Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯХАВІЧЫ


Галіна Абакунчык, Ляхавічы

Кожнае, нават невялічкае месца альбо вёска Беларусі абавязкова маюць сваю выбітнасьць, а тым больш горад з такой самабытнай назвай як Ляхавічы. Навукоўцы кажуць, што месца названае “паводле самай шматлікай этнічнай групы”, якая пражывала тут у XV стагодзьдзі, бо якраз ад гэтага часу Ляхавічы згадваюцца ў старажытных летапісах. Якая галоўная адметнасьць гораду сёньня, пытаюся ў мясцовай жыхаркі Тацяны Вечар.

(Вечар: ) “Адчуваецца, што горад вельмі камуністычны, з усімі старымі ўстоямі, і духоўнае тут вельмі цяжка прыжываецца — менавіта гэтым адрозьніваецца ад іншых гарадоў. У нас вельмі вялікія праблемы з працай — цяжка ў невялічкім горадзе знайсьці такую, каб за яе можна было жыць больш ці меньш матэрыяльна забясьпечаным. Ёсьць тут пару прадпрыемстваў, але яны большы час не працуюць. Многія езьдзяць у суседні горад Баранавічы, хтосьці на зямлі зарабляе — вырошчваюць і стараюцца прадаць. Таму вельмі цяжка, я бы сказала”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьвязваюць людзі гэтыя цяжкасьці з палітычнымі падзеямі?”

(Вечар: ) “Ну пэўна ж зьвязваюць. У асноўным моладзь і больш прагрэсіўная частка насельніцтва — яны лічаць, што віна прэзыдэнта Лукашэнкі”.

Беспрацоўе ды безграшоўе — ужо традыцыя, а не асаблівасьць жыцьця ў правінцыі. Але ў Ляхавічах адметным ёсьць тое, што жыхары раёну найстарэйшыя на Берасьцейшчыне: кожны трэці — пэнсіянэр. Марыя Касянкова — тыповы прадстаўнік, так бы мовіць, пэнсіянэрскага корпусу. У райцэнтар яна прыехала зь вёскі Асосы, каб памяняць грошы: пэнсію былой калгасьніцы на вясковай пошце выдалі 50-рублёвымі паперчынамі. Так што да гарадзкога банку жанчына везла торбу, даверху напоўненай пачкамі грошай.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі пачак было ў вас?”

(Касянкова: ) “Я й не лічыла. Сказалі — пачакайце, а тут чакаць няма калі. Трэба ехаць, бо там агарод яшчэ хто выбера”.

(Карэспандэнтка: ) “А што, бывае выбіраюць?”

(Касянкова: ) “Усяго е”

(Карэспандэнтка: ) “Колькі вы атрымліваеце пэнсіі?”

(Касянкова: ) “Восемдзесят чатыры тысячы”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы на гэтыя грошы купляеце?”

(Касянкова: ) “Прадукты, лекі й больш нічога. Здароўя няма. Я ж усю жызьню на цяжкіх працах прапрацавала — 50 кароў даіла. Слабавата цяпер людзі жывуць: пэнсія аднолькавая, не дабаўляюць, даражэе ўсё. Уперад лепш жылося. Пасьля вайны й тое лепшала, а цяпер лепшага няма”.

Мясцовы друк у Ляхавічах рэпрэзэнтуе газэта гарадзкой адміністрацыі “Ляхавіцкі весьнік”, якая да нядаўняга часу называлася “Будаўнік камунізму”. Зарэгістраваць незалежнае выданьне цяперашнія будаўнікі “саюзнай дзяржавы” забаранілі. Палітычныя рух у раёне складаюць сацыял-дэмакраты, Малады Фронт і абодва крылы Беларускага Народнага Фронту.

Віктар Чарнавокі сярод актывістаў БНФ ад пачатку яго заснаваньня, а таму добра ведае палітычныя настроі ў грамадзтве. Паводле яго, вынікі леташніх прэзыдэнцкіх выбараў пахіснулі ў людзей веру, што дзяржаўны лад у краіне можна зьмяніць дэмакратычным шляхам. Але апазыцыянэры адступацца не намерваюцца і рыхтуюцца да мясцовых выбараў.

Гаворыць Віктар Чарнавокі:

(Чарнавокі: ) “Людзі цяпер ня вераць, што шляхам выбараў можна дамагчыся чагосьці лепшага. Вып’ю пляшку віна, — як адзін казаў, — жыву, як у Польшчы. Вып’ю другую — жыву, як у Амэрыцы — і ніякіх праблем. Таму, што ўсе бачаць усе гэтыя падтасоўкі на выбарах, як галасуецца і як гэта ўсё робіцца.

У нас больш прыхільнікаў, чым афіцыйных сяброў партыі: усе падтрымліваюць, але сьмела баяцца гэта выказваць. Баяцца страціць працу, скарачэньня, як гэта сёньня робіцца. Ва ўсялякім разе, мы маем на прыкмеце кандыдатуры па ўсіх рэгіёнах, па вёсках расьпісана, ад кожнага сельскага савету будзем выстаўляць кандыдатуры ў дэпутаты. За каго ў абласны савет, за каго ў раённы — гэта ў нас ужо прадумана”.

Віктар Чарнавокі чалавек вядомы ня толькі ў Ляхавічах, і ня толькі ў палітычных колах. Ён заснавальнік і кіраўнік народнай мастацкай студыі “Апалён”, а ягоных выхаванцаў ведаюць як таленавітых мастакоў у розных краінах сьвету. І гэта яшчэ адна адметнасьць Ляхавічаў.

(Чарнавокі: ) “У нас самая знакамітая студыя, ды ня толькі ў Беларусі, а ў Эўропе. Нашыя вучні прывозілі ўзнагароды пераможцаў з краінаў Балтыі, Польшчы, Нямеччыны, Францыі, Чэхіі, Індыі, Кітаю, Тайвані, ЗША, Канады й нават Японіі. І самае прыкрае, што наш калектыў упершыню быў заўважаны не ў Беларусі, а ў Японіі. Такі вось наш маленьні горад Ляхавічы, і такой знакамітай сталася нашая студыя”.

Ляхавічы вылучаюцца таксакма сваім замкам-крэпасьцюXV стагодзьдзя, пабудаваным за гетманам ВКЛ Янам Хадкевічам на беразе рэчкі Ведзьмы. Але этнографы сьцьвярджаюць, што змрочную назву павольнай і прыгожай рацэ шмат пазьней далі расейцы. Калі два гады таму ў Ляхавічах праводзілі абласныя дажынкі, дык па пляцы, акурат насупраць райвыканкаму, ўсталявалі помнік кшталту слабой копіі “Ляхавіцкай фартэцыі”.

А на сапраўдных мурах замка, якія захаваліся настолькі добра, што заўважныя нават закатаныя пад асфальтам, цяпер стаяць жылыя дамы. У адзным з такіх засталіся падвальныя скляпеньні з арачнай стольлю і вокнамі-байніцамі. Гаспадар дому Павал Ждановіч кажа, што ўжо стаміўся ад наведнікаў, асабліва замежных, але для карэспандэнта Свабоды дзьверы склепа адчыніў.

(Ждановіч: ) “Быў тут пастарунак калісьці, затым паліклініка, а пасьля паліклінікі аддалі пад жытло. Праводзілі вадаправод у хату, капалі траншэю, дык даставалі ўсялякія гаршчкі, чарпакі. Посуд быў — чатырыста найменьняў мы знайшлі. Закапалі ўсё, а куды дзяваць?”

(Карэспандэнтка: ) “Здагадваліся, напэўна, што нешта старажытнае?”

(Ждановіч: ) “Ну дык яснае дзела”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы тут трымаеце цяпер?”

(Ждановіч: ) “Бульба, банкі, склянкі — падвал ёсьць падвал”.

(Карэспандэнтка: ) “Карыстацца зручна? Рэчы вашыя тут не псуюцца?”

(Ждановіч: ) “Не, тут добра. Зімой прыйдзеш — цёпла, распранайся хадзі. А цяпер, бачыце, прахалодна. Зімой бульба расьце: на вуліцы трыццаць градусаў марозу, а адсюль пара йдзе. Якія ж сьцены! Гэта ж будавалася Бог яго ведае калі”.

Вуліца Замкавая дыхае парэшткамі грознай фартэцыі літаральна на кожным кроку: многія з будынкаў выкладзеныя з цэглы, якую ўвішныя ляхаўчаны выцягвалі са сьценаў напаўразбуранага палаца яшчэ на пачатку мінулага стагодзьдзя. На падворках і на дарозе літаральна пад нагамі ляжаць кавалкі цэглы XV стагодзьдзя: так званыя “пальчыкі”, на якіх бачныя адбіткі рук старажытных майстроў.

У доме пэнсіянэра Георгія Фалькоўскага захаваўся камін, выкладзены з аб’ёмнай каляровай кафлі, і ягоныя бакі нагадваюць райскі сад з выявамі мініятурных дрэваў, фігурак людзей і рэчаў.

(Фалькоўскі: ) “Гэты камінок будаваўся ў 1902 годзе. А будавалі яго Сінкевічы Міхаіл і Разалія. Мая мама мне казала: ты толькі маліся за іх, што яны будавалі — і я малюся. Такі матэрыял ў той старынны час быў, кафля — бачыце — пантофель. У выглядзе фігураў гэты камінок зроблены з кафлі. Калісьці мы былі малыя, і мама паставіць гаршчок з бульбачкай, запаліць камінок і паліцца. Камінок гарыць нармалёва, і сход дыму ёсьць — усё, як належыць”.

(Карэспандэнтка: ) “А цяпер ён працуе?”

(Фалькоўскі: ) “Так, працуе”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы ім карыстаецеся?”

(Фалькоўскі: ) “Палім для забаўкі”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы жылі, пэўна, яшчэ за польскім часам”.

(Фалькоўскі: ) “Цяпер матэрыяльна людзі лепш жывуць, а маральна ўбітыя. Прэзыдэнт наш, Лукашэнка — ніхто ня любіць яго. Да яго няма любові чалавечай. Эканамічна слаба ўсё”.

Многія легенды пра жыцьцё гаспадароў Ляхавіцкай фартэцыі знайшлі рэальнае пацьверджаньне падчас раскопак, якія на месцы замку праводзіў Міхась Турыянскі. І гэты чалавек — асобная зьява ў Ляхавічах: археоляг, дасьледчык і калекцыянэр, ён уласнаручна сабраў унікальныя калекцыі шкла, керамікі, старых кніг і фотаздымкаў. Для сваіх землякоў ён ня толькі паважаны і аўтарытэтны чалавек з энцыкляпэдычнымі ведамі, але яшчэ й пасярэднік паміж ляхаўчанамі й уладай. І тыя, і іншыя прыходзяць скардзіцца альбо раіцца, калі патрэбная дапамога.

Але цяпер спадар Міхась у чыноўнікаў у вялікай няміласьці. Усё распачалося пасьля таго, як ён накіраваў ліст Лукашэнку з пратэстам супраць перарэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў. Гаворыць Міхась Турыянскі:

(Турыянскі: ) “Мяне не бяруць на працу. Усе абяцаюць — ніхто ня ўзяў. Гэта клясычная люстрацыя. Я калі-нікалі заходжу ў службу занятасьці, там дзьве вельмі цудоўныя жанчыны. Яны мяне спачатку ўважліва выслухоўваюць, а затым кажуць: спадар Міхась, вам працы не дадуць у Ляхавічах. Па-першае, вы некалі былі прафсаюзным лідэрам на будоўлі, і ўсе памятаюць, як вы абаранялі інтарэсы рабочых. Сёньня інтарэсы працоўных нікога не цікавяць. Больш за тое — мне ў твар кажуць: ну, слухай! Ну, што ты ходзіш? Ці ты не разумееш, што сёньня Ляхавічы хочуць спакойна спаць і спакойна жыць”.

Міхась Турыянскі цяпер узначальвае грамадзкую араганізацыю імя свайго земляка Тадэвуша Рэйтана. У гонар змагара супраць расейскага панаваньня ў касьцёле Сьвятога Яна ў Ляхавічах была ўсталяваная мэмарыяльная дошка, але яна прапала, калі саветы разбуралі сьвятыню ў 1960-х гадах. Цягам тыдня вайскоўцы з дапамогаю бульдозэра і каменнай бабы не маглі даць рады храму, узьведзенаму шэсьць стагодзьдзяў таму. На гэтым месцы цяпер гарадзкі рынак з традыцыйнымі каўбасамі й калготкамі, а новы касьцёл адбудавалі ў іншым месцы.

Ёсьць у горадзе царква і пратэстанцкі малельны дом. Цікава, што пратэстанты зьбіраюцца ў былым Доме піянэраў, які выкупілі ва ўладаў дзесяць гадоў таму. Але цяпер вернікі моляцца, у тым ліку і па-беларуску, за адмену закону аб веравызнаньні, які зацьвердзіла нядаўна Палата прадстаўнікоў. Гавораць настаўніцы нядзельнай школы Тацяна Вечар і Натальля Яковіч:

(Вечар: ) “Гэты закон не зусім правільны, таму што там ёсьць шмат пунктаў, якія ня толькі супраць царквы, але й супраць Канстытуцыі нашай. Бо Канстытуцыя дэкляруе свабоду веравызнаньня й свабоду слова, а там зусім адваротнае, зусім супраць свабоды чалавека”.

(Яковіч: ) “Мы ня можам пакінуць царкву, бо мы рэальна сустракаемся з Богам. І да нас ня раз прыяжджалі вернікі з Баранавічаў, з рэабілітацыйнага цэнтру, маладыя хлопцы сьведчылі, што за адзін год памянялася іх жыцьцё, калі яны сталі прасіць у Бога. А былі прапашчыя, зусім прапашчыя й ніхто не хацеў зь імі нічога мець: ні сям’я, ні школа, ні ўлада. А цяпер ім не патрэбная ні чарка, ні наркотыкі”.

(Вечар: ) “Царква была й будзе. Ну, можа пасадзяць каго, няхай садзяць — будзем сядзець. Мы з таго пакаленьня, што ўжо бачыла гэты перасьлед. І з КГБ сустракаліся ў свой час, так што нам гэта ўжо ня страшна. А закон сёньня — такі, заўтра — такі, і таму яго проста трэба дастойна, па-хрысьціянску перажыць, пакуль ён зьменіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG