Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА: “КАЛІ ХВОРЫ КІРАЎНІК КРАІНЫ, ТО ХВОРЫЯ І СПЭЦСЛУЖБЫ”


Віталь Цыганкоў, Менск

(Лябедзька: ) “Я, відаць, адчуў на некалькі хвілін тыя пачуцьці, якія, мажліва, перажывалі Захаранка і Ганчар. Калі 4 асобы ў цывільным, у чорных камбінэзонах з нацягнутымі на твары шапкамі – не прадстаўляючы ніякіх дакумэнтаў, толькі кінуўшы, што гэта спэцслужбы – зацягваюць цябе волакам у машыну, вырываюць з рук тэлефон, і ты супакойваешся толькі тады, калі бачыш будынак КГБ, і рады таму, што яны прывезьлі цябе ў КГБ, – ну, псыхалягічны стан ня самы лепшы. А потым мне зрабілі пісьмовае папярэджаньне, артыкул, здаецца, 356 – пагроза ўзбудзіць крымінальную справу супраць мяне за здраду Радзімы. І пералік абсалютна абсурдных, шызафрэнічных падставаў для таго, каб выносіць гэтае папярэджаньне: тое, што праходзіў курсы ў Гарміш-Партэнкірхен, кантактую з прадстаўнікамі амбасадаў і г.д.”

(Карэспандэнт: ) “Вас “узялі”, калі можна так сказаць, недалёка ад амэрыканскай амбасады, дзе вы сёньня мелі сустрэчу. Вам не спрабавалі што-небудзь падкінуць, ці як-небудзь зьвязаны гэты “хапун” з тым, што вы сёньня былі ў амэрыканскай амбасадзе? І калі не сакрэт, што вы там абмяркоўвалі, з кім вы там сустракаліся?”

(Лябедзька: ) “Тое, што палітыкі кантактуюць з прадстаўнікамі амбасадаў – усіх – гэта абсалютна нармальная практыка. Сёньня мы абмяркоўвалі паездку беларускіх палітыкаў на канфэрэнцыю ў Вашынгтон – якія пытаньні будуць разглядацца, тэхнічныя пытаньні і ня больш за тое. А чаму менавіта каля амэрыканскай амбасады – ну трэба паказаць Радзіме, што ёсьць здраднік, які гатовы прадаць Беларусь – каму? – натуральна, амэрыканцам. Можна было б каля якой іншай, але лепш за ўсё – амэрыканская, бо найбольш распрацоўваецца тэма антыамэрыканізму ў Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Вашае затрыманьне здымалася на відэа?”

(Лябедзька: ) “Так, там гэта ўсё запісвалася на стужку. Я быў бы вельмі ўдзячны, калі б яны далі мой камэнтар таго, што адбываецца – я сказаў, што гэта палітычная шызафрэнія, што калі хворы кіраўнік краіны, то хворыя і спэцслужбы”.
XS
SM
MD
LG