Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ СПАДЗЯЕЦЦА, ШТО АБСЭ ЗМОЖА АДНАВІЦЬ СВАЁ СУПРАЦОЎНІЦТВА ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ


Сяргей Шупа, Прага

Да Круш зазначыў, што будзе захаваная бязь зьменаў галоўная частка мандату – магчымасьць назіраньня і інфармаваньня пра стан правоў чалавека. Нагадаю, што апошні міжнародны супрацоўнік місіі АБСЭ пакінуў Беларусь на мінулым тыдні.

Сэнс новай прапановы старшыні АБСЭ тлумачыць прэсавы сакратар аддзелу Прэсы і публічнай інфармацыі АБСЭ Рычард Мэрфі.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна разглядаць учорашнюю заяву спадара Да Круша як новы паварот у дачыненьнях АБСЭ і Беларусі? Што менавіта спрычыніла гэты паварот?”

(Мэрфі: ) “Я думаю, што галоўнае, на што хацеў зьвярнуць увагу дзейны старшыня – гэта тое, што АБСЭ гатовая да супрацоўніцтва з уладамі Беларусі, каб забясьпечыць, што мы захоўваем прысутнасьць у гэтай краіне, і я думаю, што ён хацеў падкрэсьліць гнуткасьць пазыцыі АБСЭ ў пытаньні мандату, аднак пры гэтым “ядро” мандату мусіць быць захаванае. Інакш кажучы, будучая місія мусіць мець магчымасьць назіраньня за ўнутранай сытуацыяй у Беларусі і інфармаваньня пра яе”.

(Карэспандэнт: ) “Ці гэтая новая прапанова не ўяўляе сабою нешта накшталт саступкі з боку АБСЭ?”

(Мэрфі: ) “Я б так не сказаў. Мы мелі цяжкі пэрыяд у дачыненьнях зь Беларусьсю, і мы спадзяемся, што пасьля візыту нашага генэральнага сакратара гэтымі днямі з абодвух бакоў назіраецца жаданьне рухацца наперад і загарнуць тую непрыемную старонку”.

(Карэспандэнт: ) “Але ў любым выпадку, гэта ў нейкім сэнсе – зьмена пазыцыі з боку АБСЭ. А якіх зьменаў вы спадзеяцеся ад беларускага боку?”

(Мэрфі: ) “Паглядзім. Цяпер мы чакаем ад беларускага боку сыгналу аб жаданьні пачаць перамовы. Пакуль што ўсё сьведчыць пра тое, што яны жадаюць рухацца як мага хутчэй”.

(Карэспандэнт: ) “Як можа выглядаць магчымы графік стварэньня новай місіі? Ці пасьпее яна пачаць працу да мясцовых выбараў у Беларусі – да вясны 2003 году?”

(Мэрфі: ) “На гэтым этапе пакуль што немагчыма нічога сказаць. АБСЭ будзе старацца зрабіць усё як мага хутчэй”.
XS
SM
MD
LG