Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ КІРАЎНІК СТРАЙКАМУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ БЕЛАРУСІ ВАЛЕРЫ ЛЕВАНЕЎСКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

(Леванеўскі: ) “Для мяне сёньня было поўнай нечаканасьцю, што мяне адпусьцілі раней за тэрмін прыблізна на тры гадзіны. Мне патлумачылі, што кіраўніцтва абласное дало загад, каб мяне адпусьціць. Матывуючы гэты тым, што сёньня сьвята”.

Валеры Леванеўскі, аднак, лічыць, што міліцэйскае начальства папросту не жадала, каб да Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі прыйшлі яго сустракаць родныя і прыхільнікі. Ён перакананы, што на 15 сутак яго пасадзілі незаконна, бо ніякага несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў ён ня ладзіў.

Яшчэ да свайго арышту Валеры Леванеўскі пачаў судзіцца з спэцпрыёмнікам:

(Леванеўскі: ) “Зараз будзе тое ж самае. Адзінае, што будзе прад’яўлены пазоў да ізалятара часовага ўтрыманьня. Мяне першы дзень майго арышту зьмясьцілі менавіта туды, і я начаваў там. Умовы ўтрыманьня там кашмарныя. Правы чалавека не захоўваюцца. Мяне, можна сказаць, прынізілі — распранулі дагала, што не прадугледжана ніякім заканадаўствам. Яны маюць права праводзіць толькі асабісты догляд”.

У міліцыі, як ні дзіўна, знаходзяцца тлумачэньні таго, чаму людзей трымаюць у камэрах як быдла:

(Леванеўскі: ) “Матывуецца гэта ўсё тым, што ім не хапае сродкаў. Тады паўстае пытаньне: навошта саджаць людзей за краты, калі сродкаў не хапае? Увогуле я буду ставіць пытаньне аб закрыцьці дадзенага спэцпрыёмніка. У ім адсутнічае гарачая вада, доктар, пакой для бялізны, людзі сьпяць на падлозе. Я сказаў бы, хатнія жывёлы або нават жывёлы на фэрме жывуць ва ўмовах, значна лепшых і спрыяльных, чымсьці людзі ў гэтых спэцпрыёмніках”.

Валеры Леванеўскі гаворыць, што пасьля галадоўкі адчувае сябе даволі нармальна. Адзінае, што на целе ў яго ўзьніклі скулы, і яго вазілі да доктара, каб ускрыць іх. Аднак не дазволілі езьдзіць на штодзённыя перавязкі.

Тое, што Валерыя Леванеўскага выпусьцілі на волю ціхенька, каб ніхто не заўважыў, адпавядала другой падзеі дня. Упершыню гарадзенскія пэнсіянэры прыйшлі да ленінскай статуі ціхмяна, моўчкі паклалі кветкі і моўчкі разышліся. Не было ні сьцягоў, ні плякатаў, ні партрэтаў. Нават каля Леніна не вісеў сьцяг СССР.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG