Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЗАВЫЯ КАЦЕЛЬНІ МАГІЛЁЎШЧЫНЫ ПЕРАЙШЛІ НА ПАНІЖАНЫ ТЭМПЭРАТУРНЫ РЭЖЫМ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Магілёўская вобласьць вымушаная эканоміць, таму што ў паліўнай структуры рэгіёну газ займае 90%. Улада прыняла рашэньне аб зьніжэньні тэмпэратуры энэрганосьбіту на газавых кацельнях. Аптымальны тэмпэратурны рэжым паводле інструкцыяў — 90 градусаў, а цяпер тэмпэратура энэрганосьбіту зьменшаная да 80, а ў некаторых выпадках, калі дазваляе надвор’е, да 70 градусаў.

У жылых дамах, якія абслугоўваюць газавыя кацельні, адпаведна зьнізіцца тэмпэратура гарачай вады і ацяпляльных батарэяў. У жыльлёва-камунальным упраўленьні тлумачаць, што паніжэньне тэмпэратуры нязначнае і наўрад ці пагражае людзям дыскамфортам.

У крытычны момант усе газавыя кацельні вобласьці гатовыя перайсьці на іншае паліва — мазут, аднак ён вельмі дарагі, і ягоных запасаў няшмат. Таму кіраўнікі сфэры энэргетыкі, газавай і жыльлёва-камунальнай гаспадарак спадзяюцца, што абмежаваньні газу часовыя.

Каб завяршэньне ацяпляльнага сэзону не было надта цяжкім, у офісах і вытворчых памяшканьнях на прадпрыемствах і ва ўсіх установах, у выходныя і сьвяточныя дні будзе холадна.

Яшчэ да таго, як зьявілася інфармацыя пра абмежаваньне расейскага газу, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстановаў заклікалі эканоміць энэргарэсурсы. У цяперашняй сытуацыі настойлівыя рэкамэндацыі зьмяніліся на жорсткія патрабаваньні.

У мінулыя выходныя дні, калі была агучаная заява расейцаў, у Магілёве былі правераныя больш за 50 адміністрацыйных будынкаў, і ў пятай частцы зь іх ацяпленьне не было адключанае. У тым ліку ў Магілёўскім гарвыканкаме, гарваенкамаце, аблспажыўсаюзе. Цяпер кожны кіраўнік папярэджаны пра адказнасьць.

Усе гэтыя захады, паводле папярэдніх падлікаў, дазволяць скараціць спажываньне газу ў Магілёўскай вобласьці на 15%. Кіраўнік абласной газавай гаспадаркі Анатоль Шалай выказвае гатоўнасьць эканоміць на ўсім, на чым магчыма. Разам з тым ён сьцьвярджае, што скараціць напалову спажываньне газу ў рэгіёне немагчыма, і спадзяецца на вырашэньне праблемы на ўзроўні ўраду.

Між тым, запазычанасьць Магілёўскай вобласьці за газ з улікам усіх адтэрміновак складае больш за 40 мільярдаў беларускіх рублёў.
XS
SM
MD
LG