Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ ПРАХОДЗІЦЬ УСТАНОЎЧЫ СХОД “ЭЎРАПЕЙСКАГА РУХУ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Дэлегаты ўстаноўчага сходу зьбіраюцца ў менскім Доме літаратара. Сваё жаданьне ўвайсьці ў склад гэтай грамадзкай арганізацыі пацьвердзілі больш за 100 вядомых у Беларусі асобаў з усіх рэгіёнаў. Гэта прадстаўнікі розных палітычных сілаў, якія хочуць, каб Беларусь у будучыні стала сябрам Эўразьвязу.

Сярод дэлегатаў — Міхаіл Марыніч, Станіслаў Багданкевіч, Мікола Статкевіч, Віктар Івашкевіч, Вольга Іпатава ды іншыя. Пра тое, чым канкрэтна будзе займацца гэтая арганізацыя, распавядае выканаўца абавязкаў старшыні аргкамітэту “Эўрапейскага руху” Марына Адамовіч:

(Адамовіч: ) “Гэтыя кірункі будуць рознабаковыя. У значнай ступені будуць, безумоўна, улічвацца беларускія рэаліі. Гэта вялікі інфармацыйны пакет праграмаў, скіраваны на інфармаваньне грамадзкай думкі ў справе прыярытэту эўрапейскіх каштоўнасьцяў і эўрапейскага шляху разьвіцьця. Гэта шэраг навуковых праграмаў, скіраваных на вывучэньне праблемаў інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз, праблемаў глябалізацыі. Я думаю, сёньня сход скажа сваё слова, нейкія прапановы будуць яшчэ ўключаныя, і пасьля сходу мы зможам прапанаваць цэласную канцэпцыю нашых дзеяньняў на найбліжэйшы час”.

Арганізацыя “Эўрапейскі рух” існуе ў многіх краінах і шчыльна супрацоўнічае з Эўрапейскай камісіяй у справе далучэньня да Эўразьвязу новых сяброў. Стварыць падобную арганізацыю ў Беларусі прапанаваў лідэру сацыял-дэмакратычнай Народнай грамады Міколу Стакевічу генэральны сакратар агульнаэўрапейскага руху спадар Кронэр.

12 лістапада генсэк “Эўрапейскага руху” наведае Беларусь і сустрэнецца з кіраўніцтвам беларускага аддзяленьня руху. Пры канцы гэтага году ў Капэнгагене адбудзецца генэральная рада “Эўрапейскага руху”, дзе будзе разглядацца пытаньне аб прыняцьці ў яго шэрагі беларусаў.
XS
SM
MD
LG