Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КРЫЗЫС З ПАСТАЎКАМІ РАСЕЙСКАГА ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: аглядальніца газэты “Белоруский рынок” Тацяна Манёнак і аглядальнік Радыё Свабода Міхал Залескі.

(Валер Карбалевіч: ) “Як і прагназавалі экспэрты, перадкрызысная сытуацыя з пастаўкамі газу ў Беларусь ператварылася ў крызысную. З 1 лістапада расейская кампанія “Газпром” скараціла пастаўкі газу ў Беларусь удвая. Той аб’ём газу, які Беларусь мелася была атрымаць ад “Газпрому” згодна з паліўна-энэргетычным балянсам Беларусі й Расеі, заканчваецца, а дамову зь іншымі пастаўцамі газу заключыць не ўдалося.

Самае цікавае ў гэтай сытуацыі — рэакцыя беларускіх уладаў, іх спроба перавесьці праблему ў палітычную сфэру. Згодна зь дзяржаўнымі беларускімі СМІ, прэтэнзіі “Газпрому” да Беларусі беспадстаўныя. Па вэрсіі беларускага боку, галоўная прэтэнзія — Беларусь дрэнна плаціць за газ. Як сьцьвярджае Беларускае тэлебачаньне, на самой справе Беларусь ня толькі рэгулярна аплачвае бягучыя пастаўкі, але нават часткова сплачвае старыя пазыкі. Дык якія ж прычыны крызысу з пастаўкамі расейскага газу ў Беларусь?”

(Тацяна Манёнак: ) “На мой погляд, нічога надзвычайнага ня здарылася. У красавіку гэтага году паміж урадамі Беларусі і Расеі было падпісанае міждзяржаўнае пагадненьне, згодна зь якім Беларусь павінная была атрымаць ад “Газпрому” 10,2 мільярда кубамэтраў газу па льготных унутрырасейскіх цэнах. Да сярэдзіны лістапада “Газпром” свае абавязкі выканае. І да канца году ў газавых пастаўках Беларусі ўзьнікае, умоўна кажучы, дзірка.

Але трагедыі няма, таму што “Газпром” паабяцаў знайсьці для Беларусі незалежных пастаўцоў прыроднага газу і даць для гэтых паставак сваю транзытную лінію. Праблема толькі ў адным: за гэты газ трэба плаціць большую цэну. Кампанія “Ітэра” гатова пастаўляць газ па цане 35 даляраў за кубамэтар.

Але беларускі ўрад да самага апошняга часу спадзяваўся дамовіцца калі не з “Газпромам”, дык з расейскім урадам аб пастаўцы дадатковага аб’ёму газу па ранейшай ільготнай цане. У канцы кастрычніка прадстаўнікі беларускага ўраду вялі інтэнсіўныя перамовы зь Міністэствам энэргетыкі і Мінэканомразьвіцьця Расеі па гэтай праблеме. Але, як бачым, перамовы не далі выніку. Расейскі ўрад прапануе Беларусі жыць па эканамічных законах”.

(Міхал Залескі: ) “Галоўная прычына ў тым, што ў нас адсутнічае доўгатэрміновая прамысловая палітыка. І усе праблемы вырашаюцца ўрадам у пажарным рэжыме. Урад толькі рэагуе на зьяўленьне чарговай праблемы. Усе краіны Эўропы купляюць газ. Ва ўсіх газу хапае. І толькі ў нас не хапіла. Таму што хочам купляць газ па льготных расейскіх цэнах.

Але трэба рабіць выбар. Альбо быць незалежнымі і купляць энэргарэсурсы па рынкавых цэнах, альбо купляць газ па ўнутрырасейскіх цэнах, але і жыць па расейскіх законах. Але купляць газ па ўсясьветных коштах няма грошай. А жыцьцё па расейскіх законах азначае страту незалежнасьці Беларусі і страту ўлады беларускім кіраўніцтвам.

Яшчэ адна праблема: адсутнасьць рынкавых рэформаў, рэструктурызацыі эканомікі вядзе да таго, што захоўваецца старая энэргаёмкая структура прамысловасьці”.

(Карбалевіч: ) “Праблема з пастаўкамі расейскага газу ў Беларусь узьнікае не ўпершыню. І раней бывалі сытуацыі, калі “Газпром” скарачаў пастаўкі, таму што Беларусь плаціла нерэгулярна. Але ні разу не выступала з заявай пратэсту МЗС Беларусі. Відавочна, што беларускія ўлады пераводзяць гэтую праблему ў палітычную сфэру.

А на справе прычыны газавага крызысу палітычныя ці эканамічныя? Наколькі значныя тут палітычныя чыньнікі? Магчыма, Крэмль хоча націснуць на беларускія ўлады з дапамогай “Газпрому”?”

(Манёнак: ) “Вядома, тут ёсьць нейкі палітычны падтэкст. У Расеі зьмяняецца стаўленьне да Беларусі. Сапраўды, у папярэднія гады ўзьнікалі падобныя сытуацыі, “Газпром” рабіў жорсткія заявы на адрас Менску, але празь нейкі час усё ж знаходзіў танны газ для Беларусі. Напрыклад, у канцы мінулага году “Газпром” знайшоў магчымасьці дадаткова паставіць Беларусі 1 мільярд кубамэтраў прыроднага газу. А сёлета гэтае пытанне вырашыць не ўдаецца.

Ёсьць яшчэ адна праблема. Згодна дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй ад 12 красавіка 2002 году, беларускі бок узяў на сябе абавязкі акцыянаваць “Белтрансгаз” і да 1 ліпеня будучага году стварыць сумеснае прадпрыемства з удзелам “Газпрому”. Але ўсе папярэднія работы ў гэтым кірунку спыненыя, таму што Лукашэнка не падпісаў адпаведны ўказ.

Гэтае пытаньне абмяркоўвалася на апошніх перамовах беларускага і расейскага кіраўніцтва. Расея вельмі не задаволеная замаруджваньнем Беларусі ў гэтай справе. І, магчыма, цяпер мы назіраем ціск “Газпрому” на Беларусь і з гэтай прычыны”.

(Залескі: ) “Хачу зьвярнуць увагу на тое, што такое “Газпром”. Падатковыя выплаты кампаніі складаюць падмурак расейскага бюджэту. Гэта той хвост, які можа круціць сабакай, то бок уладаю. Існуе дволі цеснае ўзгадненьне дзеяньняў кампаніі з кіраўніцтвам Расеі.

Нельга казаць, што беларуская запазычанасьць пахісьне эканамічны стан “Газпрому”. Безумоўна, тут можна меркаваць пра магчымы ціск расейскага ўраду на Беларусь. Расеі надакучыла такая сытуацыя, калі Беларусь, з аднаго боку, патрабуе датацыяў, зьяўляецца ў пэўным сэнсе ўтрыманцам, а з другога боку, прэтэндуе на ўдзел у кіраваньні саюзнай дзяржавай”.

(Карбалевіч: ) “Якія існуюць шляхі вырашэньня гэтай праблемы? З аднаго боку, у беларскіх прадпрыемстваў, у беларускага бюджэту няма грошай, каб купляць газ па больш высокіх цэнах. А з другога боку, і бяз газу беларуская прамысловасьць працаваць ня можа.

Здаецца, што ў гэтай сытуацыі самы просты, а магчыма і самы рэальны выхад — гэта ўкраінскі варыянт. Гэта тое, што далікатна называць “несанкцыянаваны забор газу”. У перакладзе на звычайную мову гэта азначае крадзеж расейскага газу, які пастаўляецца ў Эўропу. Ці магчымыя іншыя варыянты вырашэньня гэтай праблемы?”

(Манёнак: ) “На мой погляд, калі Лукашэнка неўзабаве прыме палітычнае рашэньне аб акцыянаваньні “Белтрансгазу”, гэта можа зьмякчыць пазыцыю “Газпрому”, дапаможа знайсьці пэўныя рэзэрвы для паставак Беларусі.

Трэба адзначыць, што на працягу некалькіх апошніх гадоў Беларусь рабіла той самы “несанкцыянаваны забор газу” на 5–6% звыш кантракту. Але да гэтага часу “Газпром” публічна не абвінавачваў беларускі бок у крадзяжы. І толькі нядаўна зьявілася такая заява. “Газпром” папярэдзіў Беларусь, што калі будзе ажыцьцяўляцца “несанкцыянаваны забор газу”, то ёй прыйдзецца плаціць штраф на 50% ад кошту”.

(Залескі: ) “У выпадку акцыянаваньня “Белтрансгазу” і перадачы кантрольнага пакету акцыяў “Газпрому” ў Беларусі забіраць волю і будучыню. Утвараецца энэргетычная залежнасьць ад другой дзяржавы. Гэта замах на нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Дзеля дасягненьня кантролю над “Белтрансгазам” Расея можа даваць і пазыкі, і льготныя пастаўкі газу.

Перад Беларусьсю стаіць задача пераходу на новы тэхналягічны ўклад прамысловасьці. А гэты ўклад вымагае выкарыстаньне пераважна прыроднага газу. І ў гэтых умовах тым больш небясьпечная залежнасьць ад расейскіх акцыянэраў”.

(Манёнак: ) “Хацела б адзначыць, што не Расея нас загнала ў такую сытуацыю, а мы самі сябе загналі. Звыш 80% паліўнага балянсу Беларусі складае прыродны газ. Гэта вельмі вялікі паказчык па міжнародных мерках. Здавалася, што паколькі газ больш танны за іншыя віды паліва, то значыць, больш выгадны. Але нельга так залежаць ад аднаго віда паліва, а тым больш ад аднаго расейскага пастаўца. Аб гэтым кажуць многія адмыслоўцы. Мы самі сабе завязалі на шыі такі вузел”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, здаецца, заканчваецца той час, калі Расея плаціла за танны газ “брацкай славянскай дружбай”. Зараз плаціць трэба грашыма, прычым рэальнымі грашыма.

Крызыс з пастаўкамі расейскага газу і ягоная штучная палітызацыя беларускімі ўладамі стварае яшчэ адзін клубок супярэчнасьцяў у стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй.

Акрамя таго, здаецца, у беларускіх дзяржаўных СМІ пачынаецца новая палітычная кампанія. У Беларусі павялічваюцца эканамічныя цяжкасьці, і трэба знайсьці вінаватага. Абвінавачаньні на адрас “Газпрому” азначаюць, што вінаватага знайшлі”.
XS
SM
MD
LG