Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСЬ РЫХТУЕЦЦА ПЛАЦІЦЬ ЗА РАСЕЙСКІ ГАЗ У ПАЎТАРА РАЗА БОЛЬШ, ЧЫМ ДА 1 ЛІСТАПАДА


Ігар Карней, Менск

Беларускае кіраўніцтва сутыкнулася з дылемай: альбо плаціць за расейскі газ у паўтара раза болей, чым да 1 лістапада, альбо чакаць і спадзявацца, што пагрозы “Газпрому” спыніць пастаўкі газу ня спраўдзяцца. У Міністэрстве энэргетыкі сёньня пацьвердзілі, што разьлічваць на льготныя цэны не выпадае: кіраўніцтва “Газпрому” ў найлепшым выпадку гатовае весьці гаворку пра 32–33 даляры за тысячу кубамэтраў газу і, хутчэй за ўсё, не зьбіраецца прадаваць Беларусі паліва паводле ўнутрырасейскіх коштаў (па 24 даляры).

Гэта, прынамсі, больш прымальны варыянт, чым прапануе пасярэднік “Газпрому”, кампанія “Ітэра” — па 36 даляраў. Зараз абмяркоўваецца магчымасьць 100-адсоткавай папярэдняй аплаты расейскаму боку за лістапад і сьнежань, каб не застацца бяз газу наагул. Але намесьнік міністра энэргетыкі Аляксандар Сівак пра гэта гаворыць без асаблівай упэўненасьці:

(Сівак: ) “Узьнікне такая сытуацыя — будзем купляць газ па любых коштах. Пакуль вядуцца перамовы. А тое, што журналісты з гэтага робяць папярэднія высновы, выхопліваючы ўрыўкі з тэлефонных размоваў, мне не падабаецца. Я заўсёды кажу адкрыта, не баюся за свае словы. Але я ж не магу бегаць за кожным і слухаць вашыя дыктафоны...”

А вось супрацоўніца апарату міністэрства Лілія Дулянец распавяла, што міністар Уладзімер Сямашка сёньня некалькі разоў тэлефанаў з Масквы і запатрабаваў дадатковыя дакумэнты.

(Дулянец: ) “Ён на сувязі, мы рыхтуем матэрыялы; працуем, стараемся, але ж вы разумееце, што гэта ня так проста, калі справа зьвязаная з палітыкай, дый не ад энэргетыкаў усё залежыць. Пасьля вяртаньня Сямашкі ўсё нашае кіраўніцтва выклікаюць да кіраўніцтва краіны. Чакаюць яго там з дакладам”.

Учора прэм’ер-міністар Беларусі Генадзь Навіцкі правёў надзвычайную сэлектарную нараду з удзелам кіраўнікоў рэгіёнаў. Навіцкі загадаў тэрмінова разьлічыцца за расейскі газ, а кіраўнікам абласьцей забясьпечыць пералічэньне ў бюджэт дадаткова 50 мільярдаў рублёў на пакрыцьцё запазычанасьцяў. Прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Іван Знаткевіч сказаў, што сёньня сустрэчаў у пытаньнях паставак расейскага газу Навіцкі не плянуе. Чакаецца, што прэм’ер сустрэнецца зь міністрам энэргетыкі адразу ж, як той вернецца з Масквы.

За некалькі дзён да рашэньня “Газпрому” напалову зьменшыць аб’ёмы паставак газу ў Беларусь прадстаўнікі “Белтрансгазу” адмыслова езьдзілі ў Маскву і прасілі дадаткова 1,5 мільярда кубамэтраў газу паводле ўнутрырасейскіх коштаў. Тады перамовы ня мелі ніякага плёну, бо, як паведамляюць расейскія крыніцы, “Газпром” і так падпарадкаваўся рашэньню расейскіх уладаў і зьнізіў кошты для Беларусі ад 30 даляраў за тысячу кубамэтраў да 24. І больш займацца дабрачыннасьцю ў “Газпроме” палічылі нямэтазгодным.

Адзін з найбуйнейшых беларускіх пакупнікоў газу — канцэрн “Белпалівагаз”. Кіраўніцтва канцэрну зараз таксама вядзе перамовы ў Маскве і спадзяецца, што падвышэньне коштаў ня будзе надта істотным. У канцылярыі міністэрства рапавялі:

(Супрацоўнік канцылярыі: ) “Кіраўніцтва канцэрну толькі сёньня выехала дзеля перамоваў у Маскву. Па нейкіх новых коштах газ мы яшчэ не набывалі; усё пакуль застаецца па-ранейшаму. Карыстаемся рэзэрвамі, іх дастаткова, каб пакуль адчуваць сябе спакойна. На колькі часу хопіць запасаў, дакладна сказаць не магу, бо захоўваюцца яны ня ў нас, а ў “Белтрансгазе”.

У “Газпроме” лічаць, што беларускі бок сам вінаваты ў тым, што склалася такая сытуацыя.
XS
SM
MD
LG