Лінкі ўнівэрсальнага доступу

VOX POPULI: ЯК БЕЛАРУСЫ СТАВЯЦЦА ДА NATO?


Ганна Соўсь, Менск

Большасьць маіх выпадковых суразмоўцаў да набліжэньня NATO да межаў Беларусі ставіцца станоўча. Але былі і тыя, у каго нават згадка пра NATO выклікае адмоўную рэакцыю:

(Спадар: ) “Я ня ведаю, якія будуць вынікі ад гэтага для Беларусі. NATO ня NATO, якая розьніца для Беларусі, хто яе суседзі. Галоўнае, каб былі добразычлівыя суседзкія дачыненьні, а палітычныя блёкі — гэта абсалютна няважна”.

(Другі спадар: ) “Чаму б і не? Атрымліваецца, як тая Варшаўская дамова. Раней было супрацьстаяньне двух блёкаў. А зараз якая можа быць вайна? Усё ў парадку, дзяржавы маюць права прымаць рашэньне — станавіцца сябрамі NATO ці не”.

(Трэці спадар: ) “NATO для нас чужыя, нам і гэтак нядрэнна”.

(Чацьверты спадар: ) “Напляваць на NATO, нам патрэбныя грошы, каб есьці. Нашыя заробкі не дазваляюць нам нават 100 грамаў выпіць”.

(Спадарыня: ) “Лепш бы сябравалі з NATO”.

(Спадар: ) “Думаю, што кожная краіна можа стаць сябрам NATO ў будучым”.

(Другі спадар: ) “Няхай Беларусь дамаўляецца наконт газу. 50 адсоткаў — гэта замала для нас. А NATO нам ніякага газу ня дасьць. Можна толькі спадзявацца на Расею”.

Многія апытаныя выказаліся за тое, каб і Беларусь у будучыні далучылася да Паўночна-Атлянтычнага альянсу.

(Спадарыня: ) “Я таксама хачу, каб Беларусь далучылася да NATO, бо мы эўрапейская краіна і павінныя жыць па-эўрапейску са сваёй мовай, са сваёй культурай, як калісьці жылі нашыя продкі да акупацыі Расейскай імпэрыяй”.

(Другая спадарыня: ) “Трэба, каб Беларусь аб’ядналася з усімі, і тады ў краіне ўсё будзе паляпшацца”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Я лічу, што гэта было б вельмі добра, таму што Беларусі трэба больш уваходзіць у Эўропу, больш укараняцца там, каб мы больш размаўлялі з эўрапейцамі. Наш прэзыдэнт робіць такую палітыку, каб нашая краіна была неяк убаку, трымае яе, як у скарбонцы, каб ніхто туды не заходзіў. Я лічу, што так ня трэба, і, можа, гэта дасьць нейкі станоўчы вынік”.

(Чацьвертая спадарыня: ) “Беларусі трэба не замыкацца на сабе адной, а рабіць нейкія захады дзеля супрацоўніцтва зь іншымі краінамі”.

(Пятая спадарыня: ) “Я дужа хацела бы ў NATO, але пакуль будзе гэты рэжым, то нас туды ня прымуць. З гэткім прэзыдэнтам нас ніхто ня прыме”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў на менскіх вуліцах напярэдадні саміту NATO ў Празе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG