Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ КРЫНІЦАЎ У СІЛАВЫХ СТРУКТУРАХ, У БЕЛАРУСІ МОЖА БЫЦЬ СТВОРАНЫ НЕЗАЛЕЖНЫ АД КГБ КАМІТЭТ ЗЬНЕШНЯЙ ВЫВЕДКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Крыніцы ў сілавых структурах сьцьвярджаюць, што пачалася інтэнсіўная прапрацоўка ідэі аддзяленьня ад КГБ упраўленьня зьнешняй выведкі і стварэньня на базе гэтага ўпраўленьня асобнага камітэту з правамі міністэрства. Назва новага галоўнага шпіёнскага органу краіны пакуль ня вызначаная. Гэта можа быць камітэт, альбо бюро, альбо як у Расеі, служба зьнешняй выведкі. Вызначаныя нават кандыдаты на пасаду старшыні — называюць аднаго з намесьнікаў міністра замежных справаў, аднаго са старшыняў абласнога ўпраўленьня КГБ, а таксама генэральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана.

У КГБ Беларусі традыцыйна не камэнтуюць ніякія магчымыя зьмены ў камітэце. Кіраўнік аддзелу па сувязях з грамадзкасьцю Фёдар Котаў аднак сьцьвярджае, што размоваў пра аддзяленьне разьведчыкаў у асобную структуру ў камітэце не вядзецца. “Мы дамагаемся аднаго — каб нам пашырылі плошчы. Будынак камітэту быў разьлічаны на час, калі мы выконвалі правінцыйныя функцыі, а цяпер гаворка ідзе пра службу бясьпекі асобнай краіны, і мы сапраўды адчуваем недахоп у памяшканьнях”, — сказаў Фёдар Котаў.

Між тым, якраз меркаваньнямі незалежнасьці і самастойнасьці, паводле крыніцаў, і тлумачыцца ідэя выдзяленьня з КГБ зьнешняй выведкі. Паводле крыніцаў, у адраджэньні гэтай ідэі ляжаць эканамічная ды палітычная прычыны. Першая абумоўленая кепскімі справамі ў прасоўваньні беларускіх тавараў за мяжой.

Беларускім шпіёнам загадваюць больш шырока весьці тэхнічны шпіянаж, каб у выніку падняць узровень нашых тавараў і забясьпечыць іх канкурэнтаздольнасьць. Але гэтая праца патрабуе вялікіх грошай, якіх цяпер у структуры КГБ зьнешняя выведка ня мае.

Палітычная прычына, паводле некаторых крыніцаў, палягае ў тым, што беларускае кіраўніцтва як ніколі занепакоенае захадамі, якія могуць быць зробленыя супраць яго звонку. Тут згадваецца і ахалоджваньне ў адносінах з Расеяй, наступствамі якога стала ў тым ліку і тое, што расейскія спэцслужбы сталі куды радзей дзяліцца інфармацыяй зь беларускімі калегамі.

Паводле крыніцаў, найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі ня выключае, што Расея можа ўступіць ў пэўную змову з заходнімі краінамі ў беларускім пытаньні, і каб гэтую змову выкрыць, трэба мець моцную службу выведкі. Між тым, цяперашняя выведка, якая падпарадкаваная КГБ, з гэтымі задачамі справіцца ня здольная, мяркуюць, паводле некаторых крыніцаў, кіраўнікі Беларусі.

Ці магчыма, каб у Беларусі ў хуткім часе зьявілася сваё незалежнае ад іншых сілавых структураў шпіёнскае ведамства? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да былога контарвыведніка і супрацоўніка Савету Бясьпекі Сяргея Аніські. Ён мяркуе, што гэта цалкам магчыма: “Беларусь апынулася ў складаным зьнешнім становішчы, а звычайна ў такіх выпадках падвышаецца роля службаў зьнешняй выведкі”. Але Сяргей Аніська скептычна адказвае на пытаньне, ці ўдасца ў хуткім часе зрабіць такую службу эфэктыўнай.

(Аніська: ) “Упраўленьне зьнешняй выведкі, якое ёсьць цяпер у КГБ, мае вельмі абмежаваныя сродкі, наколькі я магу меркаваць. Людзей, добра падрыхтаваных прафэсійна, ды з валоданьнем замежнымі мовамі, у нас таксама абмежаваная колькасьць. Таму хутка і маштабна гэтую працу не разгарнуць, тым больш, што і сваёй школы для выведнікаў у нас няма”.

Сяргей Аніська лічыць, што толькі стварэньне асобнай службы выведкі будзе каштаваць некалькі мільёнаў даляраў, а потым запатрабуе вялікіх грошай на ўтрыманьне, што наўрад ці акупіцца.

Што ж тычыцца палітычнай карысьці ад зьвестак, якія здабудуць беларускія выведнікі, то яны будуць асабліва карыснымі для беларускага рэжыму ў выпадку, калі ён канчаткова пойдзе на самаізаляцыю, лічыць Сяргей Аніська. Не выключае былы контарвыведнік і таго, што беларускія шпіёны пачнуць працаваць на ўсходнім накірунку, хаця ён ня думае, што там іх чакаюць вялікія посьпехі.

Прынамсі, Сяргей Аніська мяркуе, што ў Беларусі расейскія шпіёны даўно працуюць. Ён тлумачыць гэта неабходнасьцю абараняць сумесныя сакрэты, але не выключае, што з часам для расейскай шпіёнскай сеткі стануць больш цікавымі і непасрэдна беларускія ўнутраныя справы.
XS
SM
MD
LG