Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛЯБЕДЗЬКА РЫХТУЕ СКАРГУ Ў ПРАКУРАТУРУ НА НЕЗАКОННЫЯ ДЗЕЯНЬНІ КГБ


Валер Каліноўскі, Менск

Інцыдэнт з Анатолем Лябедзькам выклікаў нэгатыўную рэакцыю ў Беларусі і сьвеце. Міністар замежных справаў Чэхіі Цырыл Свобада сёньня заклікаў не даваць А.Лукашэнку візу на праскі саміт NATO, спасылаючыся менавіта на гвалтоўныя дзеяньні да лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Беларускі Гельсынскі камітэт назваў падобную “працэдуру” вынясеньня папярэджаньня незаконнай, зазначыўшы, што мэта такіх дзеяньняў –—запалохваньне А.Лябедзькі і ўсёй дэмакратычнай грамадзкасьці. З падтрымкай і салідарнасьцю А.Лябедзькі выступілі як беларускія палітыкі, у прыватнасьці, былы палітвязень Андрэй Клімаў, так і замежныя.

Падрабязнасьці ўчорашняга інцыдэнту ля амэрыканскай амбасады высьвятляюць прадстаўнікі многіх іншых амбасадаў у Беларусі, а таксама дэпутаты з Даніі, Швэцыі. А Анатоль Лябедзька, вытрымаўшы нечаканы ўдар з боку ўлады, рыхтуецца да дзеяньняў у адказ:

(Лябедзька: ) “Зьбіраюся, па-першае, зьвярнуцца з запытам у пракуратуру Рэспублікі Беларусь, ці звяртаўся хто са спэцслужбаў за атрыманьнем санкцыі на правядзеньне апэратыўна-вышуковай дзейнасьці ў адносінах да мяне, уключаючы праслухоўваньне працоўных і хатніх тэлефонаў, арганізацыю нагляду за мною.

Па-другое, мы зараз зь юрыстамі вывучаем мажлівасьць хадайнічаць перад пракуратурай аб узбуджэньні крымінальнай справы па факце разбойнага нападу і захопу мяне ў Менску невядомымі да сёньняшняга часу людзьмі — мне так ніхто і не прадставіўся, хто гэта быў і якую функцыю выконваў.

І пасьля гэтага мы прагназуем, што ў нас ёсьць усе падставы для таго, каб зьвяртацца ў суд, абскарджваць і само папярэджаньне, і, магчыма, хадайнічаць перад пракуратурай, каб яна зрабіла некаторыя дзеяньні ў адносінах да ці КГБ, ці службы бясьпекі Лукашэнкі — я ня ведаю, але каб гэта было разгледжана і ў фармаце ўзбуджанай крымінальнай справы”.

Анатоль Лябедзька ўжо даў свае тлумачэньні супрацоўнікам Цэнтральнага райаддзелу міліцыі, якія паводле закону павінныя высьветліць, хто ж захопліваў яго. Міліцыя распачала такія дзеяньні пасьля таго, як са штаб-кватэры АГП паступіла заява пра захоп іх лідэра. Аднак спадар Лябедзька не спадзяецца на выніковасьць гэтага расьсьледаваньня міліцыі.

Тым ня менш, спадар Лябедзька не зьбіраецца адмаўляцца ад заплянаванага ўдзелу ў слуханьнях па інтэграцыі і палітычных зьнікненьнях у Беларусі ў Дзярждуме Расеі і канфэрэнцыі па сытуацыі ў Беларусі ў Вашынгтоне, якія пройдуць на наступным тыдні.

(Лябедзька: ) “Удзельнічаць і ў слуханьнях, і ў канфэрэнцыі я спадзяюся абавязкова, хіба што мяне там дзе-небудзь у аэрапорце затрымаюць і скажуць, што я правожу 50 тысяч беларускіх рублёў для прадстаўнікоў ЗША ці Расеі, альбо кіляграм марыхуаны”.

Тым часам лідэр БСДП “Народная грамада” Мікалай Статкевіч, які згадваўся ў дакумэнце КГБ як адна з крыніцаў кампрамату на А.Лябедзьку, лічыць абвінавачаньні ў здрадзе дзяржаве на адрас спадара Лябедзькі бязглуздымі. Такія абвінавачаньні магчыма высунуць дзясяткам тысяч людзей, у тым ліку і супрацоўнікам КГБ, — лічыць спадар Статкевіч.

(Статкевіч: ) “Я думаю, што гэта акт палітычнага перасьледу лідэра адной з самых вядомых беларускіх дэмакратычных партыяў. Я катэгарычна пратэстую супраць згадваньня ў гэтым дакумэнце майго прозьвішча. Я ніколі ніякіх артыкулаў ні на якія сайты кампрамату не пісаў”.

Мікалай Статкевіч адмяжоўваецца ад згадваньня свайго прозьвішча ў дакумэнце КГБ і лічыць, што гэтая правакацыя ня толькі супраць Лябедзькі, але і супраць яго самога.
XS
SM
MD
LG