Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛУКАШЭНКА АДКРЫЎ МЕНСКУЮ КАЛЬЦАВУЮ ДАРОГУ


Ігар Карней, Менск

Праўда, амаль усю першую палову дня рух па ўсёй трасе адсутнічаў: супрацоўнікі ДАІ нікога не пускалі на трасу, якая, паводле Лукашэнкі, “стагодзьдзі мусіць служыць людзям”. Дарэчы, кошт яе немалы нават паводле міжнародных мерак — 200 мільёнаў даляраў.

Чым бліжэй да кальцавой дарогі, тым больш міліцыянтаў. Практычна на кожным скрыжаваньні стаіць машына ДАІ, унутры сядзяць міліцыянты, якія атрымалі загад не пускаць кіроўцаў на кальцавую дарогу.

(Голас з узмацняльніка спэцмашыны ДАІ: ) “78-11, праяжджайце па прамой, кальцавая дарога зачыненая”.

(Карэспандэнт: ) “Ад каго такі загад?”

(Даішнік: ) “А вам якая справа? Ад камандзіра ўзводу! Я ня маю паўнамоцтваў даваць дазвол на праезд. Хочаце прарвацца, спусьціцеся ўніз, там стаіць камандзір узводу, няхай ён вам нешта распавядае”.

(Голас з узмацняльніка: ) “Кальцавая зачыненая, праяжджайце наўпрост...”

Урэшце міліцыянт, які не пускаў на кальцавую дарогу, згадзіўся, каб я пад’ехаў да ягонага камандзіра. Я зьехаў на кальцавую дарогу, і адразу ўбачыў дастаткова вялікі затор. Удалечы — некалькі машынаў ДАІ. Паспрабую пагаварыць з інспэктарамі дарожна-паставой службы.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень. Скажыце, а журналістаў пускаеце?”

(Лейтэнант міліцыі: ) “А чым вы лепшыя за іншых? Ведаеце, вы не пасьпелі. Нам загадалі зачыніць праезд для ўсіх відаў транспарту. Нават грамадзкі транспарт ня ходзіць. Я ня супраць, у вас праца такая, але нічым не магу дапамагчы”.

Час блізкі да абеду, але зьехаць на кальцавую па-ранейшаму немагчыма. Спрабую ехаць праз горад. Але пакуль паўсюдна адзін малюнак: аўтамабільныя заторы. Бальшыня тых, хто мае машыны, спрабуе выехаць за межы гораду, на лецішчы, да бацькоў. Але практычна ўсюды па Менску заторы — на кальцы сёньня Аляксандар Лукашэнка, і машыны не дапускаюцца да кальцавой дарогі.

Вось яшчэ адзін затор, гэтым разам на вуліцы Мірашнічэнкі. Машын недзе 30–40, кіроўцы ня ведаюць, што рабіць, куды ехаць.

(Галасы кіроўцаў: ) “Усё зачынена, бо чакаюць “бацьку”. Будзе ўрачыстае адкрыцьцё трасы. Хто першым прарвецца, атрымае 10 тысяч баксаў (Сьмяюцца.)”.

(Карэспандэнт: ) “Дык чаго ж вы не паехалі?”

(Кіроўцы: ) “А мы ўжо зьезьдзілі, атрымалі, па другім разе толькі штрафы даюць. А калі сур’ёзна, то мы па ёй яшчэ сёньня ня езьдзілі. Дарога, у прынцыпе, нармальная. Толькі трэба скасаваць знакі “60”, каб ДАІ мазгі нам не ўстаўляла. А каб паўсюдна дублявалі знак “90”.

(Кіроўца таксі: ) “Галоўнае, каб асфальт быў добры, каб добра паклалі. А то тэрміны вельмі падазроныя. Такая дарога павінная будавацца ня меней за пяць гадоў. А яны яе за год пабудавалі. Самае галоўнае, каб якасьць асфальту была прымальная, каб будаўнікі яго падчас працы не прапілі. Калі ямаў не павыбіваюць, значыцца, рабілі сумленна”.

У раёне той жа вуліцы Мірашнічэнкі кальцавая дарога знаходзіцца ў нейкіх 50 мэтрах ад жылых дамоў. Раней, калі дарога мела толькі дзьве паласы, жыхары суседніх дамоў яшчэ так-сяк цярпелі. Цяпер жа...

(Карэспандэнт: ) “Дарога, якая была на гэтым месцы раней і зараз: ці адчуваецца істотная розьніца?”

(Жанчына: ) “Так, адчуваецца. Шум зараз вялікі, фуры бясконца носяцца і ўдзень, і ўначы. І, нягледзячы на тое, што паставілі экраны, нічога не дапамагае. Такі вугалок быў спакойны, а зараз мост узьвялі”.

(Карэспандэнт: ) “Разьвязка будзе, так?”

(Жанчына: ) “Пэўна, разьвязка. А яшчэ кажуць, рынак нейкі зробяць, дык наагул можа мяняць кватэру прыйдзецца?”

(Карэспандэнт: ) “Ня ведаеце, чаму ля кальцавой так шмат вайскоўцаў?”

(Жанчына: ) “Гэта ж сапраўды прывезьлі цэлы аўтобус амонаўцаў. Каго яны тут ловяць?”

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Лукашэнка адчыняе сёньня дарогу...”

(Жанчына: ) “Дык што, яны ахоўваюць Лукашэнку? Каму ён патрэбны? Усіх баіцца”.

Аляксандар Лукашэнка паставіў будаўнікам найвышэйшую адзнаку і назваў завяршэньне будаўніцтва “вялікай перамогай”. А затым і сам праехаў у суправаджэньні эскорту... па пустой трасе.
XS
SM
MD
LG