Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАЛІ ВЯДОМЫЯ ВЫНІКІ ВЫБАРАЎ У САМАЎРАДАВЫЯ ОРГАНЫ НА БЕЛАСТОЧЧЫНЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У Польшчы самаўрадавыя выбары ладзяцца паводле партыйных сьпісаў, і каб трапіць у органы прадстаўнічай улады, палітычная сіла павінна атрымаць сама мала 5% галасоў выбаршчыкаў.

Каб атрымаць месца ў ваяводзкім сэйміку цэнтру Падляскага ваяводзтва – Беластоку, Беларускаму Выбарчаму Камітэту не хапіла ўсяго 0,9% галасоў.

Аднак, паводле сябраў Камітэту, 4,1%, ці больш за 15,5 тысячаў галасоў, – гэта добры вынік, асабліва, калі браць пад увагу, што беларускія арганізацыі ў Беластоку ўпершыню бралі ўдзел у выбарах самастойна, бяз звыклага хаўрусу з Саюзам Левых Дэмакратаў.

Варта адзначыць таксама, што прадстаўнікі Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства (БГКТ) – арганізацыі, вядомай сваёй шчырай прыхільнасьцю да цяперашніх беларускіх уладаў, усё ж супрацоўнічалі з SLD і змагаліся практычна супраць Беларускага Выбарчага Камітэту.

У выніку, балятуючыся са сьпісаў SLD, у Сэймік Беластоку трапілі кіраўнік БГКТ Ян Сычэўскі – былы дэпутат Сэйму, які, знаходзячыся ў Беларусі, адкрыта падтрымліваў Лукашэнку, і намесьнік старшыні праваслаўнага брацтва Ян Зэнюк – асоба, якая ў 70-я гады была вядомая праз свае антыбеларускія заявы.

Значна лепей справы выглядаюць у Бельску-Падляскім, дзе, атрымаўшы 8 месцаў з 21, у гарадзкой Радзе, перамагла Кааліцыя Бельская – супольная выбарчая арганізацыя беларусаў і украінцаў Бельшчыны.

У Радзе Бельскага павету Кааліцыя Бельская здабыла 5 мандатаў з 19.

У Радзе іншага цэнтру беларускай меншасьці – Гайнаўкі, Беларускі Народны Выбарчы камітэт атрымаў 5 месцаў з 21, саступіўшы толькі прадстаўнікам Саюзу Левых Дэмакратаў. Столькі ж дэпутацкіх мандатаў сябры Камітэту здабылі і ў Радзе Гайнаўскага павету, але з 17 магчымых.

Вынікі выбараў у Гайнаўцы для нашага радыё пракамэнтаваў новаабраны радны Гайнаўскага павету Міхась Андрасюк.

(Андрасюк: ) “4 гады таму Беларускі Народны Выбарчы камітэт быў трэцяй сілай ў Радзе Гайнаўкі, цяпер – мы на другім месцы. Аднак раней расклад сілаў быў такі, што бяз нас кіраваць горадам было немагчыма. А цяпер, хоць мы і другія, але кааліцыя можа быць створаная і бяз нас. Таму ў гэтым сэнсе цяпер мы слабейшыя”.

Міхась Андрасюк адзначыў таксама, што ўвогуле выбары паказалі, што на Беласточчыне беларускія арганізацыі зьяўляюцца самастойнай палітычнай сілай, а кандыдаты, якія адкрыта дэкляруюць сваю беларускасьць, здатныя атрымаць значную падтрымку выбаршчыкаў.

Цяпер беларусы Беласточчыны, а асабліва Бельшчыны, чакаюць нядзелі, калі ў другім туры пасаду бургамістра Бельску-Падляскага ўжо трэці раз паспрабуе ўтрымаць цяперашні кіраўнік гораду, беларус Андрэй Сьцепанюк.

Сёлетнія муніцыпальныя выбары, акрамя таго, што даюць пераможцам рэальную ўладу на месцах, важныя яшчэ й таму, што менавіта самаўрады будуць вырашаць лёс значных грашовых сродкаў, якія атрымаюць польскія рэгіёны з бюджэту Эўрапэйскага Зьвязу пасьля заплянаванга далучэньня Польшчы да Аб’яднанай Эўропы ў 2004 годзе.
XS
SM
MD
LG