага вельмі цяжка дасягнуць – іншага стаўленьня расейскіх уладаў да суседніх народаў. Каб Расея моцна паважала, трэба быць моцным, як Амэрыка. І стварэньне такога доўгатэрміновага прэцэдэнту, што людзі доўгі час будуць знаходзіцца ў такім ваенным канфлікце, пасьля будзе адбівацца як на чачэнскіх праблемах, так і для суседзяў, для Расеі”.

Зелімхан Яндарбіеў выказаў пэўную крытыку адносна непасьлядоўнасьці пазыцыі Эўропы ў пытаньні Чачэніі і парушэньня там правоў чалавека. Ён адзначыў, што ня верыць у пагадненьні, бо яны не выконваюцца. А на пытаньне, на каго ж яны разьлічваюць, адказаў, што тут яшчэ й момант розьніцы паміж усходнім і заходнім чалавекам:

(Яндарбіеў: ) “Мы спадзяемся на Ўсявышняга. Гэта – нашае асноўнае. Усё астатняе ідзе ад яго волі і яго міласэрнасьці. І калі мы як народ веруючы, які арыентуецца на тое, каб выконваць тое, што Ўсявышнім дазволена і не дазволена ў разуменьні зямнога і таго, што будзе Судны дзень, мы перакананыя – дапамога прыедзе”.

(Карэспандэнтка: ) “На чым можна адбудоўваць краіну, разбураную, зь вялікай эміграцыяй, спрэчкі клянаў...”

(Яндарбіеў: ) “Калі гаварыць коратка, гэта рэальна. Няма ніякіх клянаў, чачэнскае грамадзтва ня больш клянавае за іншае вакол яго. Гэта – міты. Чачэнія – гэта такая багатая зямля: у нас ёсьць нафта, у нас ёсьць газ, у нас ёсьць вельмі каштоўныя пароды дрэваў, усё іншае. У нас ёсьць лекавыя крыніцы, мінэральныя крыніцы, Чачэнія ўжо праз год бы стала на ногі”.

Пад час нашай гутаркі спадар Яндарбіеў пацікавіўся пра сытуацыю ў Беларусі і апошні канфлікт з Расеяй – маецца на ўвазе газавая спрэчка. Чачэнскі палітык сказаў, што ён увесь час адсочвае, што адбываецца ў Беларусі і Ўкраіне і вакол іх, бо ад разьвіцьця гэтых краінаў і інтэграцыі іх у Эўропу залежыць пэўным чынам і дэмакратызацыя Расеі, а пасьля выказаў сваё бачаньне ролі Аляксандра Лукашэнкі:

(Яндарбіеў: ) “Так я сачу за тым, што там адбываецца, якія ён там цуды савецкай рэчаіснасьці стварае, як ён лез у абдымкі Ельцына, Пуціна. Пасьля Пуцін сваімі нахабнымі паводзінамі яго адштурхнуў. Я думаю, ён надта прагматычны. Мне падаецца, што галоўная вашая барацьба за грамадзянскія каштоўнасьці ў Беларусі наперадзе, але пляцдарм ваш, я думаю, непахісны, ні жаданьнямі Пуціна, ні жаданьнямі Лукашэнкі”.

Днямі Інтэрфакс са спасылкай на ОРТ заявіў, што Катар разглядае пытаньне пра перабываньне на яго тэрыторыі былога чачэнскага прэзыдэнта Яндарбіева. Расея патрабуе яго выдачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG