Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛАГІШЫН


Ягор Маёрчык, Лагішын

Лагішынскі марш. Навукоўцамі гэты помнік народнай творчасьці не дасьледаваны зусім. У даведніках ды энцыкляпэдыях нават няма згадак пра яго. Але для месьцічаў гэтыя 50 сэкундаў музыкі бяз словаў — своеасаблівы гімн роднага куточка.

Традыцыйная забудова. На цэнтральным пляцы стаяць касьцёл і праваслаўная царкава. Асобнай групай трымаюцца будынак сельскага савету, управа калгасу “Беларусь”, дом культуры і сельмаг, які зь нядаўняга часу завецца “гандлёвы дом”.

Ля касьцёлу — калёнка. Старэнькая баба Марыя намагаецца накачаць вядро вады. Ад прапанаванай дапамогі адмаўляецца.

(Марыя: ) “Хто лепш зарабляе, той лепш і жыве.А хто пэнсію маленькую мае, таму й цяжка. У мяне 67. Вельмі не хапае, бо я жыву ў сям’і. Сын, нявестка. двое дзяцей. І гэта на нас усіх дзеліцца, лічы, пароўну. Хлеб заўсёды ёсьць. А да хлеба штосьці маем, як калі прыйдзецца. Тое вось і ўжываем. На нашым палетку морква ўрадзіла, а бульба ніяк. Пасадзілі дзевяць, а накапалі восем мяхоў. Я мяркую, што ў нас ідзе ўсё да лепшага. Мы жывем да разьвіваемся”.

У Лагішыне людзі ў адзін голас кажуць, што неўраджаі — гэта наўпроставыя наступствы мэліярацыі, якая праводзілася тут у савецкі час. Але гэтым помста прыроды не абмяжоўваецца.

З Аленай Каралевіч было так. Спачатку ейныя палеткі пакутавалі ад засухі, а затым скамянелая глеба стала дном возера, якое ўзьнікла пасьля слабенькага дожджыка. Ураджай загінуў. Спадзяваньні на дапамогу мясцовай улады былі марныя.

(Каралевіч: ) “Ох! Якія праблемы? Праблемы ў тым, каб трошку дзейнічаў нейкім закон, каб увагу людзям надавалі. Людзі хочуць рабіць, мець надзел зямлі, альбо чым-небудзь заняцца. І тут жа падаткамі абкладаюць, што нельга жыць. І вось у нас няма такога кіраўніка, каб гэта зразумеў. Крыху больш увагі. І ўсё! Дэпутаты сядзяць. Ім заробак ідзе. Ім там добра! Навошта ён там? Вось навошта там дэпутаты!? Гэтыя тузы! Тузы гэтыя!! Каб я крышку была пісьменная і каб мяне туды пусьцілі, я бы сказала: “Хлопцы родныя! Дэпутаты вы мае дарагія, як мне вас шкада!”

Вырашаю зайсьці ў сельсавет. Хачу даведацца, як мясцовыя ўлады дбаюць аб праблемах тутэйшага насельніцтва. Сваім зьяўленьнем і просьбай даць інтэрвію я бянтэжу сакратарку Тамару Мазуркевіч:

(Мазуркевіч: ) “Ой! Ведаеце, я так хвалююся, што нібыта мне прапанову робяць...”

(Карэспандэнт: ) “Улада мае аўтарытэт у людзей?”

(Мазуркевіч: ) “Так адназначна не скажаш. Чаму й не? Ёсьць. Але, разумееце, людзі ўжо нахабныя сталі. Просім, давяраем ім, а яны становяцца нахабнымі. Вось, дайце — зраблю, не дасьцё — ня буду”.

(Карэспандэнт: ) “Тыя выбары, якія хутка адбудуцца ў мясцовыя саветы — ці яны неяк змогуць зьмяніць расклад сілаў, як вы думаеце?”

(Мазуркевіч: ) “Калі паглядзець на дэпутацкі корпус, адныя кіраўнікі. Ня ведаю, што гэтыя выбары зьменяць. Дэпутацкі корпус зноў жа будзе амаль такім жа. Што тычыцца вывучэньня моваў, дык у нас дзейнічае пры касьцёле нядзельная школа вывучэньня польскай мовы й рэлігіі. Тры школы ёсьць. Навучаньне ў сярэдняй праводзіцца на расейскай мове. Але вывучаецца й беларуская мова, літаратура й язык. Пачатковая школа. Навучаньне на расейскай мове”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, інтэрвію даваць ня цяжка?”

(Мазуркевіч: ) “Цяжка! Я проста засаромелася. Ну, самі ведаеце: прыйшлі без папярэджаньня, безь нічога. Тым больш вы зь вялікага гораду, зь Менску. Усё выскачыла з галавы. Усё! Я вам больш нічога не скажу!”

Тамара Мазуркевіч зь непрыхаванай палёгкай паведамляе, што суполак апазыцыйных партыяў і арганізацыяў у Лагішыне няма. Але прызнаецца, што ёсьць тут жыхар, які вызначаецца “скрайнімі поглядамі”.

Увогуле, якая бывае апазыцыя? Часьцей праводзяць такі падзел: палітычная і эканамічная. Ну, хтосьці яшчэ ўзгадвае культурніцкую. А вось Казімер Стэфановіч — прадстаўнік апазыцыі алькагольнай.

(Стэфановіч: ) “Самае прыкрае, што ёсьць — гэта спрыяньне разьвіцьцю алькагалізму. У Лагішыне недзе 12 кропак, дзе гандлююць алькаголем у дзяржаўных крамах. А тое, што прадаецца нелегальна, у тры разы больш. За мяжою бутэлька гарэлкі каштуе, як 20 бутэлек алею. А тут аднолькава: бутэлька гарэлкі й бутэлька алею. Улада спрыяе, каб людзі сьпіваліся. З маёй размовы з вамі вы бачыце, што я апазыцыянэр прэзыдэнту: алькагалізм, беспрацоўе і абяцаныя сто даляраў, якія ніхто не атрымлівае”.

(Карэспандэнт: ) “Хутка будуць выбары ў мясцовыя саветы. Можа, паспрабавалі б пачаць палітычную кар’еру?”

(Стэфановіч: ) “Мне ўжо 70 гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “...сталі б дэпутатам мясцовага савету. Узьнялі б гэтыя праблемы”.

(Стэфановіч: ) “Слухайце, алькаголікі ж скажуць, што я дурань”.

Пэўная палітызаванасьць жыхароў Лагішына навідавоку. Але месьцічы не сьпяшаюцца адкрыта выказваць свае думкі. Чаму? Гэтае пытаньне я адрасую кіраўніку Пінскай суполкі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Віктару Ярашуку.

(Ярашук: ) “Зараз беспрацоўе. Людзям вельмі цяжка. У невялікіх мястэчках чалавек, які будзе апазыцыянэрам, папросту ня здолее тут жыць. Апазыцыя ў людзей ёсьць. Яны баяцца пра гэта казаць уголас. Гэта мэнталітэт палешукоў — не высоўвацца. Як толькі ўлада зьменіцца ў Беларусі, у Лагішыне гэтая ўлада без усялякіх праблемаў будзе прынятая. Людзі баяцца праводзіць паралелі. Бо зь любой паралельлю трэба выходзіць на палітыку. А людзі вельмі баяцца палітыкі”.

Але вернемся ў Лагішын. На ўскрайку мястэчка капаюць крэйду. Я ня маю на ўвазе прамысловую распрацоўку радовішча. Не, гэта такі сямейны бізнэс роду Кульбядовічаў. У справе здабычы і перапрацоўкі карыстаюцца сваімі арыгінальнымі мэтадамі — капаньне рукамі, перамельваньне, замешваньне “крэйдавага цеста”, высушваньне цаглінак. Гэтым крэўныя Кульбядовічаў займаліся пры ўсіх уладах: польскай, савецкай, нямецкай, зноўку савецкай і беларускай.

Пра сёньняшнія асаблівасьці крэйдавага бізнэсу — Яніна:

(Кульбядовіч: ) “А што, трэба па-беларуску гаварыць? Я паблытала ўсё мовы і ня ведаю, на якой размаўляю. На лагішынскай мове. Таксама, нібыта, як па-беларуску, але ўсё адно па-беларуску не разумеем. У нас на расейскай мове школа была. А беларуская ішла як замежная мова.

Цяжкая праца. На харчы зарабіць можна. Хай бы ўсе гэтым займаліся, але бачаць, што цяжка, і ніхто не жадае. Зараз гандаль ідзе меней. Таму што цяпер ужо плітамі ўкладваюць столь, шпалеры клеяць. Але ў вёсках яшчэ беляць. У краму шмат крэйды прывозяць, але ўсё адно бяруць у нас, бо ў нас крэйда больш белая. Мы капаем яе рукамі, а яны экскаватарам. Калі не хапае вітамінаў, некаторыя людзі набываюць, каб яе есьці. Шмат у нас такіх ёсьць пакупнікоў. Ой! Гандаль які б быў, каб у нас крэйду замест хлеба набывалі!”

Кульбядовічы гандлююць крэйдай у Пінску. А месьцічам аддаюць яе задарма. Прызнаюцца, што рука не падымаецца браць грошы з суседзяў.

Мой наступны суразмоўца, які адмовіўся прадставіцца, у гэтым сэнсе зьяўляецца поўнай супрацьлегласьцю. Ён адмыслова прыяжджае ў Лагішын зь няхітрым таварам. Раскладвае на імправізаваным рынку й спрабуе гандляваць.

(Спадар: ) “На нечым канкрэтным я не спыніўся: шампунь, дэзадаранты, радыётэхніка, жуйкі для дзяцей, цацкі. Тут школа непадалёк, дык асадкі добра ідуць. Пацямнела, дык зараз ліхтарыкі добра пайшлі. Самыя багатыя — гэта школьнікі. Увесь час набываюць і набываюць”.

(Карэспандэнт: ) “Калі былі выбары прэзыдэнта, Аляксандар Лукашэнка абяцаў эканамічную й падатковую палёгку для прадпрымальнікаў. Прайшоў год. Ці адчуваецца гэтая палёгка?”

(Спадар: ) “Ой! Я не адчуў яе. На ўсе грошы, якія ў мяне былі, я набыў тавар. Дома — ні капейкі”.

Я знаходжуся на ўскрайку Лагішына. Перад маімі вачамі шыльда. Напісана, што на гэтым месцы ўзводзіцца Дом міласэрнасьці. Тэрмін заканчэньня будаўніцтва — сёлетні верасень. Але на дадзены момант не пабудаваны нават першы паверх. Маленькае мястэчка мае свой вялікі даўгабуд.

Дом міласэрнасьці пачынаў будаваць Саюз палякаў пры фінансавай дапамозе ўладаў суседняй краіны. Пінская вэртыкаль захацела стаць гаспадаром установы, як толькі перарэжуць чырвоную стужку. Каб дасягнуць сваёй мэты чыноўнікі нават пэўны час не рэгістравалі тутэйшую суполку зьвязу. Пасьля доўгіх разьбіральніцтваў патранаж над будаўніцтвам перадалі дыяцэзіі ў Пінску. Прадстаўнікі ўсіх трох бакоў устрымліваюцца ад размоваў на гэты конт.

Лагішын — гэта самае буйное кампактнае месца пражываньня каталікоў на Піншчыне. Траціна тутэйшага насельніцтва лічыць сябе палякамі. Вера й захаваньне традыцыяў увесь час падмацоўваюцца легендай пра абраз Маці Божай, які неаднаразова ратаваў паселішча ад зьнішчэньня падчас шматлікіх войнаў.

Амаль пяцьцю стагодзьдзямі ад дня нараджэньня і магдэбурскім гербам могуць пахваліцца шмат якія мястэчкі Беларусі. А Лагішын унікальны тым, што акрамя ўжо згаданага гімну мае й сваё арыгінальнае слова да Бога.

Удзячныя вернікі склалі песьню-малітву на польскай мове:

Матка Божая Лагішынская, Каралева Палесься,
зірні на нас з ласкай і пачуй пакорную малітву.
Дзякуем Табе за тое, Найлепшая наша Матка,
што дапамагаеш нам, што ўціраеш слёзы,
што Ты заўсёды ў нас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG