Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ЭТАП ЧАЧЭНСКАЙ ВАЙНЫ


Юры Дракахруст, Прага

“New York Times” нагадвае, што ўчорашні гелікоптэр быў пятым, зьбітым у Чачэніі за апошнія 10 тыдняў. Газэта нагадвае, што яшчэ зусім нядаўна прэзыдэнт Пуцін заяўляў, што вайна ў Чачэніі фактычна выйграная і што зараз задача ўраду палягае ў падтрыманьні міру. Аднак, – адзначае газэта, – нядаўні захоп закладнікаў у маскоўскім тэатры стаў аргумэнтам на карысьць працягу менавіта ваенных дзеяньняў.

Учора міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў заявіў пра адмену заплянаванага скарачэньня вайсковай групоўкі ў Чачэніі. Зараз, паводле розных ацэнак, яна налічвае 75-80 тысячаў вайскоўцаў. Міністар Іваноў папярэдзіў, што ў найбліжэйшы час можна чакаць новых нападаў у Чачэніі і за яе межамі, якія паспрабуюць зьдзейсьніць тэрарысты-самазабойцы, і абвесьціў пра новы этап апэрацыі ў Чачэніі:

(Іваноў: ) “Зь сёньняшняга дня войскі і аддзелы ўсіх сілавых структураў, што разьмешчаныя ў Чачэніі, ажыцьцяўляюць маштабныя і жорсткія, але разам з тым адрасныя апэрацыі дзеля прадухіленьня і зрыву тэрарыстычных пагрозаў у зародку”.

Гэтая заява міністра стала адказам на патрабаваньне прэзыдэнта Пуціна, што прагучала пасьля крызысу з закладнікамі, зьнішчаць тэрарыстаў, дзе б яны ні знаходзіліся.

У падцьвержаньне таго, што перасьцярогі міністра Іванова небезпадстаўныя, брытанская “Financial Times” прыводзіць заяву ўплывовага чачэнскага палявога камандзіра Шаміля Басаева. Ён быў адным з арганізатараў захопу закладнікаў у Маскве, зараз ён пагражае новымі нападамі.

“Financial Times” піша, што за апошнія месяцы было ўжо некалькі выпадкаў нападаў на расейскія аб’екты з боку чачэнскіх самагубцаў. Вымалёўваецца пэрспэктыва эскаляцыі нападаў у палестынскім стылі, – мяркуе газэта.

“New York Times” зьвяртае ўвагу на новую тактыку чачэнскіх паўстанцаў, якая прадугледжвае паляваньне за расейскімі ваенымі гелікоптэрамі. Выданьне спасылаецца на словы расейскага ваенага экспэрта Паўла Фэнгельгаўэра, паводле якога посьпехі расейскіх войскаў у змаганьні з паўстанцамі былі дасягнутыя менавіта дзякуючы паветранай падтрымцы. Новая тактыка паўстанцаў можа зьнівэляваць гэтую перавагу.

Пра тое, адкуль ў чачэнскіх паўстанцаў зьяўляюцца зэнітныя комплексы, распавядае супрацоўнік паўночнакаўкаскай службы нашага радыё Аслан Дукаеў:

(Дукаеў: ) “Наколькі мы ведаем, ракеты і іншае ўзбраеньне купляецца ў асноўным ў расейскага войска. Гэта – перасоўныя зэнітныя комплексы, якія стаяць на ўзбраеньні расейскага войска. У друку часьцей за ўсё фігуруе назва ПЗРК “Ігла”. Гэта вельмі эфэктыўнае ўзбраеньне, якое чачэнскія байцы мадыфікуюць. Купляецца яно ў самой Чачэніі. Значна лягчэй купіць зброю ў Чачэніі, чым прывесьці звонку”.

“Washington Post” цытуе словы расейскага ваеннага аналітыка Андрэя Піянткоўскага, паводле якога новы этап апэрацыі ў Чачэніі ёсьць працягам замкнёнага кола тэрору і адказаў на яго, якія спараджаюць яшчэ большы тэрор. “Як прэзыдэнт Джонсан ня мог скончыць Віетнамскую вайну, гэтак жа прэзыдэнт Пуцін ня можа скончыць чачэнскую вайну”, – мяркуе Піянткоўскі, і дадае: “Пуціну наканавана паўтараць адныя і тыя памылкі, пакуль ён будзе прэзыдэнтам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG