Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНСКАЯ МІЛІЦЫЯ ПІЛЬНА ЗАЦІКАВІЛАСЯ САЙТАМ ГАЗЭТЫ “ПАГОНЯ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Газэты “Пагоня” даўно няма, а сайт працягвае існаваць. Міліцыя спраўджвае, ці не адбываецца ў гэтым разе незаконны выраб і распаўсюд мас-мэдыйнай прадукцыі? Хаця беларускае заканандаўства не разглядае Інтэрнэт як сродак масавай інфармацыі.

Старшы лейтэнант міліцыі Стасюкевіч мне паведаміў, што вынікі праверкі будуць падсумаваныя заўтра, а магчыма нават сёньня. Па выніках ён прыме рашэньне — ці прыцягваць кагосьці з журналістаў да адміністрацыйнай адказнасьці за зьмяшчэньне ў сеціве Інтэрнэт-газэты “Пагоня”?

Дарэчы, у дзьвярах кабінэта старшага лейтэнанта я сутыкнуўся з журналістам Анджэем Пісальнікам. Ён толькі што даў тлумачэньні, што ніколі не пісаў для сайту “Пагоні”. Першай у міліцыю выклікалі журналістку Ірыну Чарняўку. Яна гаворыць пра сваё стаўленьне да існаваньня сайту закрытай уладамі газэты:

(Чарняўка: ) “Людзі, якія змагаюцца з Інтэрнэт-газэтай “Пагоня”, змаюцца бяз правілаў. Гэта вайна бяз правілаў. Але людзі, якія працуюць над стварэньнем Інтэрнэт-газэты, гэта людзі, якія ведаюць, што зь імі можа быць, хто іхны праціўнік. І гэтыя людзі не дадуць сябе схапіць”.

У распараджэньні міліцыі ёсьць сьпіс зь сямі журналістаў, якія нібыта маюць дачыненьне да сайту “Пагоні”. Чатыром зь іх давялося даваць тлумачэньні ў міліцэйскім кабінэце. Адзін зь іх — Андрэй Пачобут.

(Пачобут: ) “Пракуратура дала рэкамэндацыю міліцыі выклікаць усіх, хто так ці інакш быў зьвязаны з рэдакцыяй “Пагоні”. Мяне таксама выклікалі ў міліцыю. Міліцыянт Стасюкевіч правёў са мной размову і ўзяў тлумачэньні. Яго цікавіла найперш, ці маю я дачыненьне да рэдакцыі “Пагоні”, і ці мае матэрыялы знаходзяцца на сайце? Я ніколі ня быў у штаце рэдакцыі “Пагоні”, хоць некаторыя мае матэрыялы там друкаваліся”.

Андрэй Пачобут зьяўляецца карэспандэнтам новай газэты “Местное время”, дагэтуль працаваў у “Glosie znad Niemna”.

Трэба сказаць, што прозьвішчаў вышэйзгаданых журналістаў на сайце “Пагоні” няма. Няма і нейкай асабліва небясьпечнай для ўладаў інфармацыі.

Сёньня на сайце рahonia.promedia.by паведамляецца, што да вызваленьня асуджанага галоўнага рэдактара “Пагоні” Міколы Маркевіча засталося 480 дзён, а да вызваленьня журналіста Паўла Мажэйкі — 298. Чытачоў сайту заклікаюць ліставаць ім на “хімію”, і даюцца адрасы абодвух журналістаў у Асіповічах і Жлобіне. Падрабязна апавядаецца таксама пра гісторыю зьнішчэньня газэты і рэпрэсіяў супраць яе журналістаў.

Выпадкова ці не, але міліцэйская праверка заканчваецца напярэдадні першых угодкаў закрыцьця “Пагоні”. Адбылося гэта паводле рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду 12 лістапада 2001 году. Гэтае рашэньне сёлета выкарыстаў гарадзенскі суд, як адну з падставаў, каб пакараць Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку тэрмінамі абмежаваньня свабоды нібыта за паклёп на прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG