Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАМУНІСТЫ АРГАНІЗАВАЛІ Ў МЕНСКУ НЕСАНКЦЫЯНАВАНАЕ ШЭСЬЦЕ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На пляцоўцы каля Акадэміі Навук сёньня раніцай сабралася больш за 1000 прыхільнікаў камуністычнай ідэі, пераважна пэнсійнага веку. Прыйшлі яны туды на заклік апазыцыйнай уладам ПКБ, каб адзначыць 85-ю гадавіну кастрычніцкага перавароту. Напярэдадні гарадзкія ўлады забаранілі ПКБ ладзіць дэманстрацыю, а дазволілі толькі мітынг на плошчы Бангалор. Тым ня менш, лідэр апазыцыйных камуністаў Сяргей Калякін дамовіўся зь міліцэйскім начальствам, і аб 11 гадзіне чырвонасьцяжная калёна пад аркестровы марш рушыла ў бок Бангалору.

На вуліцы Сурганава яны занялі ўсю першую паласу праезнай часткі дарогі. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін так патлумачыў мэты гэтай акцыі:

(Калякін: ) “Рэвалюцыя — гэта ня толькі штурм, ня толькі вайна. Гэта карэнная зьмена сутнасьці жыцьця, грамадзкіх дачыненьняў. І мы за такі пераварот у нашай краіне, які павінен прывесьці нас да годнага жыцьця. Таму людзі сёньня прыйшлі пад лёзунгам “За годнае жыцьцё!” Мы пратэстуем супраць бяспраўя, супраць уціску дэмакратыі й любых свабодаў у Рэспубліцы Беларусь, супраць беззаконьня. Мы пратэстуем супраць росту цэнаў і спыненьня прадпрыемстваў, супраць масавага беспрацоўя. Таму сёньня з намі так шмат людзей”.

Аднак ня ўсе ўдзельнікі камуністычнага шэсьця былі настроеныя так дэмакратычна, як лідэр ПКБ. Вось якія лёзунгі выкрыквалі каля дваццаці падлеткаў са сьцягамі расейскай нацыянал-бальшавіцкай партыі:

(Воклічы: ) “Врагам народа новый 37-й! Завершим реформы так: Сталин, Берия, ГУЛАГ!”

Ня вызначаліся асаблівым дэмакратызмам і састарэлыя прыхільнікі ВКПБ з партрэтамі Сталіна ў руках.


На Бангалоры камуністы правялі кароткі мітынг. Прамоўцы былі настроеныя апазыцыйна і заклікалі памяняць “буржуазную ўладу” Аляксандра Лукашэнкі на “сапраўдную народную”.

Падчас мітынгу міліцыянты ўручылі Сяргею Калякіну і кіраўніку гарадзкой арганізацыі ПКБ Алегу Мазго позвы. За арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця яны хутчэй за ўсё будуць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці. Сяргей Калякін лічыць, што закону аб прывядзеньні вулічных шэсьцяў і мітынгаў ён не парушаў.

Пасьля мітынгу лідэры ПКБ паехалі ўскладаць кветкі да помніка Леніну. А сёньня раніцай да помніка правадыра бальшавікоў ускладалі вянкі актывісты праўрадавай КПБ. 5 лістапада яны таксама ўдзельнічалі ва ўрачыстым сходзе, арганізаваным менскімі ўладамі. Мерапрыемствы рознага фармату з нагоды кастрычніцкага перавароту былі арганізаваныя як уладамі, так і камуністамі з розных партыяў і ў іншых гарадах Беларусі.
XS
SM
MD
LG