Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПАКУЛЬ НЕ АТРЫМАЎ ЧЭСКУЮ ВІЗУ


Валер Каліноўскі, Менск

Прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч пацьвердзіла, што пашпарт Аляксандра Лукашэнкі перададзены ў чэскую амбасаду для атрыманьня візы. Спадар Лукашэнка можа ўзначаліць беларускую дэлегацыю на саміце лідэраў краінаў Паўночна-Атлянтычнай Рады і сустрэчы краінаў NATO з дэлегацыямі дзяржаваў, што бяруць удзел у праграме “Партнэрства дзеля міру”.

Гэты саміт пройдзе 21–22 лістапада ў Празе. Беларусь на яго запрошаная як краіна, якая падпісала праграму партнэрства з NATO. Гаворыць Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Як прэзыдэнт можа ўзначаліць гэтую дэлегацыю, так можа быць і ўзровень ніжэй. Таму якое будзе прынятае рашэньне, адназначна сказаць цяжка”.

Паводле прэсавага сакратара А.Лукашэнкі, магчымасьць удзелу апошняга ў праскім саміце залежыць ад праграмы самога форуму і рабочага графіку А.Лукашэнкі.

Натальля Пяткевіч сьцьвярджае, што канчаткова графік Аляксандра Лукашэнкі на гэты месяц не сфармуляваны. Ці паедзе А.Лукашэнка ў Прагу, будзе вырашана да 15 лістапада.

Аднак на гэты момант А.Лукашэнка чэскай візы яшчэ не атрымаў. Часовы павераны ў справах Чэскай Рэспублікі ў Беларусі Алеш Фойцік кажа, што цяпер ён чакае інструкцыяў і з Прагі, і з Брусэлю — са штаб-кватэры NATO:

(Фойцік: ) “Гэта ня чэскае пытаньне, гэта пытаньне NATO, бо гэта вырашаецца пры пасярэдніцтве Брусэлю. Калі чалавек, дапусьцім, едзе ў Амэрыку, напрыклад, Фідэль Кастро паедзе на сэсію ААН, то маецца на ўвазе, што ён едзе на запрашэньне міжнароднай арганізацыі. І амэрыканцы таксама на гэта глядзяць іначай, чым калі б ён ехаў у двухбаковым парадку”.

Алеш Фойцік кажа, што пытаньне візы для яго — чыста тэхнічнае, але на гэты момант яно яшчэ ня вырашанае. Тое, што пашпарт перададзены, яшчэ нічога не вызначае. Колькі часу патрэбна на прыняцьце такога рашэньня, спадар Фойцік таксама ня ведае.

Што ж датычыцца магчымасьці двухбаковых сустрэчаў А.Лукашэнкі з кіраўніцтвам Чэхіі, калі ён паедзе ў Прагу, то як зазначыў спадар Фойцік, чэскі лідэр Вацлаў Гавал увогуле не плянуе ніякіх двухбаковых сустрэчаў.

(Фойцік: ) “Там вельмі абмежаваны графік, і калі сёньня пачынаем размову, што яшчэ нехта прыедзе, то зразумела, што ён у графік ні ў якім выпадку не патрапіць. Хто б гэта ні быў”.

Тым ня менш, спадар Фойцік паведаміў, што, калі будзе прынятае рашэньне, то віза Аляксандру Лукашэнку будзе выдадзеная адразу. І паводле інструкцыі, паколькі ў яго дыпляматычны пашпарт, то віза будзе бясплатнай.

Такім чынам, усе сустрэчы на праскім саміце даўно заплянаваныя, і магчымасьць нейкіх перамоваў там для Аляксандра Лукашэнкі мінімальная. Калі ж ён не паедзе ў Прагу, то накіруецца ў Бішкек, паколькі акурат на гэты час у яго заплянаваны і візыт у Кыргыстан.
XS
SM
MD
LG