Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЬМІТРЫ ДАЎГАЛЁЎ: “МІРЫЦЦА З ТЫМ, ШТО НЕ ПАВАЖАЮЦЬ ТВОРЧЫЯ ПРАФЭСІІ, Я НЕ ХАЧУ”


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Дзень добры! Прэм’ера араторыі “Зорка палын” беларускага кампазытара Дзьмітрыя Даўгалёва на вершы Ўладзімера Пецюкевіча мелася адбыцца сёлета ў дзень гадавіны Чарнобыльскай катастрофы ў канцэртнай залі Белдзяржфілярмоніі. Тым ня менш у гэты дзень прагучаў “Рэквіем” Вэрды.

Згаданы твор, праўда, быў выкананы праз пару месяцаў у Палацы культуры трактарнага заводу салістамі і капэляй “Санорус” пад кіраўніцтвам Аляксея Шута. А праз колькі дзён у рамках фэстывалю “Беларуская музычная восень” араторыя “Зорка палын” прагучыць нарэшце, так бы мовіць, цалкам афіцыйна.

Твор гэты для сучаснай беларускай музыкі шмат у чым знакавы. 16 гадоў мінула з дня катастрофы ў Чарнобылі, аднак літаральна лічаныя кампазытары Беларусі так ці інакш зьвярталіся да гэтай тэмы. Тут жа быў абраны жанр араторыі, вельмі няпросты ў творчым пляне, які сумяшчае музыку і словы. Да таго ж, Дзьмітрыя Даўгалёва і Ўладзімера Пецюкевіча аматары музыкі дагэтуль ведалі як зладжаны дуэт аўтараў-песеньнікаў. Іх работа ў больш сур’ёзным, ня ў крыўду песьні будзе сказана, жанры можна назваць і новый творчай прыступкай кампазытара і паэта.

Мяркуючы па рэакцыі публікі, твор гэты зрабіў вялікае ўражаньне, аплядысмэнты, у прыватнасьці, былі непадробна шчырыя. Сёньня, на Дзяды, а таксама напярэдадні прэм’ернага па сутнасьці паказу араторыі госьць нашае праграмы — кампазытар Дзьмітры Даўгалёў. Вітаю вас, Дзьмітры!”

(Дзьмітры Даўгалёў: ) “Прывітаньне!”

(Падбярэскі: ) “Пасьля таго, як першага выканаўцу араторыі спадара Шута прызначылі дырэктарам філярмоніі, шлях вашага твору на вялікую сцэну стаўся цалкам магчымы. Ці зьвязана гэта паміж сабой і што наогул мусіць зрабіць сучасны кампазытар, каб пачуць уласны твор у канцэртным выкананьні?”

(Даўгалёў: ) “Сёньня кампазытар мала што можа зрабіць для выкананьня ўласнага твору. Як казаў мне мой настаўнік Яўген Аляксандравіч Глебаў, з акадэмічным жанрам усё цяжэй і цяжэй, таму што часьцей за ўсё буйны твор гучыць двойчы: у першы раз і апошні. Але, дзякуй Богу, з араторыяй “Зорка палын” так не адбылося і, можа быць, гэта Бог дапамог, што Аляксея Шута зацікавіў гэты твор, што ён прыклаў усе намаганьні для таго, каб адбылася першая прэм’ера, і вось мы чакаем яшчэ адну прэм’еру, якая адбудзецца 21 лістапада ў Доме вэтэранаў”.

(Падбярэскі: ) “Такім чынам, папярэдняе знаёмства зь сёньняшнім дырэктарам філярмоніі ўсё ж спрыяла таму, што твор не забываецца…”

(Даўгалёў: ) “Мы сустрэліся выпадкова. І тым ня менш я вельмі ўдзячны Шуту, што ў яго ёсьць цікавасьць да буйнога жанру акадэмічнага, у яго ёсьць боль за беларускую культуру, за беларускае мастацтва, і дзякаваць Богу, што на беларускай зямлі ёсьць такія людзі”.

(Падбярэскі: ) “Давайце зьвернемся да вытокаў. Як нарадзілася ідэя гэтага твору? Што было першым штуршком?”

(Даўгалёў: ) “Штуршком, які быў усё ж такі як цьвік, зь якога ўсё і пачыналася, была “Малітва” Ўладзімера Пецюкевіча, якая трапіла мне ў пачатку 90-х. Так сталася, што яна была напісаная паэтам у 1990 годзе і зьяўляецца шостай часткай гэтай араторыі. Вершы, якія я прачытаў, мяне ўразілі да глыбіні душы.

Божы сын, спусьціся зь неба, абыдзі зямлю наўкола.
Чуеш крык: ён немы, немы. Гэта наш адзіны голас.
Як ваўкі, мы ўсе ў загоне, за сьцяжкамі мова, памяць.
Кім былі калісь? А сёньня… Што такое, Божа, з намі?
Бачыш хаты: вокны крыжам, у руках дрыготкіх сьвечкі.
Падыдзі да гора бліжай: ці ня гэта ўжо наш вечар?
Ноч насоўваецца хмарай з чорным пылам-чарнабылам.
Ты ня браў такіх ахвяраў шчэ ў нікога, Божа, мілы!
Для адноўленых сьвятыняў сьвятароў чужых наймаем,
Мо таму малітва стыне, да цябе не далятае.
Божа мой, даруй нам, кволым! Сілы дай расправіць плечы
І вярні, вярні нам голас — векавечны, чалавечы”

(Падбярэскі: ) “Канечне, тэкст гэты ў канцэртным выкананьні, шчыра кажучы, ня робіць такога ўражаньня, калі чытаецца як асобны, паэтычны. Я цяпер разумею, чаму вас гэта так закранула…”

(Даўгалёў: ) “Ну, гэта спэцыфіка жанру. Усё ж хор ёсьць хор, і праблема любога хору, нават самага прафэсійнага — вымаўленьне, артыкуляцыя. Гэта спэцыфіка жанру, будзем так казаць. З гэтага верша ўсё і пачалося.

З Уладзімерам Пецюкевічам мы пазнаёміліся ў 1991 годзе. На той час у нас ужо былі створаныя сумесныя песьні, і наша тое знаёмства ў нас было фактычна такое новае знаёмства — з новым Пецюкевічам, якога я раней ня ведаў. Вось з гэтай “Малітвы”. Пасьля таго, як я ўбачыў гэты верш, як ён ускалыхнуў усю маю душу, спаць спакойна я ўжо ня мог. Ідэя нарадзілася адразу на менавіта чарнобыльскую тэматыку, падняць праблемы, якія стаяць перад беларусамі, беларускай нацыяй, падняць на такі ўзровень сур’ёзнага акадэмічнага твору як араторыя”.

(Падбярэскі: ) “Мы такім чынам трошачкі раскрылі творчую кухню супрацоўніцтва паміж кампазытарам і паэтам у галіне менавіта сур’ёзнай акадэмічнай музыкі. Ці былі зроблены нейкія праўкі ў араторыі з дня паказу ў траўні гэтага году? Ці зьмяняюцца наогул у часе творы падобных жанраў?”

(Даўгалёў: ) “З моманту напісаньня ўсіх вершаў да стварэньня араторыі ў тым выглядзе, у якім слухачы маглі гэта пачуць у канцэртнай залі, прайшло сем гадоў. Гэта тэрмін усё ж вялікі. Я так думаю, што за гэты тэрмін можна было зрабіць і першую, і другую рэдакцыі.

Скажу толькі, што гэтыя ўсе нумары я перарабляў вельмі часта. Я імкнуўся, каб падвесьці эмоцыі музыкі, так бы мовіць, на ўзровень эмоцыі вершаў. Нават нумар “Малітва”, пры ўсім пры тым, што ідэя была даўно, аднак сама “Малітва” напісалася толькі ў 2001 годзе. У гэтай “Малітвы” была і першая рэдакцыя, якая была яшчэ ў пачатку 90-х.

Тым больш, што, я думаю, усе мы расьцем, сталеем, і адчуваньні кампазытара, мастака, іх адчуваньні, скажам так, сёньня крышачку іншыя, чым дзесяць гадоў таму. Ты ўжо па-іншаму неяк разумееш слова, часам сэнс разумееш можа неяк так больш паглыблена, і гэта нармалёва, так і павінна быць! Таму я не саромеюся казаць пра тое, што араторыю мы пісалі доўга, выпраўлялі літаральна ўсё, што нам перашкаджала бачыць вось гэты сьвет прэм’ерны, тыя эмацыянальныя глыбіні, якія ідуць ад Бога.

Даўно сьсівелі курганы, сплылі вякі аблокамі,
Няма і замкавай гары, адна сьцяна высокая.
Грамы далёкіх навальніц у сэрцы адгукаюцца.
Баюся зноў спакой згубіць, аб голас твой параніцца”.

(Падбярэскі: ) “Я ўпершыню бачу кампазытара, які напамяць чытае… Гэта неверагодна!.. Я, здаецца, не памыляюся, але гэта менавіта Яўгену Аляксандравічу Глебаву належыць такі сумны жарт, чаму пасьля прэм’еры аўтар выходзіць на сцэну і кланяецца публіцы. Гэта ён, маўляў, назаўсёды разьвітваецца з уласным творам. На вашую думку, Дзьмітры, наколькі запатрабаваныя ў сёньняшнім нашым грамадзтве музычныя творы нацыянальнага зьместу?”

(Даўгалёў: ) “На мой погляд, яны не запатрабаваныя зараз. Я думаю, гэтае пытаньне “Чаму?” трэба задаць ня мне і нават не Саюзу кампазытараў. Гэта такое вельмі цяжкае пытаньне. Я так адразу адказаць на яго наўрад ці змагу. Адчуваю па сабе, наколькі незапатрабаваная нават мая творчасьць, я ведаю, наколькі не запатрабаваная творчасьць Уладзімера Пецюкевіча, я гэта бачу ня толькі па араторыі. Нават песенны жанр, у якім мы з Уладзімерам Пецюкевічам доўга працуем, нават гэты, здавалася б, самы дэмакратычны жанр… Сёньня заяўляю: песьня беларуская нікому не патрэбная! На жаль!”

(Падбярэскі: ) “Магу згадзіцца з вамі, але магу і не згадзіцца”.

(Даўгалёў: ) “Можаце не згаджацца, аднак гэта так. Я ў гэтым годзе не запісаў аніводнай песьні! Не таму, што я не хачу, не! У мяне аранжыроўкі ёсьць, але я не магу запісаць”.

(Падбярэскі: ) “Грошы патрэбныя…”

(Даўгалёў: ) “Так, але калі дзяржаве аддаеш за бясплатна фанаграму, яны яе бясплатна круцяць па радыё, і калі гэтая ж дзяржава кажа, што за запіс мне трэба заплаціць грошы — гэта ўжо занадта!”

(Падбярэскі:) . “Траціць аптымізм ня варта…”

(Даўгалёў: ) “Не, аптымізм павінен быць пры нас. Сёньня творчы чалавек не паважаецца. Ён не паважаецца ня толькі тым, што ад яго ня хочуць узяць, але балюча і тое, што творчы чалавек проста не патрэбны. Пайшла такая мода: не аб’яўляць аўтараў. Гэта бязьлікасьць нейкая, яна якраз і забрала ў кампазытараў, паэтаў той маральны стымул, які быў заўсёды. Але апошнім часам, калі свае песьні я чую па радыёканалах, я забыўся…”

(Падбярэскі: ) “Як вас завуць…”

(Даўгалёў: ) “Калі я ў апошні раз чуў гэтае прозьвішча! Але нават мірыцца з тым, што не паважаюць творчыя прафэсіі, я таксама не хачу. Але пісаць буду!”

(Падбярэскі: ) “Спадар Дзьмітры! Мне вельмі б не хацелася, каб мы напярэдадні прэм’еры разьвітваліся ў такім пэсымістычным настроі. Вялікі дзякуй вам за ўдзел у праграме, і думаю, што мы яшчэ будзем сустракацца з вамі”.

(Даўгалёў: ) “Дзякуй вам за запрашэньне. Я таксама спадзяюся на сустрэчу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG