Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАРЫ Ў КАНГРЭС ЗША МОГУЦЬ МЕЦЬ ГЛЫБОКI ЎПЛЫЎ НА ПАЛIТЫКУ ДЖОРДЖА БУША


Юры Сьвiрко, Прага

Акрамя вайны зь мiжнародным тэрарызмам, прэзыдэнт Буш займаецца важнымi ўнутранымi пытаньнямi, улучна са скарачэньнем падаткаў, для чаго яму патрэбнае супрацоўнiцтва з Кангрэсам.

Цяпер амэрыканскi Сэнат кантралюецца дэмакратычнай партыяй, але дзякуючы вельмi невялiкай перавазе. У Сэнаце, якi налiчвае 100 месцаў, цяпер 50 дэмакратаў, 49 рэспублiканцаў i 1 незалежны дэпутат, якi звычайна галасуе разам з дэмакратамi.

Заўтра будуць выбiраць толькi трацiну Сэнату – гэта 33 месцы. Калi дэмакраты прайграюць хаця б адно месца рэспублiканцам, яны страцяць кантроль над вышэйшай палатай, таму што вiцэ-прэзыдэнт ЗША Дык Чэйнi адначасова ёсьць старшынём Сэнату й мае паўнамоцтвы вырашаць лёс галасаваньня, калi галасы падзялiлiся 50 на 50.

Тым часам амэрыканская палата прадстаўнiкоў кантралюецца рэспублiканцамi – таксама зь вельмi невялiкай перавагай. У гэтай, нiжэйшай палаце 435 месцаў, якiя разьмеркаваныя наступным чынам: 222 рэспублiканцы, 211 дэмакратаў i 2 незалежныя дэпутаты. Паколькi розьнiца памiж дзьвюма галоўнымi партыямi складае толькi 11 мандатаў, калi дэмакраты атрымаюць яшчэ 6 галасоў, яны будуць кантраляваць палату прадстаўнiкоў. Усiх дэпутатаў гэтай палаты выбiраюць кожны два гады.

Рыхтуючыся да галасаваньня, амэрыканцы маюць шмат важных агульнанацыянальных пытаньняў – гэта вайна з тэрарызмам, мажлiвая вайна з Іракам, стан эканомiкi й часта вельмi выскокi кошт мэдычнага абслугоўваньня. Аднак аналiтыкi кажуць, што нiводнае агульнанацыянальнае пытаньне, вiдаць, ня будзе дамiнаваць у часе выбарчае кампанii. Сёлета выбарцы заклапочаныя шэрагам мясцовых i рэгiнальных пытаньняў.

Былы сябра палаты прадстаўнiкоў, рэспублiканец зь Мiнэсоты Бiл Фрэнзэл сказаў Радыё Свабода, што выбарцы часта выбiраюць кандыдата, грунтуючыся найчасьцей на ягоных асабiстых якасьцях, а не на пазыцыi кандыдата наконт нейкага пытаньня.

Паколькi агульнанацыянальныя пытаньнi не дамiнуюць, кажуць аналiтыкi, цяжка прадказаць, хто выйграе заўтрашняе галасаваньне. Але мажлiвыя зьмены ў палаце прадстаўнiкоў больш важныя, чым у Сэнаце, таму што нiжэйшая палата адказвае за заканадаўства, якое вызначае, якiм чынам фэдэральны ўрад разьмяркоўвае грошы. Бiл Фрэнзэл кажа, што паводле Канстытуцыi ЗША менавiта палата прадстаўнiкоў мае адказнасьць за заканадаўчыя iнiцыятывы, зьвязаныя зь фiнансамi. “Прэзыдэнт змог рэалiзаваць шмат якiя свае iдэi рэфармаваньня падаткаў у дзейныя законы толькi таму, што палата прадстаўнiкоў, якая падтрымлiвала яго ў падаткавых пытаньнях, магла прымаць адпаведныя акты першай”, – зазначыў спадар Фрэнзэл.

Ён дадаў, што, калi дэмакраты атрымаюць кантроль над палатай прадстаўнiкоў i захаваюць кантроль над Сэнатам, яны, магчыма, змогуць перашкодзiць Бушу рэалiзаваць большасьць ягоных унутрыамэрыканскiх плянаў, у тым лiку мэту зьменшыць фэдэральныя падаткi.

На думку аналiтыкаў, калi дэмакраты пачнуць кантраляваць абедзьве палаты Кангрэсу, тады прэзыдэнт Буш сканцэнтруецца на замежнай палiтыцы, а не на ўнутранай, таму што праз Кангрэс проста ня пройдуць патрэбныя прэзыдэнту законы.

Парадаксальна, але Буш можа быць не расчараваны нават у тым выпадку, калi Сэнат застанецца пад кантролем дэмакратаў. Справа ў тым, што калi рэспублiканская партыя будзе цалкам кантраляваць Кангрэс, тады Буш будзе несьцi адказнасьць за ўсё, што адбываецца ў ЗША ад гэтага часу да выбараў 2004 году. А калi дэмакраты прынамсi намiнальна застануцца на чале Сэнату, прэзыдэнту Бушу будзе каго абвiнавачваць у тым выпадку, калi нешта пойдзе ня так, як трэба. “У амэрыканскай палiтыцы вельмi карысна мець кагосьцi, каб яго абвiнавачваць”, – зазначаюць аглядальнiкi.
XS
SM
MD
LG