Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЗМОЦНЕНЫ КАНТРОЛЬ НА БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАЙ МЯЖЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

На так званай штрафной пляцоўцы мытнага пасту сустрэў цэлую групу беларускіх аўтаперавозчыкаў. Яны мерзнуць тут ужо адзінаццаць дзён. Расейскія мытнікі затрымалі 7 фургонаў з цэмэнтам і прамысловым абсталяваньнем. Кіроўцы вязуць грузы з Заходняй Эўропы ў Казахстан. Напачатку яны чакалі дазволу на правоз з Масквы. А зараз, пасьля аплаты канвою, ужо амаль тыдзень чакаюць з Бранску самога канвою.

Цікаўлюся ў кіроўцаў, хто ўносіў грошы за канвой.

(Кіроўца: ) “Непасрэдна мы заплацілі, кіроўцы. Шэсць тысячаў расейскіх рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “Шэсць тысячаў рублёў?”

(Кіроўца: ) “Так, расейскіх!”

(Карэспандэнт: ) “І колькі ўжо вы чакаеце канвою?”

(Кіроўца: ) “З 31-га кастрычніка”.

(Карэспандэнт: ) “А стаіце зь якога часу?”

(Кіроўца: ) “Сёньня ўжо адзінаццаты дзень”.

Расейскія мытнікі тлумачаць, што беларускія перавозчыкі затрыманыя ў сувязі з увозам грузаў з трэціх краінаў. Адначасова яны не адмаўляюць факту ўвядзенне ўзмоцненага кантролю, у тым ліку і для грамадзянаў Беларусі. Гаворыць расейскі галоўны інспэктар, маёр мытнай службы Аляксандар Ярмольчык:

(Ярмольчык: ) “Натуральна, у сувязі з маскоўскімі падзеямі былі ўстаноўкі даглядаць, узмацніць кантроль за праездам транспарту і асобамі, што едуць гэтым транспартам. Але рабіць гэта ў поўнай меры, як гэта адбываецца на памежных пунктах пропуску, мы ня маем магчымасьці”.

Памежнікаў на беларуска-расейскай мяжы сапраўды няма. Аднак мне падалося, што іх ролю ў пэўнай меры выконваюць дзяржаўныя транспартныя інспэктары. Вось што распавёў інспэктар Уладзімер Гагарынскі:

(Гагарынскі: ) “Усе правяраем аўтобусы ўзмоцнена і грузавыя аўтамашыны. Ёсць загад у сувязі з тэрорам узмацніць кантроль”.

Цікаўлюся, якім чынам вядзецца кантроль, у прыватнасьці, за беларускімі аўтобусамі, што ідуць на Бранск, Клімаў, Арол.

(Гагарынскі: ) “Мы правяраем. Мытная служба правярае, якія грузы перавозяць. Транспартная інспэкцыя… заходзім і візуальна глядзім, што за людзі едуць. Ня поўнасцю, але і білеты правяраем – куды хто рухаецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG