Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 ЛІСТАПАДА МЕНЧУКІ НЯ ЛІЧАЦЬ СЬВЯТАМ


Галіна Абакунчык, Менск

Спробу Лукашэнкі рэанімаваць традыцыі камуністычных часоў наўрад ці можна лічыць удалай: ніхто з маіх сёньняшніх суразмоўцаў ня лічыць 7 лістапада сьвятам і ніяк не адзначае гэты дзень. А менскія школьнікі ўвогуле мала ведаюць пра падзеі 85-гадовай даўніны.

(Хлопчык: ) “Ня ведаю”.

(Іншы хлопчык: ) “Таксама ня ведаю”.

(Хлопчык: ) “Гэта, здаецца, паўстаньне ля Зімовага палацу. Там змагаліся бальшавікі супраць... як іх? Рэвалюцыянэраў. Далей ня памятаю”.

(Юнак: ) “Сутнасьць кастрычніцкай рэвалюцыі мы памятаем. А пра што там дакладна было, ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “А як сьвяткуеце?”

(Юнак: ) “Ніяк не сьвяткуем! Гэта праходзіць як звычайны дзень”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, што гэта ня вельмі вялікае сьвята, таму проста адпачываем”.

(Юнак: ) “Ведаю, што гэтая рэвалюцыя праходзіла вельмі даўно, але мабыць гэта сьвятам і нельга назваць, паколькі было вельмі шмат крыві праліта”.

(Карэспандэнтка: ) “А ты ведаеш, што такое кастрычніцкая рэвалюцыя?”

(Хлопчык: ) “Так”.

(Карэспандэнтка: ) “І што гэта?”

(Хлопчык: ) “А нічога”.

Дзень 7 лістапада больш ня ёсьць сьвятам і для людзей сярэдняга веку. Некаторыя называюць гэтую дату адной сярод многіх у жыцьці краіны, а многія кажуць, што падзеі 1917 году сталіся найтрагічнейшымі за ўсю айчынную гісторыю. Таму выходныя дні аддаюць працы альбо адпачынку.

(Спадарыня: ) “Для мяне гэта ня сьвята, бо мае бацькі многа перажылі. І мне дасталося: у школе заніжалі адзнакі, бо я не была камсамолкай. Не далі вучыцца, дзе я хацела. Я ўсё памятаю і гэтага сьвята не адзначаю”.

(Спадар: ) “Гэта не маё сьвята, і я яго не адзначаю ніяк”.

(Спадарыня: ) “Ніяк не адзначаем. Для нас яно ўжо нічога ня значыць”.

(Спадар: ) “Раней я па-іншаму стваіўся да гэтай даты. А цяпер яна для мяне не азначае нічога добрага”.

(Спадарыня: ) “Зусім не азначаю й наагул дрэнна памятаю, што гэта за дзень”.

(Спадар: ) “У далёкім 1917 годзе адбыўся незаконны захоп улады. Таму я не разглядаю гэта як сьвята. Нам патрэбна яшчэ асэнсаваць усё й памятаць, каб падобнага не паўтарылася”.

І ўсё ж, найбольш нечаканыя меркаваньні пра дзень 7 лістапада выказвалі людзі сталага веку. Тыя, хто так званымі “ідэаламі кастрычніцкай рэвалюцыі” жылі ўсё жыцьцё, больш ня лічаць гэтую падзею выключна станоўчым фактам гісторыі.

(Спадар: ) “Ну, сьвята ёсьць сьвята. Мы яго сьвяткавалі заўсёды, дык трэба сьвяткаваць і далей. Многае было добра, але было й кепскае, і гэта вядома ўсім”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта была ўсясьветная падзея. У нашай краіне, здаецца, мы ўсё яшчэ працягваем будаваць сацыялізм, але нешта дрэнна атрымліваецца”.

(Спадарыня: ) “Ніхто ня хоча сьвяткаваць, а гэта ж наша сьвята, нашага пакаленьня. Акрамя таго, мы бедныя сталі, жабракі ўвогуле. На кубачак гарбаты хапіла бы, але ж ніхто ня хоча сьвяткаваць. Больш мне няма чаго сказаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG