Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АБВІНАВАЧВАЕ КРЭМЛЬ У СКАРАЧЭНЬНІ ПАСТАВАК ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ І ЛІЧЫЦЬ ГЭТАЕ РАШЭНЬНЕ ПАЛІТЫЧНЫМ


Ігар Карней, Менск

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь сутыкнулася з узорам палітычнага шантажу: маўляў, расейскі бок і раней безапэляцыйна патрабаваў ад яго прыватызацыі “Белтрансгазу” і перадачы акцыяў “Газпраму”. Паводле Лукашэнкі, цяпер мае месца помста за незгаворлівасьць. Але, як ён выказаўся, такі “нумар” у Крамля ня пройдзе.

(Лукашэнка: ) “Гэта палітычнае рашэньне Крамля. І надышоў час сказаць праўду. Кажуць, маўляў, не хапае рэзэрваў дзеля паставак у Нямеччыну, Данію і г.д. Пытаньне эмацыйнае. Па-мойму, у Вялікай Айчыннай вайне на адным баку барыкадаў у акопах мы гнілі разам з расейцамі, а ня зь немцамі ці іншымі. І, напэўна, тыя, супраць каго так змагаецца кіраўніцтва Расеі, зьбіраюцца на свае шабашы не ў Беларусі”.

Апроч таго, Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня мае ніякіх запазычанасьцяў “Газпраму”. І калі пазыцыя кіраўніцтва Расеі застанецца нязьменнай, Беларусь пачне спаганяць за транзыт расейскага газу ў Эўропу паводле ўсясьветных коштаў.

(Лукашэнка: ) “Беларусь бягучыя плацяжы ажыцьцяўляе стоадсоткава. Мы маем 190 мільёнаў даляраў пазыкаў за мінулыя гады. Але трэба мець на ўвазе, што мы на 175 мільёнаў даляраў пры будаўніцтве “Газпрамам” газаправоду Ямал–Эўропа далі льготаў “Газпраму”. Такім чынам, нашая запазычанасьць і прадстаўленыя намі льготы практычна роўныя. Таму Беларусь нікому і нічога не павінная”.

Між тым, і сацыяльная сфэра, і прамысловы сэктар адчуваюць скарачэньні газавых паставак ўсё мацней. Ад заўтрашняга дня ўсе прамысловыя прадпрыемствы пераходзяць на рэжым жорсткай эканоміі. Разам з тым, у сацыяльнай сфэры, як сьцьвярджаюць у Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, скарачэньня паставак газу ніхто не адчуе. І хоць бальшыня супрацоўнікаў міністэрства ад абеду пачала адзначаць пачатак выходных, адзін з кіраўнікоў упраўленьня камунальнай гаспадаркі запэўніў:

(Супрацоўнік упраўленьня камунальнай гаспадаркі: ) “Не, у нас рэжым адпрацаваны. Мы маем альтэрнатыўныя віды паліва, мы можам пераключыцца на што заўгодна. Ніякае зьніжэньне — ні мінімальнае, ні максымальнае не адаб’ецца на жыхарах: яны не адчуюць нічога. Таму і вам турбавацца няма чаго. Ні на газавыя пліты, ні на іншае гэтае зьніжэньне не паўплывае. Урад і рэспубліканскае ўпраўленьне займаюцца менавіта тым, каб тое, што вы гаворыце, не адбылося. Мы ўсё вырашым. Перакінем запасы як мае быць. Таму пытаньняў няма ніякіх”.

Экспэрт Міністэрства энэргетыкі Валянцін Мацкевіч упэўнены, што да цяперашняй крытычнай сытуацыі прывяла палітыка арыентацыі выключна на адзін від паліва: паводле ягоных словаў, 70% энэрганосьбітаў у Беларусі складае газ.

(Мацкевіч: ) “Беларусь цалкам залежыць ад газу. Гэтага не дазваляе сабе ніводная краіна, бо вельмі проста ёй кіраваць звонку. І гэты кірунак урэшце прывёў нас да такога стану. А з улікам, што беларускі бок аказаўся не падрыхтаваным да такіх захадаў, страты могуць быць істотнымі. Але, на маю думку, гэтыя страты нейкім чынам мусяць быць кампэнсаваныя. Ёсьць варыянты ціску на “Газпрам”. І найперш што тычыцца будаўніцтва газаправоду Ямал–Эўропа. Фактычна Ямал — гэта замяшчэньне існых трубаправодаў нашага “Белтрансгазу”. А раз у балянсе няма лішняга газу, то навошта будаваць новы? У інтарэсах Беларусі, каб газаправоды эксплюатаваліся не на 70%, а значна больш эфэктыўна”.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка загадаў ураду знайсьці грошы, што патрабуе Расея за аплату паставак газу, і заплаціць па ўсясьветных коштах. Але адначасова прад’явіць рахунак па тых жа самых коштах за паслугі, якія аказвае Беларусь Расейскай Фэдэрацыі — ад мытні і да аховы яе бясьпекі на заходніх межах.
XS
SM
MD
LG